Квесты для вучняў

- 13:00Навіны рэгіёнаў

Сучасны педагог павінен будаваць сваю работу на спалучэнні традыцыйных і інавацыйных тэхналогій навучання і выхавання. Такой думкі прытрымліваецца настаўніца геаграфіі і біялогіі сярэдняй школы № 4 Шклова Таццяна Барысаўна Куратава.

— Цяпер грамадства прад’яў­ляе да сістэмы адукацыі новыя патрабаванні. Неабходна не толькі даваць веды, але і забяспечваць выхаванне сацыяльна актыўных грамадзян. У сваёй практыцы гэтыя задачы выконваю праз гарманічнае спалучэнне традыцыйных і інавацыйных падыходаў, — расказала Т.Б.Куратава.

Таццяна Барысаўна — даволі малады педагог. Яе працоўны стаж — усяго 10 гадоў, але ўжо з першых крокаў у прафесіі яна імкнецца прыўнесці ў працэс навучання нешта новае, захапляючае, здольнае зацікавіць навучэнцаў.

— Пастаянна распрацоўваю розныя адукацыйныя праекты. У асноўным гэта квесты. Чаму? Усё проста — такая форма вучыць дзяцей працаваць у камандзе, пашырае міжпрадметныя веды, развівае кемлівасць, трэніруе асацыятыўнае мысленне і назіральнасць, садзейнічае развіццю камунікатыўных навыкаў і творчых здольнасцей, фарміруе ўменне знахо­дзіць карысную інфармацыю з розных крыніц, — адзначыла Т.Б.Куратава.

За час работы ў чацвёртай шклоўскай школе Таццяна Барысаўна стварыла квесты “Школьнае жыццё акцябронка”, “Старт на бяспеку”, “Абаронцы Айчыны”, “Мы — скарбашукальнікі” і інш. Аднак найбольшую папулярнасць сярод навучэнцаў атрымаў міжпрадметны анлайн-квест “Сталкер 54.30”.

— Для стварэння гэтага квеста выкарыстоўваліся некалькі інтэрнэт-сэрвісаў. Картаграфічны матэрыял ствараўся на базе платформы ArcGIS online. На інтэрактыўную карту Шклова наносіліся геаметкі пунктаў квеста. На кожным пункце — QR-код з пэўным заданнем, — паведаміла Т.Б.Куратава.

Паводле яе слоў, “Сталкер 54.30” з’яўляецца міжпрадметным, гульнявым, кароткатэрміновым групавым або індывідуальным вэб-квестам, які праводзіцца ў віртуальным рэжыме. Гульня разлічана на вучняў 7—9 класаў. Квест прапануе падлеткам прадэманстраваць свае веды і ўменні ў практычным і інтэрактыўным турах. Туры разбіты на этапы і напоўнены разнастайнымі заданнямі. Прычым па сваёй тэматыцы яны адпавядаюць дзейнасці арганізацый і ўстаноў, размешчаных у канкрэтным пункце на карце.

— Рэгістрацыя на квест ажыццяўляецца праз GOOGLE-форму, што дазваляе адсочваць вынікі ўдзельнікаў. Навучэнцы заўсёды вельмі захоплены гульнёй, бо яна дапамагае ім лепш спазнаць родны горад, сваю малую радзіму. Важна, што квест праводзіўся неаднаразова. Ён знаходзіцца ў адкрытым доступе і прайсці яго можа любы жадаючы, — падкрэсліла Таццяна Барысаўна.

Квест “Сталкер 54.30” быў адзначаны дыпломамі ў шэрагу конкурсаў педагагічных напрацовак. Адметна, што ў планах Т.Б.Куратавай — распрацоўка для навучэнцаў новых, не менш займальных праектаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Т.Б.Куратавай.