Купалаўскі як нацыянальная каштоўнасць

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, ладзячы юбілейны сезон і рыхтуючыся адзначыць у верасні 100-годдзе з моманту заснавання, распачынае інфармацыйную кампанію, слоган якой — “Тэатральнае мастацтва — нацыянальная каштоўнасць краіны”.

Генеральны дырэктар Купа­лаўскага тэатра Павел Латушка на сустрэчы з журналістамі адзначыў, што ў юбі­лейны год яны падрыхтавалі 11 відэаролікаў і 4 рэкламныя банеры пра свой тэатр, якія будуць размешчаны на вуліцах Мінска і іншых гарадоў. “Нашы відэа­ролікі папулярызуюць тэатральнае мастацтва ў Беларусі і па-за яе межамі. Усе яны завяршаюцца словамі “100 гадоў разам”. Дарэчы, юбілей мы адзначым 14 верасня, — сказаў ён. — У адным з ролікаў я кажу: “Усе мы разам купалаўцы і ўсе мы разам ляцім да зор”. Тут я меў на ўвазе, што да купалаўцаў адносяцца ўсе тыя, хто працуе ў тэатры, і тыя, хто прыходзіць на нашы спектаклі, — наш шаноўны любіменькі родненькі глядач. Мы носім імя славутага Песняра Янкі Купалы, які марыў пра незалежную Беларусь, каб мы былі адным народам, шанавалі і любілі айчынную культуру і мову. Спадзяёмся, што ўсе мы разам будзем аб’яднаны пад гэтым словам — “купалаўцы”.

Відэаролікі і плакаты будуц­ь дэманстравацца на тэлеканалах, у электронных і друкаваных сродках масавай інфармацыі, сацыяльных сетках.

Па словах Паўла Паўлавіча, у юбілейны год купалаўцы ўзялі на сябе вялікі гонар і адказнасць расказаць пра тое, што нацыянальны тэатр з’яўляецца вялікім скарбам народа, і зрабіць тэатр адкрытым і блізкім для кожнага. “Бо менавіта праз тэатр, праз беларускую мову, якая гучыць у Купалаўскім кожны дзень, мы можам пазнаць і мінулае, і сучаснасць, і будучыню, — дадаў ён. — І менавіта ў сотым сезоне мы як ніколі адчулі, што Купалаўскі тэатр — сапраўды нацыянальны. Тым больш што ў канцы 2019 года наш легендарны спектакль “Паўлінка” быў унесены ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей Беларусі”.

Гендырэктар тэатра падкрэсліў, што работа па папулярызацыі Купалаўскага ў мінулым годзе прынесла свае вынікі: колькасць наведвальнікаў павялічылася, а запаўняльнасць залаў складае амаль 100%. “Больш за 100 тысяч наведвальнікаў пабывала ў Купалаўскім. Даходы павялічыліся на 130% у адносінах да 2018 года. За студзень і люты гэтага года на нашы спектаклі прададзена 98% білетаў”, — сказаў ён.

Спыняцца на дасягнутым у тэатры не збіраюцца і рыхту­юць шэраг цікавых мерапрыемстваў і праектаў. Так, сярод найбліжэйшых — фотапраект “Сто партрэтаў Купалаўскага” Максіма Карастылёва, прымеркаваны да Сусветнага дня тэатра, які будзе адзначацца 27 сакавіка. 6 чэрвеня запланаваны Дзень Купалаўскага тэатра ў Ратушы — вялікі гарадскі фестываль. У канцы чэрвеня плануецца паказаць спектакль “Кароль Лір” у Нясвіжы на вечарах Вялікага тэатра, а 11 ліпеня ў Вязынцы — легендарную “Паўлінку”. Творчы вечар, прысвечаны святкаванню юбілеяў, адбудзецца 14 верасня на галоўнай сцэне Купалаўскага. Унікальную пастаноўку рыхтуе мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін. Гледачы змогуць яе ўбачыць 15 і 16 верасня.

Акрамя таго, у гонар круглых дат рыхтуюцца да выдання кнігі пра Купалаўскі ў выдавецтве “Беларусь”: першы том пра 100-гадовую гісторыю тэатра, а другі — пра сцэнаграфію. “У гісторыі Купалаў­скага быў тэатральны музей, які мы плануем аднавіць. Ён будзе размешчаны побач з галоўным уваходам у вестыбюлі, — анансаваў Павел Латушка. — Не абыдзецца і без прэм’ер. Ужо 14 сакавіка прадставім гледачам пластычную пастаноўку без слоў “En souvenir de Шагал” пра жыццё выбітнага беларускага мастака-авангардыста. Прынамсі мы падрыхтавалі цізер як да спектакля пра Шагала, так і да “Караля Ліра”.

А Мікалай Пінігін паведаміў, што рыхтуецца спектакль “Тутэйшыя” Янкі Купалы, прэм’ера якога адбудзецца ў канцы чэрвеня. “Я адважыўся другі раз зрабіць гэтую пастаноўку. Упершыню “Тутэйшыя” выпусцілі ў 1990-х гадах, і спектакль стаў легендарным. Тады час вельмі спрыяў, бо пытанне незалежнасці было надзвычай актуальным, — патлумачыў ён. — Зараз я прыдумаў іншую форму і бу­дуць іншыя артысты. Новая пастаноўка будзе не падобнай да папярэдняй. Лічу, тэкст Купалы “Тутэйшыя” павінен гучаць на нашай сцэне. Для мяне гэта лепшая п’еса — самая сур’ёзная, грунтоўная і сучасная”. Вернецца ў тэатральны рэпертуар і спектакль “Не мой” у пастаноўцы Аляксандра Гарцуева, яго пакажуць ужо ў канцы красавіка — пачатку мая.

Купалаўцы шмат гастралю­юць па беларускіх гарадах, і кожны спектакль у рэгіёнах Беларусі аншлагавы, як і ў сталіцы. “27 лютага ў нас быў чарговы рэкорд — тры аншлагі ў адзін вечар. Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што адбыўся аншлагавы паказ пастаноўкі Мікалая Пінігіна Art, якую наведала 338 гледачоў, на сцэне Дома афіцэраў “Паўлінку” паглядзеў 651 чалавек і на камернай сцэне спектакль “Радзіва “Прудок” — 80. І ўсяго разам 1069 гледачоў наведала ў а­дзін вечар спектаклі Купалаўскага тэатра. Думаю, што гэта рэкорд для драматычных тэатраў нашай краіны. Мы гэтым ганарымся і ўдзячны нашай публіцы, якая імкнецца знаёміцца з нашай працай”, — падзяліўся навіной Павел Латушка.

Варта адзначыць, што тэатральнае мастацтва Купалаўскага запатрабаванае і па-за межамі Беларусі: у сотым сезоне былі паказаны спектаклі ў Літве, Польшчы, Францыі, Расіі. Хутка тэатралы адправяцца ў Даўгаўпілс, Варшаву, Люблін, Кіеў, Перм. Працягнецца тур і па Беларусі: 22—23 красавіка артысты завітаюць у Магілёў, у маі — у Барысаў, а ў верасні — у Брэст. Не прапусціце!

Вольга АНТОНЕНКАВА.