Квест-гульня і QR-коды ў навучанні

Сучасныя інтэрнэт-тэхналогіі ўсё больш і больш пранікаюць у вучэбны і выхаваўчы працэс і ўзбагачаюць традыцыйныя спосабы работы з вучнямі. Любое заданне з падручніка можна змясціць у цікавы кантэкст. Задачы на веданне прадмета карысна сумяшчаць з загадкамі на кемлівасць, і важна, каб задача была ўмовай для таго, каб рухацца далей. А рухацца далей, у прамым і пераносным сэнсе, дапаможа, напрыклад, квест-гульня.

Слова quest перакладаецца на беларускую мову як “пошук”. Квест прадугледжвае выкананне якога-небудзь задання. Задача ўдзельнікаў гульні заключаецца ў тым, каб паварушыць мазгамі для вырашэння прапанаванай задачы, праявіць кемлівасць і ўменні, каб справіцца з заданнем. Часткова разабрацца ў тым, што такое квест, дапаможа вядомая дзіцячая гульня “Дванаццаць запісак”. Яе любяць праводзіць у летніх лагерах. Каманда атрымлівае першую запіску, у якой змяшчаецца зашыфраванае заданне і інфармацыя аб тым, дзе патрэбна шукаць наступную запіску. Гульня завяршаецца, калі каманда паслядоўна прайшла ўсе этапы і дабралася да апошняй запіскі, а з ёю — і да заслужанага прыза.

У нашай гімназіі мы прапаноўваем вучням медыяквест. Заданні, якія ім трэба знайсці і разгадаць, ствараюцца ў выглядзе QR-кодаў. QR-коды — адносна новая тэхналогія перадачы інфармацыі. Гэта блізкія родзічы знаёмых нам штрых-кодаў, якія сёння абавязкова прысутнічаюць на ўпакоўках большасці тавараў. QR-коды прачытваюцца з дапамогай праграмы QR Code Reader.

Для гімназістаў мы стварылі пазнавальна-забаўляльную квест-гульню “Мая гімназія”. Задачай гульні было пашырыць веды вучняў пра мінулае і сучаснае гімназіі, пашырыць медыяадукацыйныя навыкі, вучыць выкарыстоўваць гаджэты ў вучэбным працэсе, развіваць камандны дух, уменне працаваць у групе, садзейнічаць фарміраванню навыкаў самаарганізацыі, праяўленню творчай актыўнасці.

Паважаныя чытачы, калі на вашам смартфоне не ўсталявана праграма для расшыфроўкі, то з GooglePlay загрузіце праграму QR Code Reader на смартфоны, запускайце праграму, наводзьце фотакамеру смартфона на QR-код — і знаёмцеся з некаторымі заданнямі.

Для работы патрэбен смартфон з усталяванай праграмай QR Code Reader. Пачыналася і закончылася гульня ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры, а заданні былі на беларускай і англійскай мовах. Выконваючы заданне за заданнем, вучні павінны былі за вызначаны час знайсці схаваныя ў розных месцах гімназіі QR-коды, разгадаць загадку, выканаць заданне і здагадацца, дзе знаходзіцца наступнае заданне. З вялікім задавальненнем прынялі ўдзел у квест-гульні вучні 5-х, 6-х, 7-х і нават 8-х класаў.

Выкарыстоўваем QR-коды і непасрэдна на ўроках англійскай мовы, беларускай мовы і літаратуры, раздаючы кантрольна-тэставы або дыдактычны матэрыял з заданнямі вучням на парты ці размясціўшы па кабінеце. Напрыклад, у 7 класе прайшла віктарына “Падарожжа ў свет літаратуры”. Вучні класа, падзяліўшыся на каманды, павінны былі стаць знаўцамі-літаратуразнаўцамі і за вызначаны час выканаць заданні квест-гульні.

Зручна выкарыстоўваць на ўроках заданні, створаныя на Learning Apps, паклаўшы перад вучнем картку з QR-кодам, тым больш што на старонцы задання на сайце Learning Apps, калі вы яго створыце, аўтаматычна ствараецца і QR-код, які застаецца толькі раздрукаваць і пакласці перад вучнем:

У кабінеце каля партрэта пісьменніка можна прымацаваць такога тыпу QR-код:

А на ўваходзе ў кабінет вучняў сустракае вось такі дэвіз:

Як бачым, работу з QR-кодамі можна праводзіць у класе ў межах урока, закадзіраваўшы матэрыял школьнай праграмы або цікавую дадатковую інфармацыю, можна прапанаваць вучням QR-код з заданнем для выканання дома. Неабмежаваныя магчымасці іх выкарыстання ў пазакласнай рабоце.

Што кадзіраваць? Гэта можа быць відэа з YouTube, лакацыя на Google-картах, файл з Google-дыска, разнастайныя заданні да ўрока па любым прадмеце. Раздрукаваныя QR-коды можна прымацаваць да любой паверхні.

Стварыць QR-код вельмі лёгка. Для гэтага спатрэбяцца інтэрнэт, каб закадзіраваць матэрыял, прынтар, каб раздрукаваць код, і смартфон, планшэт ці іншы гаджэт з камерай, каб расшыфраваць матэрыял. У інтэрнэце можна знайсці шмат праграм для стварэння кодаў.

Прасцей за ўсё стварыць QR-код можна на сайце qrcoder.ru (адкрыўшы сайт, убачыце поле, у якое патрэбна ўвесці тэкст, націснуць на кнопку “Стварыць”, аўтаматычна ствараецца QR-код вашага задання ці паведамлення, які застаецца раздрукаваць), а на смартфон загрузіць з GooglePlay адну з праграм для счытвання кодаў.

Час імкліва мяняецца, таму педагогі павінны самаўдасканальвацца, быць канкурэнтаздольнымі. Сучаснаму педагогу неабходна ведаць і прымяняць інтэрнэт-тэхналогіі, якія валодаюць адукацыйным патэнцыялам, дапамагаюць у рабоце, дазваляюць яе разнастаіць, выклікаюць у вучняў цікавасць да навучання, а гаджэты могуць быць выкарыстаны не толькі ў забаўляльных мэтах.

Павел ЛІЧЭЎСКІ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры;
Наталля КЛІМЯНКОВА,
настаўніца замежнай мовы гімназіі № 1 Пінска імя Ф.Я.Перца.
Фота Паўла ЛІЧЭЎСКАГА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *