Квант узаемадзеяння

…Ад аграгарадка Ракава, што на Валожыншчыне, праз хваёвы лес па ўтаптанай сцяжынцы кіламетр-два да дзіцячага аздараўленчага лагера “Фатон” Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прайсці — адно задавальненне. Дыхаецца лёгка, пейзажы — залюбуешся, ажно галава кружыцца. Нядзіўна, што акадэмія навук мае тут і дзіцячы лагер, і санаторый “Іслач”, (па назве тутэйшай рэчкі). Але наш сённяшні шлях ляжыць менавіта ў дзіцячы лагер, які летась заняў 2-е месца ў Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе ў намінацыі “Лепшая арганізацыя харчавання ў аздараўленчым лагеры “Здаровае харчаванне — здаровае дзіця” (у сталіцы летнік быў лепшым).

Усё ідзе па плане

Ёсць яшчэ нямала нагод наведаць менавіта гэты лагер — хаця б яго актыўны ўдзе­л у гарадскім прафілактычным праекце “Ваш выбар!” па фарміраванні ў падлеткаў негатыўнага стаўлення да тытунекурэння і злоўжывання алкаголем і наркотыкамі. Ды і нямала іншых нагод: не прыехаць у “Фатон”, узяўшыся за тэму азда­раўлення, было б памылкай.

Падчас прагулкі па летніку ад яго кіраўніка, В.В.Куніцкага, даведваюся, што пабудавны лагер у 1983 годзе, а мой суразмоўнік працуе ў ім начальнікам з 1993. Лепшага экскурсавода мне не знайсці — Валерый Васільевіч ведае тут не тое што кожны куточак, а, здаецца,  кожную травінку. Будавалі лагер для дзяцей супрацоўнікаў НАН Беларусі і не толькі для іх — для іншых малых таксама.

Сёння месцаў у “Фатоне”, які займае 4,5 гектара, не так многа — 128 на адну змену, але начальнік летніка запэўнівае, што прымаюць усіх жадаючых, ні адно дзіця супрацоўніка акадэміі, якое хоча сюды прыехаць, не засталося без месца. У 2 змены тут адпачываюць і малыя з дзіцячага дома № 2 Мінска. А працуюць з дзецьмі педагогі і студэнты 4 курса Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка з факультэтаў фізічнага і эстэтычнага выхавання. У кожным атрадзе па 3 выхавальнікі — прыкладна па выхавальніку на 10 дзяцей. Ёсць урач і 3 медсястры з паліклінік Першамайскага раёна Мінска, адна з якіх — дыетсястра, усе іншыя неабходныя спецыялісты.

Працуе лагер у 4 змены з 1 чэрвеня, а напрыканцы жніўня беларускія навукоўцы паспяваюць яшчэ правесці тут сваю спартакіяду. Пуцёўка ў “Фатон”, між іншым, каштуе 531, 542 і 549 рублёў для розных узроставых груп (для старэйшых дзяцей нормы харчавання іншыя, адпаведна, порцыі большыя). Супрацоўнікі акадэміі навук  плацяць за пуцёўкі значна менш, бо дзяржаўная датацыя складае 196 рублёў, прэзідыум НАН рэкамендуе акадэмічным аргагізацыям кампенсаваць частку кошту пуцёкі для сваіх супрацоўнікаў, у інстытутах акадэміі навук гэтым пытаннем займаюцца і прафсаюзныя арганізацыі.

Што ж да галоўнага пункта майго знаёмства з лагерам — харчовага блока, то ён мае дзве абедзенныя залы, вялікую кухню, іншыя памяшканні. Абсталяванне сучаснае, і гэта клопат уладальніка, ставяцца да яго акадэмія навук і адміністрацыя лагера адказна. Так, гады 3—4 назад тут замянілі нямала абсталявання — раздзелачныя сталы, халадзільнікі і іншае, набылі італьянскі параканвектамат. Сёлета сур’ёзны рамонт харчовага блока не быў патрэбен,  усе намаганні сканцэнтравалі на рамонце актавай залы. Атрымалася вельмі дастойна. 

Забяспечвае харчаванне КШХ Мінска, яго філіял у Першамайскім раёне. Як кажа начальнік лагера “Фатон”, такое су­працоўніцтва наладжана гадоў 5—6 назад і задавальняе ўсіх.

— Па-першае, гэта ўзаемавыгадна, — гаворыць Валерый Васільевіч, — бо мы задзейнічаем для работы ў лагеры кваліфікаваных работнікаў дзіцячага харчавання, што важна для нас, а лю­дзі не застаюцца на лета без работы, што важна для іх. Графік складзены такім чынам, што кухары, кухонныя рабочыя, пасудамыйкі вызначаюцца з адпачынкамі, а на работу да нас прыязджаюць брыгадамі ў свой вольны час. Па-другое, нам зручна, што камбінат школьнага харчавання бярэ на сябе і іншыя работы: транспарціроўку, закупку прадуктаў, завоз, работу бухгалтэрыі, кладаўшчыкоў — усё на КШХ. Дастаўка прадуктаў штодзённая, харчаванне складзена згодна з прыкладным меню, якое распрацавалі спецыялісты камбіната, зацвердзілі ў Мінскім гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

Што да мінулагодніх конкурсаў, то да іх у летніку падышлі вельмі сур’ёзна. Аналіз работы “Фатона” па арганізацыі харчавання праводзіўся з самага пачатку аздараўленчага сезона, да якога тут, як заўсёды, падрыхтаваліся адказна і дасканала. Штотыднёвы аналіз па кожнай змене быў строгім — прыязджалі спецыялісты цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі, бралі пробы страў, наведваліся прадстаўнікі Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва, праводзіліся апытанні бацькоў і дзяцей наконт таго, ці задаволены яны харчаваннем у летніку.

