Квэст-гульня “У краіне рускай мовы і літаратуры”

У апошнюю пятніцу студзеня ў Поразаўскай сярэдняй школе Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці прайшоў дзень рускай мовы і літаратуры. Мэтай было ўзняць цікавасць вучняў да прадмета, паглыбіць мовазнаўчыя веды, стварыць спрыяльныя ўмовы для выяўлення ўменняў у нестандартнай гульнявой сітуацыі.

У школе было надзвычай весела, шумна і цікава, бо ў гэтым навучальным годзе дзень рускай мовы і літаратуры ладзіўся ў выглядзе квэст-гульні. Усё пачалося з лінейкі, дзе растлумачылі правілы гульні. А далей на кожным перапынку праводзіўся пэўны этап мерапрыемства.

На этапе “Літаратурныя пазлы” школьнікі ўспомнілі рэпрадукцыі карцін вядомых мастакоў да вывучаных твораў, атрымалі падказкі для знаходжання пазлаў, а затым склалі іх. У музеі літаратурных рэчаў навучэнцы шукалі прадметы да аднаго з твораў мастацкай літаратуры вядомых рускіх пісьменнікаў. Займальна прайшоў этап “Аднаві тэкст”, дзе вучні знаходзілі схаваныя словы з лірычных твораў па карце, а затым, калі тэкст быў адноўлены, дэкламавалі іх. Апошні этап гульні “Чароўныя арфаграмы” даў магчымаць навучэнцам не толькі ўспомніць цяжкія выпадкі напісання слоўнікавых слоў, але і лексічнае значэнне, знайсці іх паходжанне ў этымалагічным слоўніку.

Падчас музычнай паўзы пад караоке спявалі рускія народныя песні, крэатыўна інсцэніравалі байкі І.А.Крылова, Л.М.Талстога.

Дзень прайшоў на ўздыме, насычана, запамінальна. Кожнае з прапанаваных заданняў квэст-гульні вучні выконвалі з задавальненнем і цікавасцю. Скончыўся дзень рускай мовы і літаратуры ўзнагароджаннем пераможцаў.

Марына ШЫМКО,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
Поразаўскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці.