Кветкі набліжаюць вясну

- 11:05Адукацыйная прастора

Лаванда, фіялкі, эдэльвейсы, сланечнікі, валошкі, макі, рамонкі, незабудкі, ландышы, званочкі, стакроткі, дзьмухаўцы, герберы… Усім хапіла кветак для пераўвасаблення.

Менавіта гэтая прыгожая тэма аб’яднала вучняў гомельскай сярэдняй школы № 33. Прыгожы “букет” сабралі на праграме “Кветкавая феерыя”. Намеснік дырэктара Наталля Шыкіна расказала, што ўсе навучэнцы рыхтаваліся плённа і знайшлі, чым уразіць строгае журы.

— Кветкавая тэма натхняла фантазію вучняў і іх бацькоў. Яны рыхтавалі касцюмы для дэфіле, а таксама пачастункі ў пэўным стылі, дарэчы, вырабленыя сваімі рукамі. Вучні прадэманстравалі навыкі ў святочнай сервіроўцы стала, культуры харчавання, а таксама прадставілі ўвазе гледачоў строі па кветкавых матывах. Таксама дзеці і бацькі паказалі цікавыя творчыя нумары мастацкай самадзейнасці.

Выкананне песень і танцаў дазволіла кожнаму дзіцяці раскрыць свае творчыя здольнасці. Прызамі конкурсу ў кожнай узроставай групе ўзнагароджаны каманды “Ландышы”, “Стакроткі”, “Герберы”, “Макі” і “Сланечнікі”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 33 Гомеля.