Курс на якасную сучасную адукацыю

Віцебская абласная канферэнцыя работнікаў адукацыі і навукі 25 жніўня аб’яднала больш за 2 тысячы прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці. У традыцыйным жнівеньскім форуме прынялі ўдзел старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь рэктар Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта Анатоль Шчасны, кіраўнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкама, гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў Віцебска, аддзелаў і ўпраўленняў па адукацыі, устаноў адукацыі ўсіх узроўняў, метадысты, педагогі, прафсаюзныя лідары.

За шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі, высокі прафесіяналізм, асаблівы ўклад у падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь узнагароджаны дырэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Аляксандр Ласякін.

На парадку дня — вынікі работы за мінулы і задачы на новы навучальны год, актуальныя тэндэнцыі сучаснай адукацыі ў кантэксце развіцця рэгіянальнай сістэмы. Традыцыйная сустрэча напярэдадні 1 верасня ўпершыню была арганізавана ў рэжыме відэаканферэнцыі, каб максімальна пашырыць колькасць удзельнікаў знакавай для вобласці падзеі.

— У новым навучальным годзе прыярытэтнымі застаюцца задачы павышэння якасці адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі, развіцця кадравага патэнцыялу, выбудоўвання эканамічна апраўданай сеткі ўстаноў, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, стварэння аптымальных умоў для навучання, выхавання, актыўнага адпачынку дзяцей і падлеткаў, іх прафесійнай арыентацыі, — задаў тон размове начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома. — Курс на якасную сучасную адукацыю будзе працягнуты.

Папярэдні навучальны год быў няпросты. Дзмітрый Леанідавіч асобна выказаў падзяку педагагічнай грамадскасці вобласці за кансалідацыю намаганняў і зладжаную работу, у тым ліку ў перыяд пандэміі каранавіруса, якая для ўсіх стала праверкай на трываласць і прафесіяналізм. У дакла­дзе кіраўнік рэгіянальнай сістэмы адукацыі падрабязна прааналізаваў яе дзейнасць, найбольш значныя дасягненні на ўсіх узроў­нях і праблемныя моманты, акрэсліў асноўныя мэты на перспектыву. Так, у дашкольнай адукацыі дасягнуты мэтавыя паказчыкі дзяржаўнай праграмы, выкананы ўстаноўленыя дзяржавай стандарты па забеспячэнні дзяцей месцамі і ахопе дзяцей пяцігадовага ўзросту падрыхтоўкай да школы. Паказчык дзіцячай захваральнасці, выпадкі траўматызму маюць устойлівую тэндэнцыю да зніжэння. Лепш за ўсіх у гэтым напрамку працуюць Браслаўскі, Гарадоцкі, Докшыцкі, Дубровенскі і Сенненскі раёны. Адукацыю па профілі “Педагогіка дзяцінства” маюць 68 працэнтаў выхавальнікаў, з іх 55 працэнтаў — з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Па выніках мінулага года яслі-сад № 111 Першамайскага раёна Віцебска прызнаны лепшай уста­новай дашкольнай адукацыі ў краіне. На ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі развіваецца профільнае навучанне, функцыянуюць класы, групы педагагічнай і аграрнай накіраванасці, удасканальваецца арганізацыя прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў з улікам запатрабаванасці спецыяльнасцей у сферы эканомікі. Абласны выканаўчы камітэт і Савет дэпутатаў аказва­юць сур’ёзную матэрыяльную падтрымку ўстановам адукацыі, якія эфектыўна працуюць і дасягнулі высокіх поспехаў. Толькі сёлета на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы такіх уста­ноў было накіравана 250 тысяч рублёў. Традыцыйна пераможцам рэспубліканскай і міжнародных алімпіяд па вучэбных прадметах, педагогам, якія іх падрыхтавалі, прысуджаюцца прэміі аблвыканкама. Сёлета імі адзначаны 36 навучэнцаў і 31 настаўнік. У пытаннях павышэння якасці адукацыі вядучую ролю адыгрываюць рэгіянальныя УВА, вучэбна-метадычныя кабінеты, абласны інстытут развіцця адукацыі. У мінулым навучальным годзе структура гэтай установы была пераўтворана і на яе базе адкрыты STEM-клас для навучання педагогаў і прасоўвання STEM-адукацыі ў рэгіёны.

Ганаровай граматай Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў адзначана дырэктар гімназіі № 7 Віцебска Святлана Дарошчанка.

