Мемарыяльная дошка ў гонар музыканта з сусветным імем з’явілася на фасадзе гуманітарнага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Менавіта тут у сярэдзіне пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя вучыўся Чэслаў Выджыцкі, які ўзяў творчы псеўданім Немэн.

У знакавай культурнай падзеі прынялі ўдзел Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч, маршал Сената Польшчы Станіслаў Карчэўскі, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Артур Міхальскі, удава музыканта Малгажата Немэн.
Старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой адзначыў, што ўвекавечанне памяці Чэслава Немэна — яркі прыклад блізкасці двух народаў. Гэта не толькі даніна памяці спеваку і кампазітару, але ў значнай ступені творчы арыенцір для навучэнцаў гуманітарнага каледжа.
Славуты музыкант нарадзіўся ў вёсцы Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна, вучыўся ў Гродне, сусветную вядомасць атрымаў у Польшчы. І ніколі не забываў родныя мясціны, дзе зараз працуе мемарыяльны музей у яго гонар. Малгажата Немэн атрымала кветкі з радзімы Чэслава, такі ж букет упрыгожыў мемарыяльную дошку.
— Сёння я ўбачыў Нёман — гэта вельмі прыгожая рака. Невыпадкова яе назва стала творчым псеўданімам Чэслава Немэна. Гэта стала праяўленнем яго пастаяннай сувязі з роднай зямлёй, — адзначыў Станіслаў Карчэўскі.
У гуманітарным каледжы ГрДУ імя Янкі Купалы беражліва шануюць і захоўваюць гісторыю навучальнай установы і ганарацца сваімі выпускнікамі. Імянныя аўдыторыі, гістарычныя даведкі аб былых вучнях знаходзяцца ва ўсіх кутках каледжа. Мемарыяльная дошка ў гонар Чэслава Немэна стане яшчэ адной цаглінкай у падмурак гэтай гісторыі.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА.