Курс на рэалізацыю адукацыйных стратэгій

- 11:02Апошнія запісы, Рознае, Суразмоўца

Бег часу не спыніць. Незаўважна падышло да канца лета, каляндар адлічвае апошнія дні жніўня. Для сферы адукацыі гэтая пара асабліва напружаная; акрамя падрыхтоўкі школ да блізкага ўжо Дня ведаў, канец жніўня традыцыйна з’яўляецца часам для падвядзення вынікаў мінулага навучальнага года і вызначэння прыярытэтаў, “настрою” на будучы. Якім гэты год стаў для адукацыйнага асяроддзя Магілёўшчыны? Напярэдадні маючай адбыцца жнівеньскай канферэнцыі з гэтым пытаннем карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” звярнулася да начальніка ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра РЫЖКОВА.

— Уладзімір Уладзіміравіч, пытанне, якое сёння цікавіць не толькі педагагічную грамадскасць, але таксама бацькоў і дзяцей, — гэта падрыхтоўка школ да новага навучальнага года. Якая сітуацыя складваецца ў гэтым кірунку, ці гатовы ўстановы адукацыі да прыходу навучэнцаў?
— Яшчэ прыступаючы да ходу рамонтных работ ва ўстановах адукацыі, перад усімі дырэктарамі была пастаўлена задача завяршыць рамонты і атрымаць пашпарты гатоўнасці сваіх навучальных устаноў да 20 жніўня. Гэтая задача была выканана. Паспрыяла яе выкананню своечасовае фінансаванне. Толькі з абласнога бюджэту на падрыхтоўку навучальных устаноў было выдзелена звыш 111 мільярдаў рублёў. Усе гэтыя сродкі былі задзейнічаны на рамонт школ і школ-інтэрнатаў, дзіцячых садкоў, уста-ноў прафесійна-тэхнічнай і дадатковай адукацыі, у якіх быў праведзены касметычны рамонт, заменены і адрамантаваны дах, абноўлена мэбля і вучэбнае абсталяванне. Выдзеленыя сродкі пайшлі таксама на выкананне планавых мерапрыемстваў, накіраваных на бяспеку дзяцей, падрыхтоўку да асенне-зімовага перыяду, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў, сталовых і спартыўных залаў.
Своечасовасць фінансавання і выканання запланаваных работ, якія ўвесь час курыравалі спецыялісты мясцовых аддзелаў адукацыі, далі свае вынікі. На сённяшні дзень амаль усе агульнаадукацыйныя ўстановы вобласці цалкам гатовы прыняць навучэнцаў.

— А колькі вучняў сядзе ў новым навучальным годзе за парты?
— Кантынгент навучэнцаў складае 106 тысяч дзяцей. Першакласнікаў будзе каля 11,5 тысячы — больш, чым у мінулым навучальным годзе, што гаворыць аб выраўноўванні дэмаграфічнай сітуацыі ў вобласці.
Свае дзверы для вучняў расчыняць 387 агульнаадукацыйных устаноў. Многія з іх сустрэнуць навучэнцаў значна абноўленымі, бо ў 46 школах зроблены капітальны рамонт. А вось у некаторых установах школьны званок ужо не празвініць. Я маю на ўвазе 17 малакамплектных сельскіх школ, якія сёлета былі аптымізаваны. У асобна ўзятых такіх школах колькасць настаўнікаў была параўнальна з колькасцю навучэнцаў. Падобны паказчык вядзе да нерацыянальнага выкарыстання бюджэтных сродкаў і вялікіх выдаткаў з боку дзяржавы. Менавіта таму працэс аптымізацыі сёння актуальны і для нашай вобласці, і для рэспублікі ў цэлым.
Аднак ні педагогам закрытых школ, ні бацькам вучняў, якія іх наведвалі, непакоіцца няма чаго. Педагогам у такіх выпадках прапануюцца розныя варыянты працаўладкавання, а для навучэнцаў арганізоўваецца падвоз у найбліжэйшыя школы. Дарэчы, гэтае пытанне ўвесь час трымаецца на асаблівым кантролі, а аўтобусны парк пастаянна пашыраецца і абнаўляецца. Так, толькі ў гэтым годзе ў раёны вобласці паступіць сорак новых машын.

