Кветкі памяці

27 чэрвеня ўдзельнікі Рэспубліканскага балю выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі ўсклалі кветкі да абеліска “Мінск — горад-герой” на сталічным праспекце Пераможцаў. Адметна тое, што напярэдадні, 26 чэрвеня, споўнілася 46 гадоў з дня прысваення Мінску ганаровага звання “Горад-герой”.

У цырымоніі ўзялі ўдзел міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка і рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзім Богуш.

“Як любы педагог, кожны год я адчуваю ноткі настальгіі, — адзначыў міністр адукацыі Ігар Карпенка. — Я вельмі актыўна наведваю ўстановы вышэйшай адукацыі, таму на працягу года мне даводзілася сустракацца і з сённяшнімі выпускнікамі. Крыху шкада іх адпускаць, але мы вельмі добра разумеем, што яны сёння ідуць у наш народнагаспадарчы комплекс, каб забяспечыць стабільную работу эканамічнай сістэмы краіны”.

Большасць выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў ужо вызначыліся з першым месцам работы. Па словах Ігара Карпенкі, зараз першае рабочае месца па размеркаванні атрымліваюць амаль усе выпускнікі. Замацаванасць у розных галінах розная, але ў цэлым гэтая лічба складае 70—80% ад колькасці ўсіх маладых спецыялістаў.

Адказваючы на пытанні журналістаў, міністр адукацыі адзначыў, што сёння пэўнай падтрымкі патрабуюць спецыяль­насці сельскагаспадарчага профілю, бо праца ў сельскай гаспадарцы вельмі складаная, і не кожны малады чалавек гатовы ісці ў гэтую сферу.

Ігар Васільевіч адзначыў, што сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі на працягу двух гадоў право­дзіцца сур’ёзная прафарыентацыйная работа, у тым ліку і праз стварэнне аграрных класаў. Сёлетнія абітурыенты спецыяль­насцей сельскагаспадарчага профілю будуць паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі па выніках субяседавання пры наяўнасці мэтавага накіравання. “Усё гэта робіцца для таго, каб забяспечыць кадрамі важную галіну, якая не толькі гарантуе харчовую бяспеку нашай краіны, але і рэалізоўвае экспарт харчовай прадукцыі”, — падкрэсліў міністр.

Сёння Урад разглядае цэлы шэраг комплексных пытанняў, каб не проста размяркоўваць маладых спецыялістаў, а замацоўваць іх на рабочых месцах. “У нашай краіне прынята стратэгія фарміравання Нацыянальнай рамкі кваліфікацый,— дадаў Ігар Васільевіч. — Сёння мы працуем з міністэрствамі і ведамствамі, дзе створаны сектаральныя саветы, якія вызначаюць цэлы комплекс пытанняў, пачынаючы ад стварэння прафесійнага стандарту будучага спецыяліста, на аснове якога распрацоўваюцца вучэбныя планы, адукацыйныя стандарты, праграмы, і заканчваючы тымі сацыяльнымі гарантыямі, якія дазволяць замацоўваць такіх выпускнікоў”.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара.