“Квітней, мой край!”

Менавіта так называўся абласны агляд-конкурс па комплексным добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі ўстаноў адукацыі Гродзенскай вобласці.

Установы дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўсіх раёнаў вобласці спаборнічалі ў трох намінацыях: “Паклонімся вялікім тым гадам”, “Сад пачуццяў”, “Комплекснае добра­ўпарадкаванне і азеляненне тэрыторыі задняга плана ўстаноў адукацыі”. 113 заявак ад пераможцаў раённых этапаў былі прадстаўлены для ўдзелу ў абласным агля­дзе-конкурсе.

Падводзячы вынікі, члены журы адзначылі творчы падыход удзельнікаў агляду-конкурсу да добраўпарадкавання тэрыторыі. Кожная ўстанова старалася разнастаіць кветкава-дэкаратыўны асартымент і творча падысці да афармлення кветнікаў. Выкарыстоўваліся сучасныя элементы ландшафтнага дызайну, відавы асартымент падбіраўся такім чынам, каб кветкі доўга радавалі вока.

Адразу ў дзвюх намінацыях — “Паклонімся вялікім тым гадам” і “Комплекснае добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторыі” — сярод устаноў дашкольнай адукацыі перамогу атрымаў яслі-сад № 3 Мастоў.

Як расказала выхавальніца ясляў-сада Таццяна Ткачук, з ранняй вясны да позняй восені каля самага ўвахода ва ўстанову адукацыі красавалася кветкавая клумба ў выглядзе зоркі. Каркас яе зрабілі з металу, а полымя, якое сімвалізуе Вечны агонь, высадзілі з чырвоных сальвій, завяршалі кампазіцыю аксаміткі, якія радуюць сваім цвіценнем увесь сезон.

Дзеці адразу сказалі, што зорка ў іх у двары — да Дня Перамогі. Выхаванцы дапамагалі даглядаць кветкі, а ўвосень сабралі насенне, каб высадзіць на наступны год. Многія фатаграфаваліся каля прыгожай клумбы.

У азеляненні тэрыторыі прымалі ўдзел усе — ад выхавальнікаў да тэхнічных работнікаў ясляў-сада. Зроблена было шмат, таму і вынік парадаваў — перамога на абласным конкурсе.

Таксама сярод пераможцаў агляду-конкурсу “Квітней, мой край!” — захопленыя педагогі і навучэнцы Бастунскага ясляў-сада — базавай школы Воранаўскага раёна, Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага тэхналагічнага каледжа, ясляў-сада № 6 Шчучына, Валеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, Ваўкавыскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі, сярэдніх школ № 1 Ашмян і № 38 Гродна, Ашмянскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага кале­джа і інш.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена яслямі-садам № 3 Мастоў.