Кветкі дабрыні

- 12:14Людзі адукацыі

Сярод выхаванцаў заслужанага настаўніка БССР ветэрана педагагічнай працы Ніны Васільеўны Багамолавай, якая доўгія гады адпрацавала ў Хімоўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Бабруйскага раёна, ёсць і вядомыя работнікі вытворчасцей, і настаўнікі, і капітаны караблёў, і ўрачы. Ёй прысылаюць віншаванні, дораць свае фотаздымкі спецыялісты сельскай гаспадаркі, інжынеры і дырэктары фабрык і заводаў. Усе гэтыя людзі прайшлі не толькі школу ведаў і дысцыпліны, але і школу чалавечай дабрыні.

…Ёй было шаснаццаць гадоў, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Бацька пайшоў на фронт. У сяле Ёлтышава Новасібірскай вобласці засталіся маці з малодшымі братам і сястрычкай. Не верылася тады студэнтцы Іркуцкага фармацэўтычнага тэхнікума, што фашысты дабяруцца і да Масквы, што вайна не дасць ёй магчымасці атрымаць дыплом. У хуткім часе Ніна ўладкоўваецца на работу ў перавязачнае аддзяленне ваеннага шпіталя, які размясціўся ў 9-й школе Іркуцка.
Трэці год вайны. У адзін з апошніх жнівеньскіх дзён эшалонам прыбыло шмат раненых. Работы ў медыцынскага персаналу прыбавілася, спаць у гэтую ноч не клаліся. Праз некалькі дзён увагу медыцынскай сястры Ніны прыцягнуў погляд раненага ў абедзве нагі светлавалосага хлопца. Крыху пазней яна даведаецца, што Радзівон Багамолаў ваяваў на Далёкай Поўначы і быў цяжка ранены ў баі каля гарадка Ландэпох’я, што знаходзіцца за сто кіламетраў ад Мурманска. Больш за год змагаліся ўрачы, каб вярнуць Радзівона ў строй. Аднак дарога на фронт для беларускага хлопца з Новай Шараеўшчыны, што на Бабруйшчыне, была назаўсёды закрыта.
Ліпень 1944-га прынёс доўгачаканае вызваленне беларускай зямлі. Сюды, у родную вёску, вярнуўся з далёкай Сібіры Радзівон Багамолаў. І не адзін — з каравокай дзяўчынай Нінай. Краіна загойвала раны вайны. У маладой сям’і Багамолавых падрасталі ўжо двое сыноў — Віктар і Яўген — і дачка Рыма. Радзівон Рыгоравіч працаваў у калгасе “Шлях Леніна”, а яго жонка, Ніна Васільеўна, уладкавалася на работу ў мясцовую школу лабаранткай. Працавала і ўпарта вучылася сама. Яна, маці траіх дзяцей, змагла адолець спачатку Крычаўскае педагагічнае вучылішча, а потым і Смаленскі педагагічны інстытут. Настойлівасць, мэтанакіраванасць зрабілі сваю справу: з 1954 года Ніна Васільеўна — настаўнік хіміі і біялогіі Хімоўскай сярэдняй школы.
Калі на ўскрайку аграгарадка Хімы быў пабудаваны новы трохпавярховы будынак школы, многія гаварылі, што, маўляў, няўдалае месца выбрана: узвышша, пяскі. І праўда, школьны будынак выглядаў самотным, няўтульным. Але праз пару гадоў гэтыя пяскі застракацелі кветкамі. Насенне Ніна Васільеўна прывозіла з Брэсцкага батанічнага саду, кветкаводчай плантацыі Горацкай сельгасакадэміі і іншых месцаў. Тыя, хто хоць раз бываў у летні час у школе, пісалі Ніне Васільеўне пісьмы і прасілі выслаць насенне кветак. У гэты ж час з’явіўся і школьны сад з пладовымі саджанцамі.
Дзеці гуртка юнага натураліста разам з Нінай Васільеўнай Багамолавай ездзілі на раённыя і абласныя канферэнцыі, афармлялі выставы дасягненняў, выступалі з навуковымі дакладамі і заўсёды прывозілі дыпломы і ўзнагароды. А прышкольны ўчастак стаў лепшым у раёне, і штогод Хімоўская сярэдняя школа займала прызавыя месцы па добраўпарадкаванні.Вялікая роля ў гэтым, канечне ж, належала дырэктару школы Уладзіміру Васільевічу Шылу, выдатніку асветы, для якога школа была ўсім яго жыццём. У далейшым Хімоўскай школе было прысвоена званне “Установа высокай эстэтыкі і санітарнай культуры”.
Ніна Васільеўна — выдатны педагог, настаўнік моладзі. Свой вопыт яна перадала дачцэ настаўніцы геаграфіі і біялогіі гэтай жа школы Рыме Радзівонаўне, якая працягнула традыцыі сваёй маці. Ды і ўвогуле ў Багамолавых цэлая дынастыя настаўнікаў. Сын Віктар таксама пайшоў па гэтым шляху — працаваў дырэктарам школы № 2 у Клімавічах (цяпер гімназія), нявестка таксама настаўніца.
У 1971 годзе Ніна Васільеўна была ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства асветы БССР, у 1976-м атрымала званне “Выдатнік асветы БССР”. Крыху пазней яе, дэлегата VI З’езда беларускіх настаўнікаў, узнагародзяць Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета рэспублікі. Узагароджанні… Іх шмат. Але яны не закруцілі галаву Ніне Васільеўне, а яшчэ больш наблізілі яе да дзяцей і дзяцей да яе, таму што ў дзецях яе маладосць, яе жыццё.— Не, не пасада і не званне ўпрыгожваюць чалавека, — гаворыць настаўніца пра сваіх былых вучняў. — Не ў тым справа, хто з іх на якую прыступку на службовай лесвіцы падняўся. Галоўнае, каб яны ўмелі паважаць людзей, бачылі ў кожным дабрыню і ёй жа свяціліся самі.
А мы думаем, што кожны, хто прайшоў школу Багамолавай, каму пашанцавала вучыцца ў яе, станавіўся як быццам святлейшым, больш сумленным.
Вось ужо які год працягвае лепшыя традыцыі Ніны Васільеўны і Рымы Радзівонаўны іх навучэнка, выхаванка У.В.Шыла, дырэктар Хімоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Бабруйскага раёна Наталля Мікалаеўна Новікава, таксама хімік-біёлаг. Школа працягвае займаць прызавыя месцы ў раёне па добраўпарадкаванні. Тут кожны чалавек — творца прыгажосці, і гэта зразумела, бо не адно пакаленне выпускнікоў нашай установы памятае словы Ніны Васільеўны: “Чалавек шмат што можа. Ён не толькі згубіцель прыроды. Ён можа і павінен быць яе садоўнікам, творцам, яе лекарам, верным сынам, які множыць, а не раскрадае багацце свайго дому”.

Ірына РЫБАЧОНАК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Хімоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Бабруйскага раёна;

Юлія АЎРАМЧЫК,
настаўніца пачатковых класаў, сацыяльны педагог школы.