Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт запускае анлайн-курсы рускай мовы. Праграмы прызначаны для замежнікаў, якім мова патрэбна для вучобы ці працы.
Як паведамілі ў прэс-службе БНТУ, даводзіцца ўлічваць сучасную рэальнасць ва ўмовах пандэміі і шукаць новыя шляхі да спажыўцоў адукацыйных паслуг. Анлайн-курсы рускай мовы — добрая прапанова для тых, хто не можа прыехаць на вучобу непасрэдна ва ўніверсітэт.
У БНТУ распрацавалі для замежнікаў два варыянты навучання: стандарт і інтэнсіў. Вывучаць рускую мову можна з нуля (узровень А1), а таксама прапаноўваецца палепшыць якасць мовы (узроўні А2 і В1).
Заняткі праводзяць высокакваліфікаваныя выкладчыкі са шматгадовым стажам працы як у сябе на радзіме, так і за мяжой. Яны добра валодаюць методыкай выкладання рускай мовы як замежнай і ўмела выкарыстоўваюць найноўшыя тэхнічныя сродкі навучання.
Перавагай курса з’яўляецца праграма, арыентаваная на практыку. Выпускнікі атрымаюць сертыфікаты, што дазволіць ім паступаць у БНТУ без іспытаў па рускай мове.
Галіна СІДАРОВІЧ.