Курорт для дашкольнікаў

Мама чатырох дзяцей Ніна Плехава рыхтуецца выйсці на работу ў новы дзіцячы садок, які цяпер знаходзіцца на тэрыторыі аздараўленчага лагера “Чонкаўскі бор”. Жанчына трымае на руках малодшага Мацвея, якому два з паловай. Гаворыць, што хлопчык будзе адным з першых выхаванцаў новай дзіцячай установы:

— Мне вельмі падабаецца тут усё. Думаю, Мацвею таксама спадабаецца. Выдатна, што вакол свежае паветра і прыгожая лясная прырода. Ад дома на маршрутцы дабірацца зручна — пяць прыпынкаў.

Улады Гомельшчыны прынялі нетрадыцыйнае рашэнне. У адным з карпусоў аздараўленчага лагера, што знахо­дзіцца паблізу абласнога цэнтра, правялі рэканструкцыю і стварылі ўсе ўмовы для дзетак. На будаўніцтва “Вясёлка-града” было выдаткавана Br1,5 млн. Падрадчыкам выступіў будаўнічы трэст № 14, работы праводзіліся пад кіраўніцтвам упраўлення капітальнага будаўніцтва Гомельскага раёна.

На цырымоніі адкрыцця калектыў дашкольнай установы атрымаў сертыфікат ад Гомельскага  аблвыканкама на набыццё  аўтобуса, ад Гомельскага райвыканкама — на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага райвыканкама Алена Кавалёва гаворыць, што ўстанову выпеставалі як дзіця — за дзевяць месяцаў:

Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў і старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей абмяркоўваюць планы пашырэння дашкольнай установы.

— Вось бачыце спальны корпус побач? Наш садок так раней выглядаў. Але ж падчас рэканструкцыі памяшканне было цалкам прыстасавана пад садок. У групах асобныя пакоі, дзе ёсць месца і для гульняў, і для адпачынку. Спартзала сумешчана з музычнай. І невялікая колькасць службовых памяшканняў. Абсталяванне тут усё вельмі сучаснае: дзякуючы таму, што знайшліся спонсары — мясцовыя прадпрыемствы. Яны купілі дывановыя пакрыцці і габарытнае абсталяванне для спартзалы: горкі, сенсорныя дарожкі, сухі басейн…

Мы выходзім на тэрыторыю пляцовак для гульняў — і вось тут адчуваюцца ўсе перавагі размяшчэння. Горад быццам зусім побач — некалькі кіламетраў. Але ж Чонкі — гэта ўжо курортная зона. Вакол хвоі, якія даюць найчысцейшае паветра і адчуванне поўнай бяспекі. Яго ўмацоўвае, дарэчы, сістэма відэаназірання. Будаўнікі жартуюць: камер па перыметры будынка ўсталявана больш, чым на банках.

На тэрыторыі Чонкаўскага сельсавета — амаль 470 дашкалят, а праектная магутнасць ужо існуючага садка — толькі 64 месцы. Пры гэтым ён перапоўнены — там цяпер 127 юных грамадзян. Многім бацькам даводзіцца адвозіць малых у дашкольныя ўстановы Гомеля. Між тым пасёлак Чонкі вельмі актыўна разрастаецца. Штогод уводзяцца ў строй новыя шматпавярховікі. Сёлета, між іншым, зноў пачнецца забудова. Таму ўвод сацыяльна значнага аб’екта на 65 месцаў быў проста неабходны. Старшыня Гомельскага райвыканкама Алена Алексіна выказвае ўдзячнасць усім, хто працаваў над рэалізацыяй гэтага праекта:

— Мы сталі адной вялікай дружнай камандай. Мы шмат спрачаліся, пераконвалі адно аднаго, уносілі новыя прапановы, часам абмяркоўвалі нават самыя дробныя дэталі. І ўрэшце нашы малышы атрымалі выдатны аб’ект для дзіцячай радасці. Пераканана, што прафесіяналізм нашых педагогаў дазволіць раскрыць здольнасці кожнага дзіцяці, якое прыйдзе ў новую ўстанову дашкольнай адукацыі.

Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Таццяна Абель разам з усімі радуецца, што новая ўстанова дашкольнай адукацыі напоўнілася вясёлымі дзіцячымі галасамі. Дарэчы, заслужаны аматарскі калектыў цырка імя В.Абеля, які яна ўзначальвае, таксама прыняў удзел у адкрыцці новай установы:

— Яслі-сад “Вясёлка-град” — сапраўды ўвасобленая мара, тут ёсць усё для таго, каб зрабіць дзяцінства шчаслівым і радасным.

Зараз садок вядзе набор двух-трохгадовых дзяцей. Старэйшыя наведваюць існуючую дашкольную ўстанову, а новы садок вырашае праблему бацькоў юных жыхароў Чонак часткова: цяпер больш за 150 мясцовых дзяцей наведваюць садкі ў Гомелі. Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей адзначае, што гэтая праблема будзе хутка вырашана:

— Чонкі — спадарожнік Гомеля. І, вядома, з часам тут будзе развівацца будаўніцтва жылля. Таму прынята рашэнне і далей рэканструіраваць будынкі, якія побач. На лета мы ўвядзём яшчэ два корпусы для дашкольнай установы  на 135 месцаў. Тут дзеці будуць адчуваць сябе ўтульна і камфортна. Сёлета мы прынялі рашэнне павялічыць фінансаванне на сацыяльныя аб’екты. 12 такіх аб’ектаў увядзём у гэтым годзе. Сярод іх будаўніцтва школы ў 21-м мікрараёне Гомеля. Таксама адкрыем аб’екты спартыўнай сферы — завяршаецца рэканструкцыя двух басейнаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.