Кветкі, музыка і дзеці

- 12:33Прафесіяналы

Пётр Чайкоўскі некалі сказаў, што самае цудоўнае на свеце — кветкі, музыка і дзеці. Гэта стала дэвізам жыцця і маёй гераіні — Наталлі Крагельскай, педагога дадатковай адукацыі Палаца дзяцей і моладзі “Золак” Мінска. Упэўнена, гэтая фраза становіцца блізкай і ўсім тым, каму пашчасціла ўбачыць на сцэне выступленне яе ўзорнага тэатра танца “Ірыс-шоу”.

Увесь танец — тэатр

— Я з маленства марыла пра сцэну, марыла танцаваць. Таму ў гадоў дзесяць прыйшла ва ўзорны ансамбль танца “Лянок” пры Доме культуры Трактарнага завода, — успамінае пачатак свайго творчагу шляху Наталля Казіміраўна. — Менавіта там я зразумела, што сваё жыццё хачу звязаць са сцэнай. Паездкі, новыя сябры, новыя ўражанні — гэта вельмі мне падабалася. Хоць на той час ансамбль быў самым пасрэдным, але з часам мы сталі нават абсалютнымі пераможцамі Рэспубліканскага агляду-конкурсу харэаграфічных калектываў. І гэтае адчуванне перамогі, што мы ўсё ж такі сталі лепшымі ў рэспубліцы, засталося ў мяне і дагэтуль. І цяпер, калі ўжо мае дзеці становяцца на конкурсах пераможцамі, я быццам вяртаюся ў сваё дзяцінства і зноў перажываю хвіліны гордасці за сябе, за свой калектыў, за тое, што мы змаглі гэта зрабіць.

Потым у жыцці Наталлі Крагельскай быў універсітэт культуры, прычым (дзіва!) не харэаграфічнае аддзяленне, а спецыялізацыя “рэжысура масавых свят і відовішчаў”. Таму і калектыў, які яна стварыла ў 1996 годзе ў “Золаку”, назвала менавіта тэатрам танца, а не проста танцавальным ансамблем. Бо кожны яго нумар — гэта не проста набор рухаў, гэта жывы аповед пра што-небудзь ці пра каго-небудзь, а кожная канцэртная праграма — гэта самы сапраўдны спектакль, які ўдзельнікі калектыву ператвараюць у яркае шоу.

— Гэта мая рэжысёрская адукацыя не давала мне спакойна спаць, — тлумачыць педагог тэатральную аснову ў назве. — Мне хацелася, каб усе нумары былі як маленькія апавяданні — пра адносіны, эмоцыі, пачуцці. І ўсе яны павінны былі мець сюжэт. Для мяне гэта галоўнае — пра што мы будзем танцаваць і пра што скажам гледачам. Нават калі гэта просценькі дзіцячы нумар, у ім павінны быць фішка і настрой.

Творчае асарці

У рэпертуары калектыву налічваецца каля 30 харэаграфічных пастановак, многія з якіх вельмі палюбіліся як выканаўцам, так і гледачам. Гэта “Разам”, “Стылягі”, “На ранча”, “Вучаць у школе”, “Вусаты аркестр”, “У джазе толькі дзяўчаты”, “Подыум” і іншыя. А калі калектыву было толькі 4 гады, ён штогод стаў рэалізоўваць вялікія творчыя праекты. Гэта новая інтэрпрэтацыя канцэрта, ад якога ён адрозніваўся тэатралізацыяй і сюжэтнай звязкай паміж усімі нумарамі.

Першым іх праектам быў “Пачатак”. Юныя артысты з імправізаванага двара выступілі ў ролі навасёлаў. І кожны расказваў сваю гісторыю: адзін — гісторыю кахання, другі — гумарэску і г.д. І пасля таго кожная іх праграма мела свой сюжэт, сваю гісторыю, сваю назву. Так, падчас “Падарожжа вакол свету з ірыскамі” гледачы набывалі білеты на самалёт і ляцелі вакол зямнога шара: над якой краінай яны праляталі, танец таго народа ці яго стылізацыю і выконвалі. Потым былі “Калізія” і “Такі просТЕNькі дзень нараджэння!”, “За паўгадзіны да вясны”, “Справа была ўвечары…”, “15+”, “На пялёстках кветак напісана пасланне…” і інш.

