Купала і Колас — на замежнай мове

- 12:22Навіны рэгіёнаў

Нядаўна на базе гімназіі № 1 Жлобіна адбыўся VI Абласны адкрыты конкурс па замежных мовах сярод вучняў 6—7 класаў “Залатая ліра”.

Сёлета конкурс прысвячаўся Году роднай зямлі і яго тэмай стала “Радзіма. Родная старонка”.

У інтэлектуальным спаборніцтве прынялі ўдзел навучэнцы з Гомеля, Ельска, Веткі, Буда-Кашалёва, Рэчыцы, Добруша, Петрыкава, Светлагорска, Жлобіна — усяго было прадстаўлена 14 устаноў вобласці. Як звычайна, дзецям неабходна было прайсці 3 этапы: дэкламацыя твора на памяць, фанетычная кампетэнтнасць, непадрыхтаванае чытанне тэксту і выкананне творчага задання па ім.

— “Залатая ліра” дазваляе дзецям не толькі ўдасканаліць сваё веданне мовы, але і праявіць творчыя здольнасці, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Жлобіна Алена Качамірава. — Штогод удзельнікі і госці конкурсу назіраюць за тым, як на сцэне хлопчыкі і дзяўчынкі ўмела, задзірыста і прафесійна ўвасабляюць свае вобразы.

На гэты раз вучні ўражвалі журы пацешнымі дзіцячымі вершамі, выдатнай акцёрскай гульнёй, арыгінальнымі пастаноўкамі. Многія гледачы не змаглі стрымаць слёзы, калі Лізавета Ждан з Петрыкава пранікнёна чытала верш Святланы Алексіевіч “Апошнія сведкі”. Наогул, да выбару вершаў удзельнікі падышлі адказна. Зусім па-іншаму гучалі вядомыя творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Лермантава, С.Ясеніна, М.Цвятаевай, У.Высоцкага, М.Багдановіча на замежнай мове. А каманда са Светлагорска ўразіла гледачоў інсцэніроўкай твора ўласнага складання.

— У конкурсе па замежных мовах “Залатая ліра” я ўдзельнічаю другі раз, — дзеліцца ўражаннямі навучэнка 7 класа гімназіі № 1 Жлобіна Ніка Пікуліна. — Гэта сапраўдны гонар прымаць удзел у такім спаборніцтве. Пры чытанні верша я старалася выказаць свае пачуцці. Асабліва прыемна, што пераклад зрабіў выпускнік нашай гімназіі Раман Вараб’ёў. Дасягнуць высокіх вынікаў было нялёгка, бо ўсе ўдзельнікі паказалі добрае валоданне замежнай мовай і выдатнае вымаўленне. Мяне падтрымлівалі аднакласнікі і настаўнік нямецкай мовы А.І.Чубукова.

Дзяўчынка ўпэўнена, што вопыт удзелу ў такім конкурсе спатрэбіцца ёй у будучыні, паколькі яна плануе звязаць жыццё з нямецкай мовай. “Я раю ўсім паверыць у сябе і прымаць удзел у конкурсах, бо гэта стане пачаткам шляху да перамогі”, — дае параду сямікласніца Ніка.

Усе ўдзельнікі паказалі добрае валоданне замежнай мовай. Але ж гэта конкурс, і журы ўлічвала ўсё да дробязей, ацэньвала не толькі правільнасць чытання і вымаўлення, але і захаванне інтанацыі, выразнасць і эмацыянальнасць выканання, а таксама вырашэнне нестандартнай камунікатыўнай задачы. Так, пераможцамі былі прызнаны навучэнка гімназіі № 1 Жлобіна Настасся Петушэнка, Настасся Канавод з Ельскай раённай гімназіі і Таццяна Нінічук з гімназіі № 8 Жлобіна. Лепшым знаўцам фанетыкі прызнаны Мікіта Авяр’янаў з гімназіі № 1 Жлобіна, з выкананнем творчага задання 3 тура выдатна справілася Таццяна Андрусевіч з гімназіі № 8 Жлобіна. А лепшае прадстаўленне, на думку журы, паказала Ангеліна Рафальская з гімназіі № 10 Гомеля.

Канкурсантам былі ўручаны сертыфікаты і памятныя падарункі, а ўдзел у “Залатой ліры” стаў для тых, хто вырашыў звязаць сваё жыццё з замежнай мовай, адной з першых прыступак на шляху да вяршыні.

Наталля ЛУТЧАНКА.