— Добра вучыцца можна толькі добра адпачыўшы. Летнія канікулы традыцыйна з’яўляюцца перыядам аздараўленчай кампаніі. Як яна прайшла на Магілёўшчыне?
— Я цалкам згодны з тым, што паспяховасць навучання ў школе вызначаецца станам здароўя навучэнцаў, а лета — гэта менавіта тая доўгачаканая пара, якая дазваляе не толькі захаваць, але і ўмацаваць здароўе дзяцей, прыносіць добры настрой і зарад бадзёрасці на новы навучальны год. Гэта час развіцця творчага патэнцыялу школьнікаў, удасканалення іх асобасных магчымасцей, перыяд значнага пашырэння практычнага вопыту, фарміравання новых уменняў і здольнасцей. І для гэтага ў нас былі створаны ўсе неабходныя ўмовы.
У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі на тэрыторыі вобласці функцыянавала 635 аздараўленчых лагераў. Хлопчыкаў і дзяўчынак прымалі 122 лагеры з кругласутачным знаходжаннем і 513 — з дзённым, дзякуючы чаму сіл для новых дасягненняў у новым навучальным годзе набраліся 100% ад запланаванай колькасці дзяцей. Іншымі словамі, за тры змены ў Магілёўскай вобласці ў летніх лагерах рознага профілю аздаравілася звыш 42 тысяч дзяцей. У іх ліку 789 дзяцей-інвалідаў, 1668 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
Аздараўленчымі мерапрыемствамі максімальна ахапілі таксама дзяцей і падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх, унутрышкольным кантролі, тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Для іх пры падтрымцы структурных падраздзяленняў Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь арганізавалі работу лагераў ваенна-патрыятычнага, абаронна-спартыўнага профілю. Не толькі ўмацаванню здароўя дзяцей, фарміраванню і развіццю іх творчых здольнасцей, але і прафесійнай арыентацыі спрыяла дзейнасць перасовачных профільных палатачных лагераў у Быхаўскім, Дрыбінскім, Чавускім, Чэрыкаўскім, Касцюковіцкім, Крычаўскім раёнах. У аздараўленчых лагерах працы і адпачынку падлеткі ва ўзросце 14—18 гадоў займаліся рамонтам школьнай мэблі, добраўпарадкаваннем тэрыторый.
Акрамя таго, 829 дзяцей і падлеткаў, якія пражываюць і вучацца ва ўстановах адукацыі на тэрыторыі радыеактыўнага забруджання, за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў складзе арганізаваных груп прайшлі лячэнне ў санаторна-курортных арганізацыях Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай абласцей. Звыш ста дзяцей аздаравіліся ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”.

— Пакуль школьнікі малодшага і сярэдняга звяна набіраліся сіл перад новым навучальным годам, выпускнікоў чакала ўступная кампанія.
— Так. І хочацца адзначыць, што сёлета яна прайшла даволі паспяхова. Вядома, узнікалі пэўныя цяжкасці, але, дзякуючы дадатковаму набору, сур’ёзных недабораў у ВНУ не назіраецца.
У некаторай ступені вобласць палепшыла і паказчыкі па выніках ЦТ. Ды і ў цэлым тэсціраванне прайшло на Магілёўшчыне арганізавана і спакойна. Агульная колькасць зарэгістраваных чалавека-тэстаў у гэтым годзе склала 11 576. Толькі 2 абітурыенты ад гэтай колькасці былі адхілены ад праходжання выпрабаванняў з-за выкарыстання мабільных тэлефонаў і 1 — па стане здароўя. Вынікі, якія паказалі магілёўскія выпускнікі, у прынцыпе, нядрэнныя. Аналіз сёлетніх вынікаў тэсціравання ў параўнанні з мінулым годам паказвае, што выпускнікі агульнаадукацыйных устаноў вобласці крыху палепшылі свае паказчыкі па сусветнай гісторыі, рускай мове, фізіцы, хіміі, біялогіі, гісторыі Беларусі. Аднак разам з тым знізілі ўзровень ведаў па матэматыцы, беларускай мове, грамадазнаўстве.
Былі і такія навучэнцы, якія паказалі максімальны вынік, што сведчыць аб моцных ведах школьнай праграмы. Сем абітурыентаў здалі цэнтралізаванае тэсціраванне на 100 балаў. Добрыя вынікі ЦТ прадэманстравалі выпускнікі агульнаадукацыйных устаноў Бабруйска і Магілёва, Глускага, Клімавіцкага, Крычаўскага раёнаў. Стабільна высокія балы практычна па ўсіх прадметах ЦТ набралі выпускнікі Магілёўскіх дзяржаўных абласных ліцэяў №№ 1, 3, гімназій Магілёва і Бабруйска.
Аднак гэта толькі кропля ў моры. Праблем у гэтым напрамку дзейнасці хапае, таму ў будучым навучальным годзе найважнейшай задачай педагагічных калектываў вобласці павінна стаць якасная агульнаадукацыйная падрыхтоўка навучэнцаў.