Але самым значным для калектыву стаў іх апошні праект — “Кветкавая феерыя”. Яго ідэю Наталля Казіміраўна выношвала з першага дня, калі толькі стварала “Ірыс-шоу”. І ўсе гады працы сталі падрыхтоўкай да яго.

— Яго ідэя жыла ўва мне, яшчэ калі я набірала свае першыя групы. Я марыла, што калі больш-менш падрыхтую дзяцей, калі мы асвоім шмат танцавальных стыляў, калі ў нас з’явяцца прыгожыя касцюмы, мы запросім гледача ў краіну кветак, дзе кветка ірыс, наш сімвал, будзе ў легендах расказваць пра іншыя кветкі. Але потым я зразумела, што адна не магу зрабіць тое, пра што мару. Нерэальна адной як след прадставіць кожны танцавальны стыль, паставіць дуэтны нумар і г.д. Гэта было б аднабока, бо ўсё роўна адчуваўся б адзін почырк. Калі нам споўнілася 10 гадоў, да нас прыйшла Таццяна Мікалаеўна Кудравец — мая правая рука, левая, недзе нават настаўнік (гэта проста так атрымалася, што заснавальнікам была я). Гэта настолькі творчы і цікавы чалавек, выдатны харэограф! З ёй наш тандэм склаўся і стаў вельмі плённым. Тады ж прыйшла да нас і Алена Фралова, студэнтка ўніверсітэта культуры, якая прахо­дзіла практыку і засталася на пасадзе балетмайстра. У нашай камандзе і акампаніятар Наталля Леанідаўна Кавалёва. Але нам не хапала кампазітара: мы ж стваралі незвычайную праграму. І знайшлі яго — Віктара Дзяменцьева, галоўнага адміністратара Беларускага музычнага тэатра. Мы паказалі яму легенды, якія хочам увасобіць у танцы, і ён напісаў для нашай пастаноўкі аўтарскія трэкі. Нават касцюмы кветак для нашых дзяўчат шылі розныя дызайнеры, каб падкрэсліць непаўторнасць кожнай.

Так сапраўдная “Кветкавая феерыя” выбухнула і не сціхае цэлыя 3 гады — гэтага ўжо не дазволіць глядач. Грандыёзнае шоу, якое пачынае ірыс, працягваюць незабудкі, расказваюць свае легенды васількі, цюльпаны, нарцысы, лотасы і інш. А ў фінале тлумачыцца, чаму ружа лічыцца царыцай кветак. Пакланіцца ёй прыходзяць усе кветкі, а галоўны герой — кветкавы эльф, які, паводле легенды, жыве ў кожнай кветцы, — ператвараецца ў бога сонца Ра.

— Цяпер ідзе абнаўленне праграмы, бо старэйшыя дзеці ўжо выпусціліся, ім на змену прыйшлі бутончыкі, недзе толькі пасеяна насенне, ірысы прарастаюць, недзе прабіваецца чаранок ружы — усё так, як у прыродзе, — расказвае пра юных пераемнікаў кветкавых роляў Наталля Крагельская. — Потым плануем мяняць музыку, каб кожны раз праграма была новай.

Літаральна ўчора віншавалі жанчын горада з надыходзячым святам незабудкі, цюльпаны і васількі. Запрашаюць “кветак” павіншаваць і мужчын на 23 лютага, і ветэранаў з Днём Перамогі. “Ірыскі” — частыя ўдзельнікі і на святкаванні Дня горада, Дня Незалежнасці, Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар” у Віцебску.

 Багатая ў дзяўчат і фестывальна-конкурсная біяграфія. На іх рахунку — перамогі і прызавыя месцы на самых значных у творчым асяроддзі праектах: на фестывалі эстраднага мастацтва “Белая Русь”, Міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці “Залатая пчолка” ў Клімавічах, Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе “Танцавальная карусель”, Міжнародным фестывалі юных талентаў “Зямля пад белымі крыламі”, конкурсах “Шаную цябе, Белая Русь!”, “Усміхніся, зорачка!”, адкрытым фестывалі-конкурсе харэаграфічнага мастацтва “Славянскі кубак”, Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” і інш.