— Дзеці і бацькі задаволены,  — упэўнена сцвярджае начальнік лагера. — Хаця ў першыя дні змен бачна, што малыя прывыкаюць да новага распарадку і меню ня­проста. Якасць харчавання мы, зразумела, не зніжаем ніколі. Нядаўна прыязджала камісія гарадскога КШХ у складзе 8 чалавек, бралі пробы — усе паказчыкі ў норме. Пастаянна нас правяраюць і ўладальнікі лагера, прыязджае спецыяльная камісія. У конкурсах працягнем удзельнічаць, толькі пакуль у іншых намінацыях.

Фато́н (ад стар.-грэч. φῶς — “свет”) — элементарная часціца, квант электрамагнітнага выпраменьвання (у вузкім сэнсе — святла) у выглядзе папярочных электрамагнітных хваль і пераносчык электрамагнітнага ўзаемадзеяння.

З першых вуснаў

Меркаванне начальніка лагера  наконт задаволенасці маленькіх адпачывальнікаў харчаваннем я, канечне, вырашыла праверыць, пагаварыўшы з дзецьмі, якія знаходзяцца ў “Фатоне”. Вось на вуліцы гуляюць хлопчыкі і дзяўчынкі, як высвятляецца з размовы з імі, з 2 атрада. Адна з маіх новых знаёмых, Глаша Мельнічэнка, кажа, што адпачываць ёй падабаецца — нясумна і цікава, харчаванне ў сталовай смачнае, усяго хапае, а калі бацькі нешта прывозяць, то гэта любімыя ласункі.

— У нашай сталовай больш за ўсё падабаюцца пюрэ і катлеты, яны часта тут бываюць, — далучаецца да нашай размовы Васіліса Мяцельская.

— Я тут адпачываю другі год, і мне ўсё падабаецца, — дапаўняе сяброўку Маша Малышка. — І ядзім смачна. Ніколі не было, каб я штосьці ў сталовай не з’ела.

Дадам ад сябе, што перад уваходам у летнік на стэндзе размешчана інфармацыя для бацькоў і дзяцей: тут нельга захоўваць прывезеныя бацькамі прадукты дамашняй кулінарыі, ягады, садавіну, якая хутка псуецца, афарбаваныя газіраваныя напіткі, малочныя і кісламалочныя прадукты, распячатаныя ўпакоўкі сокаў. А су­працоўнікі лагера правяраюць, каб дзеці не захоўвалі забароненыя прадукты. За першую змену ніякіх недарэчнасцей у гэтым плане не здаралася. 

— А мы любім, што тут праводзіцца шмат мерапрыемстваў, не бывае сумна, — пераводзяць размову з харчавання на іншыя складнікі адпачынку дзеці.

— Выхавальнікі добрыя, а наш  Віталь Сяргеевіч самы лепшы, — дадаюць малыя, паказваючы на свайго выхавальніка В.С.Калініна.

Заходжу ў кабінет да ўрача і дыется­стры. Педыятр Алена Анатольеўна Сцефановіч расказвае, што здаровае харчаванне па строгім раскладзе і адпачынак, па даных медыкаў (а медагляды право­дзяцца і на пачатку змен, і напрыканцы іх), прыносяць несумненную карысць малым. Тыя, хто мае на момант прыезду ў лагер залішнюю вагу, зніжаюць яе, а тыя, у каго ёсць недабор, вагу набіраюць — словам індэксы масы цела, якія адсочваюць спецыялісты, нармалізуюцца. Дыетсястра Надзея Мікалаеўна Труш дадае, што харчаванне яшчэ і разнастайнае, стравы не паўтараюцца, таму і дзецям не надакучваюць. А для малых з алергіяй, захворваннямі страўнікава-кішачнага тракту распрацавана асобнае меню.

 І нарэшце харчовы блок, дзе рыхтуюцца да абеду і дзе хлопчыкі і дзяўчынкі снедаюць, абедаюць і вячэраюць у адну змену, — месца ў сталовай хапае. А што сёння на абед? Адказ на дзвярах сталовай, дзе вывешана меню: салат вітамінны з алеем, суп бульбяны з гарохам, філе з птушкі “Смак”, каша грэцкая вязкая, напітак апельсінавы з вітамінам С, хлеб, батон. Дадам, што дзённае меню пры 5-разовым харчаванні ўключае дзве вячэры, у ім неаднойчы сустракаюцца і салат, і свежыя садавіна ды агародніна, і сок.

А на кухні работа кіпіць, кіруе ёй загадчык вытворчасці Святлана Майсееўна Самец, якая працуе тут трэці год, бо, як сама кажа, работа наладжана добра, харчовы блок у парадку, умовы задавальняюць — чаму б не працаваць? 9-дзённая змена Святланы Майсееўны і яе брыгады заканчваецца, але працуюць яны і ў 3-дзён­ную перазменку, бо ў лагеры на больш доўгі тэрмін застаюцца малыя з дзіцячага дома.

Сезон працягваецца, і работы тым, хто арганізоўвае дзіцячае аздараўленне, будзе яшчэ шмат. У “Фатоне” да яе гатовы.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.