Куток памяці

“Воіны-інтэрнацыяналісты — гэта адмысловыя людзі, якім не патрэбны заахвочванні, асаблівае стаўленне да сябе. Адзінае, чаго яны хочуць, — захоўваць памяць пра тых, хто, выконваючы воінскі абавязак, змагаўся ў гарачых кропках свету”, — лічыць воін-інтэрнацыяналіст настаўнік працоўнага навучання сярэдняй школы № 3 Асіповіч Ю.П.Корбан. Юрый Пятровіч з’яўляецца старшынёй раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, і менавіта яму належыць ідэя стварэння ў сярэдняй школе № 3 Асіповіч музейнага пакоя інтэрнацыянальнага руху.

Падчас аповеду настаўніка пра стварэнне музейнага пакоя яшчэ больш раскрываюцца ўсе грані таленту гэтага чалавека. Чалавек незвычайнага гумару, ён часам неардынарна падыходзіць да ацэнкі людзей і сябе ў прыватнасці. Пра сябе ён гаварыць не любіць, таму пачынае расказваць пра сяброў. Напрыклад, Віктар Уладзіміравіч Чыгір сабраў матэрыялы пра артылерыстаў, а Юрый Уладзіміравіч Мядзелец узрушыў усю афіцэрскую суполку, каб дапамагчы экспанатамі. Павел Грашчанка практычна дняваў і начаваў пры афармленні стэндаў. Вячаслаў Антропаў умудрыўся зацягнуць у памяшканне бетонамяшалку.

Паняцці пра патрыятызм і мужнасць, воінскі абавязак і вернасць прысязе, якія мы спрабуем данесці да нашых вучняў, у музейным пакоі набываюць зусім іншыя адчуванні, дзякуючы экспанатам, яны матэрыялізуюцца. Тут і гераічная абарона Шыпкі, і будні інтэрбрыгад, і дапамога мангольскаму і кітайскаму народам. Усё гэта прадстаўлена наглядна і маляўніча. На галоўным месцы красуецца сцяг асіповіцкай раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане. Сэрца пачынае шчаміць ад болю, калі падыходзіш да стэнда з фотаздымкамі землякоў-асіпаўчан, якія загінулі на зямлі Афганістана. Вось палац Аміна з вокнамі-байніцамі, што вывяргаюць агонь і свінец, а ўнізе, на камянях, надпіс, ад якога камяк у горле: “43 хвіліны бою і 9 гадоў вайны”. Журботны спіс людскіх страт мяжуе са стратамі ў баявой тэхніцы, тут жа імёны беларусаў, якія заслужылі высокае званне Героя Савецкага Саюза.

Вывучаючы гісторыю інтэрнацыянальнага руху, імёны нашых землякоў, якія выканалі свой воінскі і грамадзянскі абавязак, мы зможам перадаць вучням ідэі служэння свайму народу. Гэтая ідэя звязвае ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і воінаў-інтэрнацыяналістаў. Прыклад гэтага — лёс Героя Савецкага Саюза, нашага земляка, лётчыка-знішчальніка, старшага лейтэнанта Яўгена Міхайлавіча Стэльмаха. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён удзельнічаў у паветраных баях, суправаджаў караблі на Белым моры, Паўночна-Ледавітым акіяне. Пасля вайны працягнуў службу ў ваеннай авіяцыі. Падчас Карэйскай вайны 1950—1953 гадоў быў лётчыкам 18-га гвардзейскага знішчальнага авіяпалка “Нармандыя — Нёман”. 1 чэрвеня 1951 года падчас паветранага бою Яўген Міхайлавіч быў збіты і, каб не патрапіць у палон, застрэліўся (савецкім лётчыкам, якія знаходзіліся ў Карэі, было забаронена трапляць у палон, каб пазбегнуць міжнароднага скандалу).

11 мая мінулага года ў сярэдняй школе № 3 Асіповіч адбыўся 31-ы Міжнародны злёт памяці ветэранаў 18-га гвардзейскага Віцебскага двойчы Чырванасцяжнага, ордэна Суворава II ступені, ордэна Ганаровага Легіёна Французскай Рэспублікі, знішчальнага авіяцыйнага палка “Нармандыя — Нёман”, прымеркаванага да 95-годдзя з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза Яўгена Міхайлавіча Стэльмаха. Яго сястра Таццяна вучылася ў гэтай школе.

У стваральнікаў музейнага пакоя шмат задумак і планаў. Графік наведвання распісаны далёка наперад, і асабліва пік экскурсій прыпадае на люты. Менавіта на 15 лютага і запланавана афіцыйнае адкрыццё экспазіцыі. “Прыязджайце, прыходзьце, вам заўсёды будуць рады ў гэтым маленькім, але такім велізарным кутку людской памяці”, — адзначыў Юрый Пятровіч Корбан.

Ніна ЛАПІКАВА,
метадыст Асіповіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.