Купалаўскія чытанні на вуліцы Якуба Коласа

Купалаўскія чытанні прайшлі ў гімназіі Мазыра, якая носіць імя славутага беларускага песняра. Яны сабралі зацікаўленых юнакоў і дзяўчат з усіх школ Мазырскага раёна, а таксама гімназістаў з Лельчыцкай, Калінкавіцкай, Нараўлянскай і Ельскай гімназій.

Мазырская гімназія мае хоць і не працяглую, але даволі цікавую гісторыю. У пачатку мінулага стагоддзя гэта была звычайная сямігодка, у якой спасцігалі навуку палескія хлопчыкі і дзяўчынкі. Але ж палешукі — незвычайныя людзі, з асаблівым творчым натхненнем і цесна прырослыя душой да сваёй малой радзімы. Мабыць, менавіта гэта падштурхнула вучняў сямігодкі ў сярэдзіне 20-х гадоў мінулага стагоддзя звярнуцца да Янкі Купалы з просьбай дазволіць іх навучальнай установе насіць яго імя. І паэт згадзіўся. А праз паўтара дзясятка гадоў пачалася вайна. Гінулі людзі і рэчы. Быў разбураны і будынак мазырскай школы, дакументы былі загублены. У час пасляваеннага станаўлення пабудавалі новую школу, але пра тое, што яна насіла імя беларускага песняра, неяк забыліся. І толькі калі ў 1982 годзе выйшла ў свет кніга пад назвай “Пуцявінамі Я.Купалы”, настаўнікі мазырскай школы № 3 даведаліся, што некалі іх установа насіла імя паэта. Праз два гады школе было вернута імя класіка. Разам з гэтым дзякуючы намаганням настаўнікаў В.У.Грышко і Н.П.Протас, а таксама пры дапамозе супрацоўнікаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Я.Купалы на базе школы быў створаны музей песняра. Экспанаты музея зараз шырока выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе.
Сёння былая сямігадовая школа № 3 Мазыра з’яўляецца гімназіяй імя Я.Купалы. Цікава, што размяшчаецца яна па вуліцы Якуба Коласа — яшчэ аднаго класіка беларускай літаратуры.
— Такое сузор’е вядомых імёнаў і падштурхнула нас да задумы арганізаваць Купалаўскія чытанні, — тлумачыць дырэктар гімназіі М.М.Ранчынскі. — Сёлета яны прайшлі ўжо ў чацвёрты раз, а тое, што колькасць канкурсантаў штогод павялічваецца, сведчыць пра цікавасць і павагу падрастаючага пакалення да роднай мовы, літаратуры і культуры.
У гэтым годзе ўдзел у чытаннях прынялі больш за 200 навучэнцаў. Упершыню конкурс выйшаў за межы раёна, і прадставіць свае даследчыя работы былі запрошаны вучні ўстаноў адукацыі суседніх палескіх рэгіёнаў. Запрашэнне атрымала шырокі водгук як з боку настаўнікаў, так і з боку вучняў. Гэта вельмі парадавала арганізатараў, якія галоўнай мэтай конкурсу ставяць выхаванне ў падрастаючага пакалення нацыянальнай самасвядомасці, павышэнне цікавасці да беларускай мовы, культурнай спадчыны свайго народа, гісторыі і культуры роднай краіны, развіццё інтэлектуальнай і мастацкай творчасці, далучэнне навучэнцаў да даследчай дзейнасці.
Купалаўскія чытанні праходзілі ў некалькіх секцыях: “Культурная спадчына”, “Мой творчы радок”, “Святыня народа”, “Пейзажы ў творах беларускіх паэтаў і пісьменнікаў”. Спектр работ быў даволі разнастайны: даследаванні па мовазнаўстве, літаратуры, этнаграфіі, аўтарскія творы, сачыненні і малюнкі. Асаблівай папулярнасцю ў вучняў і іх настаўнікаў карыстаецца конкурс сачыненняў, апавяданняў, эсэ, вершаў, які праходзіць у рамках секцыі “Мой творчы радок”. У сёлетніх чытаннях зоркай гэтага конкурсу стаў дзесяцікласнік мазырскай гімназіі Уладзіслаў Кудрыцкі, які выступаў у ролі Купалы і нават даваў інтэрв’ю ад імя паэта. Таксама Уладзіслаў прачытаў верш уласнага сачынення, прысвечаны Купалу. Многім даспадобы і секцыя “Святыня народа”, дзе канкурсанты маюць магчымасць прадэманстраваць свой талент чытальнікаў вершаў ці празаічных урыўкаў.
Як паведаміў М.М.Ранчынскі, тэматыка творчых работ кожны год мяняецца з улікам прыярытэтнага напрамку. Так, у 2012 годзе тэматыка асобных секцый конкурсу прысвячалася 130-годдзю з дня нараджэння Купалы, у 2014 годзе — Году гасціннасці, а сёлета — Году моладзі.
Не абышлося і без эксперыментаў. IV Купалаўскія чытанні папоўніліся секцыяй інтэлектуальных гульняў, якая праводзілася ў два туры. У першым — “Медыяазбука” — вучням прапанавалі запісаць па-беларуску назвы прадметаў, прадстаўленых на экране, каб праверыць веданне лексікі беларускай мовы. Другі тур пад назвай “Свая гульня” ўяўляў сабой інтэлектуальнае спаборніцтва па беларускай літаратуры, мовазнаўстве, гісторыі і этнаграфіі Беларусі. На эксперымент адважыліся вучні з дзесяці навучальных устаноў. У лік пераможцаў выйшлі каманды Ельскай раённай гімназіі, мазырскіх сярэдніх школ №№ 15 і 14. У індывідуальных спаборніцтвах па іншых секцыях дыпломамі І, ІІ і ІІІ ступені былі ўзнагароджаны больш за 80 канкурсантаў.
— Вельмі прыемна было адчуваць, што юнакі і дзяўчаты шануюць беларускую мову. Яна натхняе іх на розныя творчыя ініцыятывы, — адзначыў старшыня журы прафесар, доктар філалагічных навук, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта В.В.Шур.
Па выніках чытанняў выдаецца зборнік творчых работ. Таму можна сказаць, што многія старанныя вучні ўжо ўвекавечылі сваё імя, бо, як вядома, тое, што напісана пяром… Не пакрыўдзяць арганізатары і юных мастакоў: па правілах конкурсу малюнкі застаюцца ў гімназічным музеі і выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе.

Наталля ЛУТЧАНКА.