— Вынікі ёсць тады, калі выбудавана сістэма работы, — адзначыў Дзмітрый Хома. — Мы комплексна і мэтанакіравана працавалі над павышэннем вынікаў удзелу ў рэспубліканскай і міжнародных алімпіядах па вучэбных прадметах. У мінулым навучальным годзе нашы дзеці заваявалі 12 медалёў міжнародных алімпіяд. Пераможцаў падрыхтавалі Сяргей Крывенка, Аляксандр Шугаль і Святлана Матросава (гімназія № 2 Віцебска), Наталля Шчаглова (сярэдняя школа № 31 Віцебска), Міхаіл Волкаў (гімназія № 8 Віцебска), Руслан Шклейнік (гімназія № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава). На рахунку навучэнцаў Веранікі Лакціной з гімназій №№ 1,2 і 8 Віцебска — чатыры медалі. Каманда вобласці паспяхова выступіла на заключным этапе алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”, атрымана 5 дыпломаў і 2-е агульнакаманднае месца. З заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах нашы адзінаццацікласнікі (прычым не толькі віцябляне, але і прадстаўнікі Полацкага, Лепельскага, Лёзненскага, Аршанскага, Ушацкага раёнаў і Наваполацка) вярнуліся з 34 дыпломамі. Гэта 46 працэнтаў ад агульнай колькасці ўдзельнікаў і найлепшы вынік за апошнія гады.

Ва ўстановах, што забяспечваюць атрыманне спецыяльнай адукацыі і карэкцыйнай педагагічнай дапамогі, рэалізуецца рэспубліканскі эксперымент па інклюзіўнай адукацыі, праводзіцца паслядоўная работа па павелічэнні ўдзелу ў жыцці школы дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і памяншэнні ступені іх ізаляцыі. Практыка Лепеля па пераходзе дзяцей з цяжкімі множнымі парушэннямі развіцця з цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ў аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва была прадстаўлена рэспубліканскай міжведамаснай рабочай групе па выпрацоўцы адзіных скаардынаваных падыходаў па пытаннях сацыялізацыі  інвалідаў і атрымала высокую ацэнку. Падрыхтоўку практыка-арыентаваных рабочых і спецыялістаў для інавацыйных галін эканомікі ў Віцебскай вобласці забяспечваюць 6 устаноў вышэйшай, 27 сярэдняй спецыяльнай, 12 прафесійна-тэхнічнай і 2 агульнай сярэдняй адукацыі.

— Павысіць кадравы патэнцыял магчыма, толькі комплексна вырашаючы пытанні доўгатэрміновага аб’ектыўнага прагнозу патрэбы ў кадрах, сістэмна праводзячы прафарыентацыйную работу, загадзя рыхтуючы рабочых і асабліва спецыялістаў для новых вытворчасцей, аператыўна задавольваючы кадравыя запыты праз сістэму дадатковай адукацыі, мэтавую падрыхтоўку, ствараючы прывабныя ўмовы для маладых спецыялістаў, — акцэнтаваў увагу Дзмітрый Хома. — Установы прафесійнай адукацыі могуць і павінны стаць пунктамі росту, каб аператыўна рыхтаваць кадры па прарыўных тэхналогіях.

Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж па выніках работы за 2019 год прызнаны лепшым у Беларусі. Рэгіянальныя УВА рэалізуюць мадэль універсітэта 3.0, арыентуючыся на патрэбы эканомікі 5 і 6 тэхналагічных укладаў, і ўдзяляюць сур’ёзную ўвагу навучанню сучасным тэхналогіям і спецыяльнасцям ІТ-сферы. Паспяхова функцыянуюць аснашчаныя сучасным, у тым ліку ўнікальным вучэбна-навуковым абсталяваннем кластар, вучэбна-навукова-вытворчыя комплексы, навукова-даследчыя лабараторыі аналізу і структурна-функцыянальных даследаванняў. Забяспечаныя самым сучасным абсталяваннем рэсурсныя цэнтры ў Віцебску, Полацку, Оршы, Гарадку па многіх паказчыках — у ліку лепшых у краіне. Мэтавыя паказчыкі за перыяд з 2015 па 2019 год па выпуску рабочых і служачых з прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй выкананы. Структура падрыхтоўкі кадраў пастаянна ўдасканальваецца. Звяртаючыся да педагогаў, Мікалай Шарснёў агучыў задачу ўзмацніць праф­арыентацыйны кампанент у рабоце са школьнікамі, больш актыўна расказваць ім аб запатрабаваных і перспектыўных прафесіях. У прыватнасці, гэта важна рабіць у дачыненні да агракласаў.

Падзяка старшыні Віцебскага аблвыканкама аб’яўлена старшаму выкладчыку Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вользе Волкавай.

— Трэба аргументавана, спакойна і ўпэўнена весці работу па папулярызацыі ўстаноў прафесійнай адукацыі краіны, навучанне ў якіх не менш прэстыжнае, а кваліфікацыя і ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў адпавядаюць міжнародным стандартам, — выказаў меркаванне кіраўнік вобласці. — Мы павінны працаваць на сябе: лепшая моладзь павінна заставацца ў вобласці, краіне, і ўсе педагагічныя калектывы павінны быць на гэта арыентаваны. Інакш хто будзе ствараць будучыню, у якой мы хочам, каб жылі нашы дзеці?