— З ВНУ ўсё зразумела, яны заўсёды карысталіся большай папулярнасцю ў выпускнікоў. А як ідуць справы з абітурыентамі ва ўстановах ПТА і ССА?
— Сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі Магілёўскай вобласці дынамічна развіваецца. Ва ўстановах гэтага профілю ўдасканальваецца матэрыяльна-тэхнічная база, павышаецца прафесійная кампетэнтнасць педагогаў, адкрываюцца новыя спецыяльнасці. Напрыклад, толькі ў гэтым годзе з улікам патрэб работадаўцаў у галіне праходзіў набор на тры новыя спецыяльнасці. У Магілёўскім політэхнічным каледжы ажыццяўлялі набор на спецыяльнасць “Мехатронік”, у Магілёўскім агралесатэхнічным каледжы — “Наладчык аўтаматызаванага тэхналагічнага абсталявання ў жывёлагадоўлі”, у Бабруйскім дзяржаўным каледжы імя А.Я.Ларына — “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”.
Такое абнаўленне прапанаваных для навучання спецыяльнасцей праходзіць кожны год, што дазваляе ўстановам такога тыпу быць запатрабаванымі ў моладзі. У сувязі з гэтым і планы набору навучэнцаў сёлета павінны выканаць практычна ўсе прафтэхустановы рэгіёна. На навучанне ў іх паступіць 2887 выпускнікоў школ на аснове агульнай базавай адукацыі, 1192 выпускнікі з агульнай сярэдняй адукацыяй і 120 маладых людзей, якія атрымалі спецыяльную адукацыю.

— Уладзімір Уладзіміравіч, а якая сітуацыя назіраецца па вобласці ў сферы дашкольнай адукацыі?
— У Магілёўскай вобласці на цяперашні момант функцыянуюць 522 установы, якія рэалізуюць адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі, з колькасцю выхаванцаў больш як сорак дзве тысячы дзяцей, што складае 72 працэнты ад пражываючых. Забяспечанасць малых месцамі ва ўстановах дашкольнага тыпу складае на сёння звыш ста працэнтаў.
Зняццю вастрыні дэфіцыту месцаў у дашкольных установах па месцы жыхарства спрыяе будаўніцтва дзіцячых садоў у новых жылых мікрараёнах Магілёва і Бабруйска. Сетка дашкольных устаноў у гэтых гарадах сёлета павялічылася, чаму папярэднічала перадача і ліквідацыя ўстаноў абласнога падпарадкавання: спецыяльнага ясляў-сада Бабруйска і Магілёўскага дзіцячага дома № 1. Праведзена работа па эфектыўным выкарыстанні будынкаў і збудаванняў, якія эксплуатуюцца не па прызначэнні, з мэтай вяртання іх у сетку дашкольнай адукацыі. Так, аднавіла работу дашкольная ўстанова № 2 Горак з праектнай магутнасцю 70 месцаў.
Існуючыя віды дашкольных устаноў рэгіёна забяспечваюць і варыятыўнасць адукацыйнага працэсу, арыентаваную на індывідуальнасць дзіцяці і запыты яго бацькоў. На вырашэнне гэтых задач накіравана актыўнае ўкараненне новых форм. За мінулы год адкрыты прыватны дзіцячы сад у Бабруйску, яшчэ адна група — у прыватнай дашкольнай установе “Умка-клас” Магілёва.
Дасягнутыя станоўчыя вынікі ў дашкольнай адукацыі аб’яднаны адным важным крытэрыем — якасцю. Комплексны падыход у стварэнні ўмоў для выхавання дзяцей дазваляе захоўваць даступнасць дашкольных устаноў, цалкам выконваючы сацыяльны заказ сям’і і дзяржавы на дашкольную адукацыю.

