Квест-гульня на вуліцах Навагрудка

- 13:19Навіны рэгіёнаў

Навагрудчына — унікальны куток нашага беларускага краю. “Наколькі добра я ведаю гісторыю свайго горада?” — гэтае пытанне стала неафіцыйным дэвізам гарадской квест-гульні “Я этим городом храним”, якая адбылася на вуліцах Навагрудка.

Квест-гульня стала ўжо традыцыйным мерапрыемствам і праводзіцца кожныя два гады. Арганізатарам гульні з’яўляецца Навагрудскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму, аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Навагрудскага райвыканкама, РК ГА “БРСМ”. Значную падтрымку ў падрыхтоўцы заданняў у гэтым годзе аказалі Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей, Навагрудскае сястрынства, Навагрудская раённая бібліятэка, занальны дзяржаўны архіў Навагрудка.

Старт гульні для дзевяці каманд навучэнцаў 6—8 класаў устаноў адукацыі горада быў дадзены з пляцоўкі каля дома-музея Адама Міцкевіча. Сёлета IV гарадская гісторыка-краязнаўчая гульня “Я этим городом храним” была прысвечана Году навукі і 700-годдзю Навагрудскай Праваслаўнай Епархіі. Школьнікі павінны былі адгадаць, дзе знаходзіліся знакамітыя навучальныя ўстановы горада, чым яны вызначыліся, які след пакінулі ў гісторыі. Сярод аб’ектаў былі Навагрудская беларуская гімназія, медвучылішча, першая руская школа, фінансавы тэхнікум, школа сясцёр назарэтанак і інш. Таксама ўдзельнікам гульні неабходна было знайсці адзін з праваслаўных храмаў і адказаць на пытанні тэматычнай віктарыны каля помніка Елісею Лаўрышаўскаму.

Для кожнай каманды было важным не толькі правільна расшыфраваць заданні і адказаць на пытанні арбітраў, але і хутка перамяшчацца паміж аб’ектамі. Пераможцамі сталі самыя разумныя і хуткія. На гэты раз уладальнікам памятнай статуэткі і спецыяльнага прыза стала каманда “Краязнаўцы” сярэдняй школы № 1 Навагрудка, другое месца заняла каманда сярэдняй школы № 7, у тройку лепшых увайшла і каманда гімназіі № 1 раённага цэнтра.

Заснавальнікам галоўнага прыза квест-гульні з’яўляецца ўраджэнец Навагрудка Валерый Аляксандравіч Поткін. Валерый Аляксандравіч не толькі спонсар гульні, але і актыўны яе ўдзельнік. Разам з іншымі арбітрамі ён прысутнічаў на адным з зашыфраваных аб’ектаў.

Як адзначылі самі ўдзельнікі гульні, у летапісе горада ёсць слаўныя і гераічныя, драматычныя і трагічныя старонкі, а праз квест-гульню даследаваць і вывучаць яго гісторыю цікава і пазнавальна.

Святлана КРЫНСКАЯ,
загадчык інфармацыйна-метадычнага аддзела Навагрудскага раённага ЦТДіМ.