Слабадскі яслі-сад — сярэдняя школа Лепельскага раёна, Полацкая дзяржаўная гімназія №1 імя Францыска Скарыны, гімназія № 2 Оршы, гімназія № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна — лідары па рэалізацыі рэспубліканскага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”. Абласная піянерская арганізацыя ўваходзіць у лік лепшых у краіне і аб’ядноўвае звыш 76 тысяч навучэнцаў. Самымі актыўнымі з’яўляюцца піянеры Полацкай, Аршанскай раённых, Віцебскай гарадской арганізацый БРПА. У рамках святкавання 75-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне праводзіцца работа па прысваенні імёнаў Герояў Савецкага Саюза, удзельнікаў баявых дзеянняў, кавалераў ордэнаў Славы ўстановам адукацыі, піянерскім дружынам і атрадам. Так, дзякуючы ініцыятыве кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска Мікалая Арлова і падтрымцы гарвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў, 6 школам названага раёна прысвоены імёны Герояў Савецкага Саюза. У рэгіёне вынікова развіваюцца фізкультурна-спартыўны рух (створана абласная асацыяцыя школьнага спорту) і сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Адукацыя і выхаванне непадзельныя, таму ў справе выхавання падрастаючага пакалення ідэалогія і тэхналогіі таксама павінны ісці поплеч.

— Сёння наша з вамі задача — навучыць маладое пакаленне супрацьстаяць сучасным выклікам і пагрозам, крытычна мысліць і аналізаваць, бачыць глыбінны сэнс, не паддавацца эмоцыям і вібрацыям натоўпу, — падкрэсліў Мікалай Шарснёў. — Для гэтага нам неабходна інтэнсіўна асвойваць інтэрнэт-прастору, размяшчаць і прапагандаваць аб’ектыўную інфармацыю, прыводзіць разумныя аргументы. Чатыры гады мы мэтанакіравана працуем над удасканаленнем матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, ствараючы сучасныя ўмовы для работы педагогаў і, канечне ж, нашых дзяцей. За гэты час направядзенне бягучых і капітальных рамонтаў тут асвоена каля 92 мільёнаў рублёў, на набыццё абсталявання — амаль 35 мільёнаў, на 2020 год запланавана выдаткаваць больш за 30 мільёнаў рублёў. За перыяд з 2015 па 2019 год пабудаваны 4 установы дашкольнай адукацыі ў Віцебску, Глыбокім, Оршы, Наваполацку. Завяршаецца будаўніцтва ясляў-сада ў Паставах, 1 верасня мы ўвядзём у эксплуатацыю суперсучасную сярэднюю школу ў віцебскім мікрараёне Білева-2, працягваецца рэалізацыя праекта “Школы будучыні”. У рамках дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” ажыццёўлена цэнтралізаваная пастаўка 73 кабінетаў фізікі, 42 кабінетаў хіміі, ідзе пастаўка 255 мультыбордаў і 19 кабінетаў біялогіі. На Віцебшчыне ў першы восеньскі дзень 112 тысяч дзяцей пераступяць парог школ, з іх 12,5 тысячы першакласнікаў, і 560 маладых спецыялістаў. Мы высока цэнім вашу працу. У кожнага з нас быў Настаўнік — чалавек, які даў нам пуцёўку ў жыццё, на якога мы раўняліся і хацелі быць падобнымі. Пакажыце дзецям дастойныя арыенціры, улюбіце іх у свой прадмет, творчасць, спорт, здаровы лад жыцця. Ідзіце ў нагу з часам, цікаўцеся, чым жыве моладзь, далучайцеся да гэтай сістэмы і задавайце правільны тон. У 2019 годзе сістэма адукацыі Віцебскай вобласці прызнана лепшай у Беларусі. Імкніцеся заўсёды быць лепшымі.

На завяршэнне канферэнцыі Мікалай Шарснёў уручыў узна­гароды за высокія працоўныя вынікі. Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь адзначаны дырэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Аляксандр Ласякін. Шэраг педагогаў атрымалі ганаровыя граматы Віцебскага аблвыканкама і Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, падзякі старшыні Віцебскага аблвыканкама. Нагруднымі знакамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі” ўзнагароджаны настаўніца беларускай мовы і літаратуры Бабініцкай сярэдняй школы Аршанскага раёна Ірына Арлова, дырэктар гімназіі № 2 Віцебска Канстанцін Кісялёў і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 2 Наваполацка Таццяна Маліноўская.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.