Курс на аграрны: БДАТУ запрашае абітурыентаў

- 12:46Абитуриент, Образование, Приложение

На адзін дзень зазірнуць у свет студэнцтва прапанаваў сваім абітурыентам Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Днямі ў галоўным корпусе БДАТУ яблыку не было дзе ўпасці — школьнікі прыходзілі цэлымі кампаніямі, з сябрамі і бацькамі. Яно і зразумела: універсітэт карыстаецца папулярнасцю — спецыяльнасці, якім тут вучаць, у наш час запатрабаваныя. А разбірацца ў сельскай гаспадарцы і эканоміцы ўжо не проста модна, а неабходна. Усе, хто прыйшоў у гэты дзень ва ўніверсітэт, атрымалі максімум інфармацыі пра кожны з 5 факультэтаў, умовы паступлення і асаблівасці навучання.

Мэтай дня адкрытых дзвярэй было не толькі расказаць пра спецыяльнасці, але і азнаёміць школьнікаў з установай адукацыі ў цэлым, расказаць, чаму тут вучыцца прэстыжна. Адным словам, паказаць імідж універсітэта і даць абітурыентам адчуць яго асаблівы дух хаця б на адзін дзень. Будучых студэнтаў правялі па ўніверсітэцкіх аўдыторыях, паказалі музей, вучэбную лабараторыю, студэнцкі інтэрнат, спартыўную залу, дарэчы, абсталяваную для заняткаў тайскім боксам, маладзёжны цэнтр, выставачны павільён.

Вядома, першае і галоўнае, што цікавіць нашых абітурыентаў, гэта ўмовы паступ­лення, — адзначыла дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафесійнай арыентацыі мола­дзі адказны сакратар прыёмнай камісіі Карына Гаркуша. — А таксама льготы, якія для гэтага прадугледжаны. Так, без уступных выпрабаванняў у гэтым годзе да нас можна паступіць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Таксама без экзаменаў нашымі студэнтамі мо­гуць стаць пераможцы міжнародных алімпіяд і рэспубліканскай алімпіяды гэтага навучальнага года па прадметах уступных іспытаў, лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, а яшчэ тыя, хто збярэцца паступаць на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці (іх спіс ёсць на нашым сайце). Абітурыенты, якія паступаюць на спецыяльнасць “Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей” і з’яўляюцца выпускнікамі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, таксама ста­нуць студэнтамі без уступных іспытаў. Пэўныя льготы традыцыйна ў нас існуюць і для абітурыентаў, якія праходзілі ваенную службу, для дзяцей-сірот і іншых асоб.

Яшчэ адно пытанне, якое сёння часта гучыць ад тых, хто вырашыў стаць аграрыем: ці можна пасту­піць у БДАТУ без сертыфікатаў ЦЭ ці ЦТ?

Так, можна, — паведаміла Карына Эдуардаўна. — Для гэтага прадугледжаны ўнутраныя пісьмо­выя экзамены на большасць спецыяльнасцей пры паступленні па мэтавым накіраванні. Пісьмовыя экзамены чакаюць і тых абіту­рыентаў, якія паступаюць на скарочаную форму атрымання вышэйшай адукацыі. Стараемся як мага больш зацікавіць нашых будучых студэнтаў, бо ў апошнія гады конкурс у наш універсітэт крыху знізіўся, таму праводзім розныя мерапрыемствы. Спрабуем новыя метады прафарыентацыі. Сёння, напрыклад, да нас прыехалі на экскурсію сямікласнікі са Шчомысліцкай сярэдняй школы.

Я ўжо скончыў наш аграрны ўніверсітэт і прыйшоў падтрымаць тых, хто толькі прымае рашэнне, а таксама прывёў сваю дзяўчыну Яну. Яна абітурыент і зараз старанна рыхтуецца да паступлення на спецыяльнасць “Менеджмент” факультэта прадпрымальніцтва і кіравання, — расказаў выпускнік БДАТУ Фёдар Жалабковіч. — Мы прыехалі са Жлобіна. Я вучыўся на аграмеханічным факультэце, мне вельмі падабалася, было шмат практыкі. Тут добрая матэрыяльная база. Увогуле, сумаваць не было часу.

Дарэчы, адзін з выпускнікоў БДАТУ — майстар спорту міжнароднага класа Міхаіл Пракапенка, пра якога тут заўсёды расказва­юць абітурыентам. Ён скончыў школу алімпійскага рэзерву, актыўна займаўся спортам, ва ўсім быў выдатнікам і мог выбраць любую УВА, але паступіў менавіта сюды, на факультэт прадпрымальніцтва і кіравання.

Абітурыент Кірыл Пучкоў прыехаў са Слуцка разам з бацькамі, каб запісацца на падрыхтоўчыя курсы. Гаворыць, што ўжо даўно вызначыўся — пойдзе на спецыяльнасць “Энергетычнае забеспячэнне сельскай гаспадаркі” аграэнергетычнага факультэта.

Зараз я заканчваю Слуцкі прафесійна-тэхнічны каледж пераапрацоўчай прамысловасці па падобнай спецыяльнасці, — дадаў юнак. — Спадзяюся, гэта дапаможа мне пры паступленні. Да таго ж мой дзядзька, які вучыўся тут, стаў для мяне добрым прыкладам. Пасля ўніверсітэта планую стаць энергетыкам.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара

Чытайце матэрыялы дадатку “Абітурыент” да “Настаўніцкай газеты” ў нумары ад 31 сакавіка 2023 года.