Квесты на ўроку і ў пазакласнай рабоце

Навучанне замежнай мове без сучасных тэхналогій уявіць практычна немагчыма. Каб паказаць усю важнасць валодання англійскай мовай, зацікавіць навучэнцаў і зрабіць урокі больш эфектыўнымі, настаўнікам замежных моў неабходна ісці ў нагу з часам. Не так даўно адкрыла для сябе дадатак Actionbound, пры дапамозе якога можна ствараць займальныя квесты. Прыцягнуўшы ўдзельнікаў атрада англійскай мовы Summer Puzzle, які збіраецца ў нашай школе ў летні перыяд ужо трэці год, я ўпершыню апрабавала гэты рэсурс для правядзення квест-гульні “Адгадай месца ў горадзе”. Гэтае мерапрыемства настолькі захапіла дзяцей, што яны прасілі працягу гульні і не жадалі разыходзіцца па дамах.

Што патрэбна для стварэння і правядзення такога квеста?

Настаўніку неабходна зарэгістравацца на сайце en.actionbound.com і стварыць свой квест. У заданні можна ўключыць віктарыны з мноствам выбараў і місій, у якіх дзеці павінны выканаць нейкае заданне і ў якасці справаздачы зрабіць фота, зняць відэа (да 30 с), запісаць на дыктафон або ўвесці правільны адказ. Прыклады на фота.

Калі вы скончылі работу над заданнямі і місіямі і адкрылі доступ удзельнікам, то вашаму квесту прысвойваецца QR-код, з дапамогай якога вучні і зойдуць у гульню. Удзельнікаў дзелім на групы (аптымальная колькасць — 4—6 чалавек). У кожнай групе павінен быць 1 тэлефон з доступам у інтэрнэт і ўстаноўленым дадаткам Actionbound. Зайшоўшы ў дадатак, дзеці сканіруюць QR-код вашага квеста, прыдумляюць назву сваёй камандзе, уводзяць імёны ўдзельнікаў і пачынаюць займальную гульню.

Прайшоўшы ўсе выпрабаванні, каманды загружаюць усе медыяфайлы, якія яны стварылі падчас гульні. А настаўнік можа спампаваць усе матэрыялы і праверыць выкананыя заданні ў сваім акаўнце на сайце en.actionbound.com. Гэты рэсурс можна выкарыстоўваць і на ўроку, толькі спярша трэба падабраць заданні па патрэбнай тэме і выбраць зручную форму справаздачы, каб настаўніку было лягчэй праверыць выкананне заданняў.

Яшчэ адным не менш карысным рэсурсам з’яўляецца сайт ed.ted.com (TEDEDLessons), на якім можна знайсці або стварыць самому ўрокі на аснове відэаролікаў. Вы можаце выбраць відэа па тэме, якая вам патрэбна, і стварыць практыкаванні (Multiple Choice, Open Answer Questions), таксама дадаць да відэа дадатковы матэрыял па тэме і пытанні для абмеркавання. Спасылкай на ваш урок вы можаце падзяліцца з вучнямі. Такія заданні можна выкарыстоўваць у якасці дамашніх або выконваць у класе, калі ёсць такая магчымасць. Вынікі вы ўбачыце ў сваім акаўнце на сайце ed.ted.com, іх лёгка прааналізаваць і пакінуць каментарыі да работ.

Выкарыстанне сучасных тэхналогій захапляе як вучняў, так і педагогаў. Урокі і мерапрыемствы становяцца больш мабільнымі і інтэрактыўнымі. Доказам гэтага з’яўляецца тое, што нашы вучні з задавальненнем наведваюць заняткі атрада англійскай мовы Summer Puzzle, актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах па замежнай мове і займаюць прызавыя месцы: дыплом III ступені на абласным этапе конкурсу віртуальных экскурсій Welcome to the Grodno Region, дыпломы II і III ступені на раённым этапе конкурсу тэатральных пастановак на англійскай мове.

Кацярына УЛАСЕВІЧ,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 3 Навагрудка.