Купалаўцы прымаюць першых абітурыентаў

Прыёмная кампанія стартавала ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.

Раніцай 20 ліпеня абітурыенты ўжо сабраліся каля аднаго з карпусоў універсі­тэта, дзе ў гэты дзень, як і па ўсёй краіне, прыёмная камісія пачала прымаць дакументы ад абітурыентаў.

Са словамі прывітання да будучых купалаўцаў звярнулася рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка:

— Кожны год, калі пашыраецца наша купалаўская сям’я, мы рады ўшаноўваць першых абітурыентаў, і гэта ўжо стала добрай традыцыяй. У першыя дні прыходзяць тыя, хто ўпэўнена выбраў наш універсітэт. Увесь калектыў — рэктарскі корпус, дэканы факультэтаў, выкладчыкі і супрацоўнікі — зробіць усё, каб выявіць, раскрыць і рэаліза­ваць патэнцыял кожнага студэнта. Спадзяюся, што ГрДУ імя Янкі Купалы стане ўніверсітэтам вашых магчымасцей.

У ліку першых свае дакументы ў прыёмную камісію падаў Анатоль Коўчык, выпускнік факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі. Малады чалавек атрымаў высокія балы на цэнтралізаваным тэсціраванні: 100 балаў па фізіцы, 95 — па рускай мове і 88 — па матэматыцы, таму ўпэўнены, што ў хуткім часе стане студэнтам. Ва ўстанове вышэйшай адукацыі, дзе вялікая ўвага ўдзяляецца спартыўным дасягненням і здароваму ладу жыцця, былі рады такой абітурыентцы, як Ірына Хадыкіна, майстар спорту па спартыўнай гімнастыцы, неаднаразовая чэмпіёнка Беларусі.

Купалаўскі ўніверсітэт прапаноўвае сённяшнім абітурыентам 4 новыя спецыяльнасці, з іх дзве— дзённай формы навучання: “Электрычны і аўтаномны транспарт” (факультэт інавацыйных тэхналогій машынабудавання) і “Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога” (педагагічны факультэт). Адным з першых на новую перспектыўную спецыяльнасць “Электрычны і аўтаномны транспарт” падаў дакументы выпускнік гімназіі № 1 Мастоў Павел ­Шчэкарэвіч.

Штогод ва ўніверсітэт паступаюць выпускнікі школ і гімназій, узнагароджаныя залатымі і сярэбранымі медалямі. Ужо вызначылася з будучай спецыяльнасцю “Электронны маркетынг” выпускніца Гро­дзенскай гарадской гімназіі Любоў Ягорава. Яна не толькі залатая медалістка, але і пераможца абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове, мае высокія вынікі ЦТ.

— Першы этап прыёмнай кампаніі — ЦТ — прайшоў у Гродзенскай вобласці без заўваг і без парушэнняў заканадаўства, — падкрэсліў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці старшыня Гро­дзенскай абласной камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Анатоль Дарожка. — Упэўнены, што і другі этап — прыём дакументаў для паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі, як і ў мінулыя гады, пройдзе на самым высокім узроўні. У нашай краіне створана стройная сістэма кантролю за арганізацыяй уступнай кампаніі, што дазваляе выключыць карупцыйныя праяўленні. У шэрагу ўстаноў адукацыі пройдуць унутраныя іспыты, за кожным з іх будуць сачыць спецыялісты з абласной камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Упэўнены, будуць забяспечаны роўныя ўмовы для ўсіх абітурыентаў.

У бягучым годзе толькі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы прыме 2300 студэнтаў, з іх 1095 — на бюджэтную форму навучання, што на 35 больш, чым у мінулым годзе.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.