— Установы адукацыі вобласці актыўна развіваюцца, перыядычна ўводзяцца ў эксплуатацыю новыя навучальныя ўстановы. У сувязі з гэтым напрошваецца пытанне аб забяспечанасці сістэмы адукацыі вобласці кадрамі.
— Сітуацыя з кадрамі ў апошнія гады стабілізавалася. Забяспечанасць навучальных устаноў вобласці педагогамі складае амаль сто працэнтаў. Практычна ўсе нашы настаўнікі маюць вышэйшую адукацыю, а звыш 70 працэнтаў з іх — вышэйшую або першую кваліфікацыйную катэгорыю.
Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, кадравыя праблемы сёння па-ранейшаму актуальныя. У нас не хапае настаўнікаў працоўнага навучання, матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі. Выхад з гэтай сітуацыі мы бачым у актыўнай прафарыентацыйнай рабоце сярод выпускнікоў. Зразумела, што ніхто нам гатовых настаўнікаў не дасць. Мы павінны выявіць і вырасціць іх самі. Шмат увагі ў гэтым пытанні мы ўдзяляем таксама прыцягненню і замацаванню ў галіне маладых спецыялістаў. Сёлета ў педагагічныя калектывы вобласці ўвальюцца 547 маладых настаўнікаў, і мы плануем прыкласці ўсе намаганні, каб пасля заканчэння тэрміну размеркавання яны засталіся ў сістэме адукацыі Магілёўшчыны.

— Галоўны паказчык работы настаўніка — паспяховы вучань. Якімі вынікамі магілёўскія школьнікі і педагогі могуць ганарыцца сёння?
— Асноўны напрамак работы сістэмы адукацыі — павышэнне якаснага складніка навучання. Апошнія гады ў вобласці назіраецца станоўчая дынаміка ў гэтым напрамку. На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах магілёўскія школьнікі заваявалі 82 прызавыя дыпломы. Каманды па працоўным навучанні, іспанскай мове, матэматыцы, біялогіі, астраноміі, геаграфіі — у ліку лідараў алімпіяднага першынства. Акрамя таго, у скарбонцы ўзнагарод юных магіляўчан два бронзавыя медалі з міжнародных алімпіяд па біялогіі і навуках аб Зямлі. Значнае дасягненне — першае агульнакаманднае месца на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы па рускай мове і літаратуры.
Натуральна, што для таленавітай моладзі ствараюцца і адпаведныя ўмовы ў рэалізацыі яе творчага патэнцыялу. На працягу пяці гадоў штогадовай прэміяй аблвыканкама ўзнагароджваюцца пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, спецыяльнай прэміяй аблвыканкама ў сацыяльнай сферы адзначаюцца вучні, студэнты і маладыя педагогі, якія дасягнулі высокіх вынікаў у вучобе і працы. Заахвочваюцца і юныя спартсмены рэгіёна — пераможцы і прызёры спаборніцтваў і спартакіяд. Вядома, што пры ўзнагароджванні таленавітых дзяцей не забываюцца таксама педагогі і трэнеры, якія іх падрыхтавалі.

— Што ж, поспехі значныя. А якія меры будуць прымацца для далейшага развіцця сферы адукацыі Магілёўшчыны?
— Расходы на адукацыю разглядаюцца дзяржавай як інвестыцыі ў будучыню. Рэсурсы ў сферу адукацыі ўкладваюцца вялікія, таму развіццё сістэмы адукацыі вобласці будзе накіравана непасрэдна на дасягненне тых вынікаў, якія чакае ўбачыць ад нас грамадства. Мы пастараемся і ў далейшым мэтанакіравана ісці да максімальнай якасці адукацыі, а таксама рэалізацыі ўсіх даведзеных адукацыйных стратэгій.

Гутарыла Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.