Купала і Пушкін. Варыяцыі

Змястоўным і арыгінальным стаў пачатак новага года для народнай студыі выяўленчага мастацтва Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Светач” Савецкага раёна Мінска. Літаральна ў першыя дні 2020 года, падчас зімовых школьных канікул, у сталічнай Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы адкрылася мастацкая выстава выхаванцаў студыі “Купала і Пушкін. Варыяцыі”.

Параўнанне ці супастаўленне адных нацыянальных геніяў з геніямі іншых народаў — справа зусім не новая ў мастацтве, літаратуры, музыцы і зусім не новы даследчы метад пазнання культуры ў цэлым. І ў сувязі, напрыклад, з нашым нацыянальным геніем Янкам Купалам вядомы самыя розныя варыя­цыі: Купала і Міцкевіч, Купала і Шаўчэнка, Купала і Байран, Купала і Гётэ… Асацыя­цыя “Купала і Пушкін”, безумоўна, стаіць у гэтым шэрагу на першым месцы. Але гэта нам, дарослым, падаецца абсалютна натуральным гля­дзець і параўноўваць наша “наша ўсё” і яшчэ чыёсьці “наша ўсё”, шукаючы ў іх штосьці агульнае і адзначаючы штосьці вельмі рознае. А як яшчэ сямі- ці дзевяцігадоваму чалавеку разабрацца ў гэтым, зрабіць нават у пэўным сэнсе выбар? Купала ці Пушкін? Каго з іх урэшце лягчэй і бліжэй уявіць, візуалізаваць маленькаму чалавечку з алоўкам або пэндзлем у руцэ? Яшчэ, можа, нават і не чытаўшы. Прачытае абавязкова потым, калі ўжо маляваў-уяўляў гэтага чалавека.

А ідэя зрабіць такую выставу, як расказаў кіраўнік студыі Уладзімір Мікалаевіч Шчаўкун, прыйшла пасля таго, як аднойчы на занятках адзін з хлопчыкаў зрабіў невялікі парт­рэт Пушкіна ва ўвесь рост. “Гэта было настолькі арыгінальна, што я прапанаваў і іншым дзецям паспрабаваць пафантазіра­ваць на гэтую тэму, — адзна­чыў педагог. — А потым неяк сам сабой да кампаніі Аляксандра Сяргеевіча далучыўся і наш геній Янка Купала. Пушкін ішоў крыху лягчэй, можа, дзякуючы сваёй фактуры. Затое Купала атрымаўся ў дзяцей асаблівым! У гэтай своеасаблівасці дзіцячых прачытанняў, мне здаецца, і ўвесь сэнс гэтай выставы”.

На выставе дзіцячага малюнка “Купала і Пушкін” Пушкіна, сапраўды, крыху больш, чым Купалы. Але зусім крыху (у маштабе дробнай хібнасці). Галоўнае ж на самай справе ў тым, што дзецям па-свойму ўдалося зафіксаваць у Купалу — купалаўскае, а ў Пушкіне — пушкінскае. Задуменнасць і самоту аднаго і крыху такую гарэзлівасць другога. І, канечне, іх пазнавальныя з самага дзяцінства візуальныя фішкі, кшталту вусікаў і гальштука, кучарашак ды фрака з цыліндрам… У розных дзіцячых варыяцыях — аднолькава мілых і натуральных.

Зрэшты, слова “варыяцыі” ў назве выставы адсылае яшчэ да адной, магчыма, не менш важнай яе часткі, дзе выстаўлены два творы самога кіраўніка студыі і шэраг іх варыяцый у выкананні яго выхаванцаў. Гэтая ідэя, па словах Уладзіміра Мікалаевіча, таксама нара­дзілася спантанна падчас заняткаў. Ад зін хлопчык сам папрасіў “перамаляваць” свайго настаўніка, а ў выніку атрымалася, вядома ж, зусім не копія, а менавіта варыяцыя. У справу неўзабаве ўцягнуліся і іншыя дзеці, і ва ўсіх атрымаліся варыяцыі, а не паўторы. “Я нават свае работы стаў больш цаніць, па-іншаму на іх глядзець”, — ці то жартам, ці то ўсур’ёз гаворыць педагог.

Але ўсё насамрэч сур’ёзна, бо мастацтва спакон веку развіваецца толькі двума вядомымі спосабамі, супрацьлеглымі па сваёй сутнасці: асціната (паўтарэнне) і варыяцыя (змяненне). У народнай студыі выяў­ленчага мастацтва ЦДАДіМ “Светач” схіляюцца да другога.

Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.