Японія не можа адмовіцца ад атамнай энергіі, таму што павінна ўдзяляць увагу праблеме змянення клімату і гарантаваць стабільнасць энергазабеспячэння, заявіў прэм’ер-міністр краіны Сіндзо Абэ.
Урад Японіі і надалей будзе аднаўляць работу атамных электрастанцый у адпаведнасці са строгімі патрабаваннямі бяспекі, заявіў у чацвер на прэс-канферэнцыі прэм’ер-міністр краіны Сіндзо Абэ. Напярэдадні суд у Японіі загадаў спыніць работу 3-га рэактара і не аднаўляць 4-ы рэактар на АЭС “Такахама” ў прэфектуры Фукуі з-за боязі мясцовых жыхароў за бяспеку. Рэактар нумар тры, як чакаецца, будзе спынены ў чацвер увечары.
“Курс на аднаўленне работы (АЭС) застаецца нязменным”, — сказаў Абэ. Па яго словах, гэта будзе рабіцца “ў адпаведнасці з самымі строгімі ў свеце новымі стандартамі”.
“Мы не можам адмовіцца ад атамнай энергіі, паколькі павінны ўдзяляць увагу праблеме змянення клімату і гарантаваць стабільнасць энергазабеспячэння”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.
Яго прэс-канферэнцыя была прымеркавана да пятай гадавіны землетрасення 2011 года на паўночным усходзе Японіі.
Гэтая краіна знаходзіцца ў зоне павышанай сейсмічнай актыўнасці. У час землетрасення з магнітудай 7,2 у горадзе Кобэ ў 1995 годзе загінула больш за шэсць тысяч чалавек.
У сакавіку 2011 года пасля землетрасення, магнітуда якога склала 9,0 па шкале Рыхтэра, гіганцкая хваля вышынёй 15 метраў абрушылася на АЭС у Фукусіме, выклікаўшы найбуйнейшую атамную аварыю пасля трагедыі ў Чарнобыле. У выніку разбурэнняў і цунамі загінулі і прапалі без вестак каля 20 тысяч чалавек.