Кветкі Кірыла

Надзея спартыўнага трэнера, кумір інтэрнэту, ідэал для дызайнераў і мроя тысяч дзяўчат… Але яго цікавяць толькі кветкі. 18-гадовы студэнт факультэта інжынерных сістэм і экалогіі БрДТУ Кірыл Ваўранюк, ці, як яго ўсе ведаюць, Кірыл Кветка, стаў вядомым садоўнікам і папулярным блогерам. Наша з ім размова — пра яго шалёную любоў да раслін, селекцыю, жыццё сярод кветак і мары.

Сур’ёзны падыход

“Колькі я сябе памятаю, мне заўсёды было цікава сачыць за развіццём раслін, за тым, як з’яўляюцца парасткі, як пры надломліванні фікуса выдзяляецца млечны сок. Я хацеў даведацца, як развіваюцца расліны, і з кожным днём мой азарт толькі рос. Да маіх 10 гадоў мы жылі ў кватэры, таму я вырошчваў хатнія кветкі. Дзеці звычайна просяць у бацькоў купіць ім цукерак ці новую цацку, а я — кветкі. У мяне была велізарная калекцыя фіялак. Памятаю, як насыпаў у шклянку зямлі і пасадзіў у яе адламаны лісток фіялкі. Ужо праз гадзіну дастаў яго праверыць, ці з’явіліся карэньчыкі, і пасадзіў зноў. Я рабіў гэта па сто разоў на дзень, пакуль лісток, не вытрымаўшы такіх маніпуляцый, ні загінуў. Але з часам я ўсё ж навучыўся пасынкаваць фіялкі правільна”, — успамінае Кірыл.

Хлопчык марыў пра вялікія калекцыі, але расліны каштуюць дорага, у бацькоў не было магчымасці купляць яму шмат кветак. Таму ён стаў зарабляць сам: размнажаў свае расліны і ў 10 гадоў упершыню прыйшоў на рынак іх прадаваць. Пакупнікоў амаль не было, хоць кошт на расліны быў мізэрны. Людзі не адносіліся да малечы сур’ёзна. Іншы, можа, і кінуў бы гэтую справу, але наш герой не адчайваўся.

“Садам я займаюся з раніцы да вечара. Жыву ім. Калі няма заняткаў, то з раніцы да ночы перасаджваю расліны, паліваю, абразаю… Не вяду ніякіх дзённікаў, не раблю запісаў — усё ў памяці. Я ведаю, дзе які гатунак у мяне расце, дзе яны былі набыты і калі пасаджаны. А вось падтрымаць гутарку падчас сустрэч з сябрамі пра машыны я не магу — у маёй галаве толькі расліны”.

“Паралельна я займаўся пола (вучыўся ў спартыўным класе па водным пола), 7 гадоў да выпуску займаўся ім прафесійна. Каб усё паспяваць, я ўставаў у 4—5 гадзін, распальваў печы ў цяпліцах. З татам мы адвозілі на рынак расліны, я расстаўляў іх на прылаўку, а тата ехаў на работу. Потым мяне падмяняла мая бабуля, якая зусім не разбіраецца ў кветках. Я расстаўляў таблічкі з усёй інфармацыяй і бег у школу. Пасля ўрокаў імчаўся на трэніроўку, пасля яе — на рынак, каб падмяніць бабулю. Потым ехаў дадому і да ночы працаваў у садзе, сумяшчаючы гэта з выкананнем урокаў. І так кожны дзень! Гэта было нейкім вар’яцтвам. Жыць у такім рытме было цяжка фізічна, але, калі займаешся любімай справай, гэтая стомленасць прыемная. Усведамляць перад сном, колькі за дзень я паспеў зрабіць, вельмі прыемна. Мне патрэбны былі грошы — не мог спа ць спакойна, пакуль ні куплю тыя кветкі, якія хачу. І ў хуткім часе месца на падаконніках скончылася. Хіба ў кватэры разгуляешся?” 

На ўласных сотках

Самае цікавае ў жыцці Кірыла пачалося тады, калі ён з бацькамі пераехаў у свой дом з участкам 40 сотак. Як ён кажа, “панеслася спёка!”. Хлопчык адразу пераарыентаваўся на садовыя расліны, бо месца для іх тут было дастаткова. Адразу загарэўся вырасціць і свой вінаград — буйны і салодкі. У свой дзень нараджэння на ўсе сабраныя грошы пабег на рынак па саджанцы. Хапіла на 12 гатункаў. Але вінаградар не палічыў, што такому малому пакупніку яшчэ трэба нешта тлумачыць і ні слова не сказаў пра догляд. На ўласных памылках Кірыл даведваўся, як ратаваць вінаграднікі ад замаразкаў, хвароб, шкоднікаў, выправання і г.д. Толькі на пяты год ён пакаштаваў уласны ўраджай. Цяпер жа яму хапае аднаго года — ад пасадкі да важкіх гронак. А ўсяго ў яго больш за 40 гатункаў вінаграду. 