Дыпломы абсалютных пераможцаў і лаўрэатаў яны прывезлі і з Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Славянскі вянок” (Балгарыя),  Міжнароднага творчага фестывалю дзяцей і моладзі “Новая хваля ідэй” (Балгарыя), Міжнароднага фестывалю творчасці моладзі Folkoneinsperancie (Польшча), Міжнароднага творчага конкурсу “Гранд-фестываль” (Італія) і інш.

У маі “Ірыс-шоу” збіраецца паехаць у Польшчу, у прыбалтыйскі Лэба. У чэрвені паедзе на фестываль у Грэцыю. Для гэтага калектыў рыхтуе новыя стылізаваныя нумары. Ужо 19-ы год працягваецца цеснае супрацоўніцтва старшай канцэртнай групы з саліст­кай студыі “Сябры” Алесяй. Дзякуючы гэтаму творчаму тандэму, дзяўчаты пабывалі на сцэнах Масквы, Санкт-Пецярбурга, Адэсы, Кіева, Баку, Варшавы.

Выпускнікі — мая гордасць

Хоць узнагарод калектыў мае мноства, усё ж галоўная гордасць у маёй гераіні не яны. Самая вялікая гордасць кожнага педагога — калі яго выпускнікі становяцца калегамі, як прызнаецца Наталля Казіміраўна.

Многія былыя “ірыскі” звязалі сваё жыццё са светам танца. Некаторыя выхаванцы калектыву з’яўляюцца студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, выбраўшы сваёй спецыяльнасцю харэаграфію, а некаторыя паспяхова працуюць кіраўнікамі сваіх калектываў. Адна з іх — Венера Ібатуліна.

— Венера займалася ў мяне з 10 гадоў да самага паступлення ва ўніверсітэт культуры. Прычым яна яшчэ дзіцем цвёрда сказала мне, што хоча быць педагогам і вучыць танцаваць дзяцей, у тым ліку тых, якія маюць парушэнні ў развіцці. Так і атрымалася. Праўда, яна выйшла замуж і паехала з мужам ва Украіну, цяпер жыве ў Мелітопалі. Там яна стварыла калектыў “Атмасфера”, які ўжо нават атрымаў званне “ўзорны”. Венера ў гарадку разгарнула такую бурную дзейнасць, аб’яднала вакол сябе столькі дзяцей! Сярод іх ёсць і асаблівыя дзеткі.

Юлія Гаўрыловіч таксама прыйшла ў “Золак”. Пакуль яна працуе харэографам з вакалістамі, ставіць ім нумары. Але ў наступным годзе я яе забяру да сябе. Гэта, напэўна, адзіны чалавек, які памятае ўсе нумары, якія яна танцавала, пачынаючы з 8 гадоў. Яна памятае дагэтуль кожную звязку любога танца. І цяпер у яе работах бачу свой почырк, сваю манеру зносін з дзецьмі, — расказвае Н.К.Крагельская.

А яшчэ больш выпускніц “Ірыс-шоу” выбралі сваёй прафесіяй, як і Наталля Казіміраўна, рэжысуру. Хаця як гаворыць педагог, неабавязкова быць на сцэне, каб танцаваць. Сярод яе выпускніц ёсць і бухгалтары, і прадаўцы, і настаўнікі, але многія з іх працягваюць танцаваць.

Фолкавая перспектыва

Сёння педагагічна-дзіцячы творчы калектыў аб’ядноўвае свае ідэі для будучага новага праекта — такога ж маштабнага, з прафесійным падыходам, дзе ёсць гармонія танца, лексікі, касцюма і музыкі. І наступнай будзе фолкавая праграма “Кола года”. Як патлумачыла Н.К.Крагельская, гэта бу­дзе кругаварот свят, традыцыйных для нашых продкаў і тых, якія святкуюцца і сёння: Гуканне вясны, Масленіца, Юр’е, Купалле, Пакровы, Каляды і інш. Фішкай новага харэаграфічнага спектакля будзе выключна аўтарская музыка, спецыяльна напісаная для іх калектыву і прымеркаваная да народных свят, і, канечне, тэатральная харэаграфія.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Наталлі Крагельскай.