Акрамя кветак, Кірыл вырошчвае інжыр, маракую, бавоўну, батат, розныя арэхі, імбір, фейхоа, куркуму, пепіна, ківана, тамарынд і мноства іншых экзотаў.

“І ў дзяцінстве, і цяпер усе выручаныя ад продажу кветак грошы ідуць ці на новыя кветкі, ці на іх догляд — інвентар, цяпліцы, угнаенні. Маё жыццё — расліны. І як бы я ні жыў, колькі б грошай у мяне ні было, усе яны будуць ісці толькі на кветкі, бо яны прыносяць мне задавальненне, а грошы для мяне не самамэта. Хаця цяпер прадаваць свае кветкі мне лёгка. Калі я выходжу на рынак, да мяне ўтвараюцца кіламетровыя чэргі пакупнікоў. Гэта вельмі прыемна. Я люблю, калі кветкі любяць і іншыя. Калі пакупнік прыходзіць з дзіцем, я заўсёды дару яму штосьці, тым самым натхняючы паглядзець на кветку і навучыцца яе даглядаць. У Instagram часта праводжу розыгрышы — у канцы працоўнага дня бяру некалькі раслін з прылаўка, задаю нейкае пытанне пра кветкі і першаму, хто дабяжыць да мяне на рынку і дасць правільны адказ, дару адну з кветак на выбар”, — дзеліцца кветкавод. 

Кірыл стаміўся тлумачыць мадэльерам, што подыум яго зусім не цікавіць. Закінуў хлопец і спорт, хоць поспехі ў водным пола былі вялікія. Ён зразумеў, што расліны для яго — галоўнае, і вырашыў цалкам прысвяціць сябе ім.

Пра селекцыю і калекцыі

Якраз цяпер надыходзяць лепшыя для Кірыла дні — сіноптыкі больш не пагражаюць замаразкамі, пачынаецца сапраўдная вясна. А значыць, нарэшце пакажуцца з зямлі ўсе яго кветкі. А ўжо цяпер выглядваюць салатавыя парасткі лілейнікаў — у калекцыі Кірыла больш за 60 гатункаў. Адзін з іх юнак афіцыйна зарэгістраваў як “Кветку Кірыла”. Як расказаў хлопец, ён атрымаў яе ад гатункаў “люцыян” і ageless beauty. На селекцыю пайшло шэсць гадоў, але ён лічыць, што гэта не доўга, тым больш што з пяцісот сеянцаў атрымаліся тры гатункі. У іншых садаводаў часта і з тысячы не атрымліваецца вывесці ніводнага. 

“Кветка Кірыла” няпростая: усе лілейнікі цвітуць 1 раз на год, а гэты — двойчы. Да таго ж у яго шырокая хвалістая аблямоўка. “Хвалі” накладваюцца адна на адну, што робіць кветку незвычайнай. “Сваіх” кветак хлопец вывеў ужо некалькі. Усіх іх ён будзе рэгістраваць.

Не менш увагі Кірыл удзяляе і лілеям — у яго шыкоўная калекцыя. Барадатых касачоў было каля 150 гатункаў. Іх моцна паела мядзведка, таму, ратуючы іх, ён аддаў усю калекцыю на захаванне сваёй сяброўцы з умовай, што, як толькі пазбавіцца ад шкоднікаў на ўчастку, калекцыю ён адновіць. У мінулым годзе ў яго было толькі 2 гатункі вяргінь — сёлета ўжо больш за 70. Гэта безліч колераў і форм кветак: пампонныя, эхінацэяпадобныя, ігольчатыя і інш. Не меншая ў яго і калекцыя клематысаў, больш за два дзясяткі відаў буйналіставых гартэнзій, столькі ж і мяцёлчатых. З кожным днём павялічваецца калекцыя хрызантэм і іншых кветак. Усіх іх Кірыл ужо даўно не можа падлічыць. Да тысячы яшчэ лічыў, а потым збіўся.

Убачыць усё багацце Кірыла можна ў яго пастах, відэароліках і на фота ў сацсетках. Тое, з якой любоўю Кірыл расказвае пра іх, не можа не зачароўваць. Талент садоўніка і блогера ацанілі тысячы людзей. Напрыклад, у TikTok ён зарэгістраваўся толькі ў мінулым годзе, і літаральна за першыя 2 тыдні ў яго было ўжо 20 тысяч падпісчыкаў. Для хлопца такая небывалая папулярнасць ужо тады была шокам, цяпер жа падпісчыкаў больш за 300 тысяч. Большая іх частка — маладыя дзяўчаты, хлопцы, якія натхняюцца садам, купляюць сабе кветкі і вучацца іх даглядаць. З дапамогай Кірыла ў іх усё атрымліваецца — юнак з задавальненнем адказвае на тысячы пытанняў пра догляд, выбар гатункаў, ландшафтны дызайн. Ён плануе запусціць свой сайт з парадамі для навічкоў і напісаць кнігу па садаводстве.

Дзяўчаты засыпаюць Кірыла прапановамі пазнаёміцца, пагуляць, але на гэта ён пакуль не знаходзіць часу. Аднак тыя не губляюць надзей. Самая вялікая колькасць каментарыяў да паста, пад якім ён напісаў: “З той, хто адгадае ўсе гатункі клематысаў, ажанюся”. 

А яшчэ Кірыл хоча выпусціць музычны альбом. Ён у яго ўжо амаль гатовы: тэксты песень напісаны, засталося толькі запісаць іх на студыі. Усе песні ў ім — пра кветкі. 

“Я з маленства люблю музыку. І мабыць, каб у мяне не было магчымасці некалі пераехаць у свой дом і вырошчваць кветкі, я б займаўся музыкай. Музычная творчасць дапаможа мне ахапіць новую аўдыторыю і, спадзяюся, будзе таксама натхняць слухачоў любіць кветкі. Я пішу музыку і песні пра сваё жыццё, пра любоў да кветак, пра тое, што важна для мяне і для іншых”, — расказвае Кірыл.

Пакрысе рухаецца ён і да галоўнай сваёй мары. “З дзяцінства я марыў стварыць самы вялікі ў горадзе гадавальнік кветак з магазінам, дзе б іх можна было купіць. Але калі падрос, пераасэнсаваў свае дзіцячыя планы і хачу не проста вырошчваць кветкі, а выводзіць іх новыя гатункі. І канчатковая мэта (канечне, не ў найбліжэйшай перспектыве, а, можа, гадоў праз 30—40) — стварыць у сваім родным горадзе Брэсце парк, у якім бы раслі толькі кветкі, выведзеныя мной”, — дзеліцца юнак. 

Праз крыўды да мэты

Хоць гэтыя амбіцыйныя мары могуць здацца занадта смелымі і нерэальнымі, я чамусьці пераканана, што ўсе яны здзейсняцца. Упэўненасці ў гэтым надае тое, што Кірыл навучыўся пераадольваць любыя перашкоды.

“Я чалавек упарты і заўсёды буду дабівацца сваіх мэт, — гаворыць ён. — Вы не ўяўляеце, колькі людзей мне казалі, што кветкі — гэта не для хлопцаў, колькі разоў стараліся мяне маім захапленнем пакрыўдзіць, папракнуць. Тым больш што кветкі я сумяшчаў з пола — у наш клас сабралі “эліту” з усяго горада. Смяяліся з майго захаплення і трэнер, і аднакласнікі. Калі я завёў акаўнты ў сацсетках і стаў выкладваць свае фота з кветкамі, пачалося цкаванне. Мне толькі і пісалі ў каментарыях: “А дзе нармальныя фоткі?”, “Выдалі гэтыя кветкі!” і інш. Я іх выдаляў і зноў выкладваў. А потым у адзін момант цвёрда вырашыў: што б ні было, я буду рабіць тое, што падабаецца мне. І ўжо больш не звяртаў увагі на такія каментарыі. Цяпер тыя аднакласнікі, якія мяне цкавалі, — мае падпісчыкі. Яны мне пішуць, маўляў, не разумелі, што дзіцячае захапленне магло быць прызваннем, не думалі, што яно можа прынесці папулярнасць і карысць. І дзівяцца, што я змалку не збочыў з выбранага шляху, нягледзячы на насмешкі”. 

Затое цяпер, ва ўніверсітэце, юнак у сваёй талерцы. Як толькі ён стаў студэнтам, яго аднагрупнікі знайшлі яго акаўнт у Instagram, а расліны сталі для іх агульнай тэмай. Яны не проста дзівяцца яго ўраджаю, мору кветак, але і самі натхніліся садаводствам, робяць заказы на саджанцы і вучацца іх даглядаць. Кірыл кожнаму прадаставіў тыя расліны, якія ў яго прасілі: каму кветкі, каму цыбук вінаграду, каму насенне ківана ці іншага экзота. Падключаюцца да садовага бартару і выкладчыкі — усе яны ў захапленні ад саду свайго студэнта і рады абмяняцца раслінамі. “Гэта найвялікшае шчасце для мяне — натхняць іншых”, — гаворыць Кірыл.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Кірыла Ваўранюка.