Квітнеючая сталіца: як установы адукацыі ўключыліся ў работу па добраўпарадкаванні

- 9:00Главная, На пользу дела, Новости

Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і ўстанова адукацыі пачынаецца з прылеглай тэрыторыі. У дзіцячых садах і школах Мінска закладваюцца кветнікі, ствараюцца арыгінальныя ландшафтныя кампазіцыі, устанаўліваюцца малыя архітэктурныя формы — робіцца ўсё для таго, каб мець сваё непаўторнае аблічча і ўтульную атмасферу. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Кветкі міру і дабра

Сярэдняя школа № 185 Мінска імя С.В.Прытыцкага актыўна ўключылася ў працэс рэалізацыі задач па добраўпарадкаванні. Як адзначыла яе дырэктар Галіна Юрцэвіч, асаблівая ўвага сёлета ўдзяляецца касметычнаму рамонту будынкаў школы. Пачаліся работы па рамонце адмосткі і ўкладцы асфальтавага пакрыцця. Будзе адрамантаваны і ганак.

Штогод вырашаюцца пытанні па азеляненні тэрыторыі і рэалізацыі ландшафтнага дызайну. Сёлетні праект носіць назву “Кветкі міру і дабра” і прымеркаваны да 80-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Яго мэта — стварэнне ва ўстанове адукацыі малых архітэктурных форм у тэхніцы расліннай пластыкі, якая адлюстроўвае тэму міру. Для дэкарыравання клумб выраблены фігуркі са спілу дуба, асіны. Дадатковы дэкор — камяні, галька, сасновая кара.

На цэнтральнай клумбе будзе ўстаноўлены стылізаваны манумент: класічны абеліск “Тры штыкі”, арыгінал якога знаходзіцца ў Віцебску і сімвалізуе аб’яднанне Чырвонай Арміі, партызан і падпольшчыкаў у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На тэрыторыі старшай школы высаджаны дрэвы, кусты, мнагалетнікі, якія ствараюць унікальнае аблічча і атмасферу школы, робячы яе больш утульнай і прыцягальнай. Зялёныя насаджэнні не толькі ўпрыгожваюць школьны двор, але і садзейнічаюць паляпшэнню экалагічнай сітуацыі, радуюць вока не толькі школьнікаў, але і жыхароў мікрараёна Кунцаўшчына.

— Добраўпарадкаванне — гэта не толькі пра чысціню і парадак, гэта больш пра камфорт, пра тое, каб кожнаму з нас было зручней жыць у сваёй краіне, на сваёй вуліцы, у сваім двары і доме, — упэўнены навучэнцы і педагогі 185-й школы.

Сямейная справа

Вялікую ўвагу ўдзяляюць добраўпарадкаванню, кветкаваму афармленню тэрыторыі і ў сярэдняй школе № 19 імя Янкі Купалы. Установа неаднаразова станавілася пераможцай гарадскога конкурсу “Формула саду”. 

— Мы заўсёды прадумваем, як упрыгожыць тэрыторыю школы, каб яна прыцягвала ўвагу дзяцей, бацькоў і жыхароў нашага раёна. Вось і сёлета рэалізуем праект “И помнит мир спасенный”, — адзна­чае дырэктар школы Ала Жукоўская. — Была пра­ведзена вялікая падрыхтоўчая работа, праект распрацоўваўся творчай групай педагогаў. Яго ідэйным натхняльнікам з’яўляецца наш лабарант Таццяна Шаблоўская, якая кожны год прапануе свежыя, незвычайныя ідэі па доб­раўпарадкаванні і азеляненні. А сёлета праект мы прымеркавалі да 80-годдзя Вялікай Перамогі.

На прышкольнай тэрыторыі вырашылі разбіць кветнік “Курган Славы”. Вакол малой архітэктурнай формы бу­дуць высаджаны аксаміткі, бягоніі і іншыя кветкі. У рэалізацыі праекта прымаюць удзел педагогі, навучэнцы, тэхнічныя работнікі, якія прыцягваюць да гэтай дзейнасці і сваіх родных. Так што добраўпарадкаванне стала сямейнай справай. Крыху парушыла планы надвор’е. Завяршыць кампазіцыю планавалася да 9 мая, аднак начныя замаразкі не далі магчымасці высадзіць усе расліны. 

— Паступова школьны ўчастак набывае прывабны знешні выгляд. У нас ёсць так званая “прывітальная клумба” з мема­рыяльным каменем, які ўстаноўлены да 100-годдзя школы, клумба з мнагалетнікамі, якая штогод мадэрнізуецца, дасаджваецца (летась, напрыклад, былі высаджаны бамбук, лаванда), і кветнік адналетнікаў са зменнай кампазіцыяй. Дарэчы, апошняя клумба і з’яўляецца прасторай для рэалізацыі ўсіх задум праекта. Навінкай гэтага года па азеляненні прышкольнай тэрыторыі стануць вертыкальныя кветніцы. Прычым расаду для іх і закуплялі, і вырошчвалі самі. Таге­тэсы, петуніі, бягоніі, агератумы будуць радаваць вока гаспадароў і гасцей школы. Акрамя таго, на прышкольнай тэрыторыі сёлета былі высаджаны 8 туй у гонар герояў Вялікай Айчыннай вайны, імёнамі якіх названы вуліцы нашага раёна, — працягвае Ала Віктараўна.

Квітнеючая сталіца

Пасля зімы тэрыторыі дзіцячых дашкольных устаноў таксама папрыгажэлі. Так, у дзіцячым садзе № 71 рэалізоўваецца праект “Мара”, распрацаваны творчай групай педагогаў. Побач з гульнявымі пляцоўкамі разбіты тэматычныя клумбы. Прычым у большасці сваёй гэта клумбы бесперапыннага цвіцення. У аснове кожнага кветніка — шматгадовыя расліны. Іх разбавяць, надаючы прыгажосць і асаблівую прыцягальнасць, яркія аднагадовыя кветкі: бягоніі, агератум, алісум, флёксы, цыніі. Для самых маленькіх выхаванцаў ствараюцца малыя архітэктурныя формы ў выглядзе казачных герояў. Дзяцей сярэдніх і старшых груп парадуе сваім афармленнем і падсветкай новы кветнік “Салют Перамогі”, над якім цяпер працуюць супрацоўнікі дашкольнай установы. Акрамя ліхтарыкаў у выглядзе салюту, тэматычную клумбу ўпрыгожыць стэнд у выглядзе сімвала 80-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Фота прылеглай тэрыторыі сярэдняй школы № 53

Усе свае арыгінальныя знаходкі ў азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторый установы адукацыі сталіцы змогуць прадставіць на конкурс. Праўда, сёлета змяніўся яго фармат. На змену агляду-конкурсу “Формула саду”, які праводзіўся больш за 20 гадоў, прыйшоў агульнагарадскі агляд-конкурс “Квітнеючая сталіца: добраўпарадкоўваем разам”, крытэрыі якога прадугледжваюць комплексную ацэнку доб­раўпарадкавання.

* * *

Як паведамілі ў камітэце па адукацыі, усе падведамасныя ўстановы адукацыі прынялі ўдзел у вясновым марафоне па ўборцы, добраўпарадкаванні і азеляненні. Разам з вучнямі педагогі актыўна прыма­юць удзел ва ўборцы паркаў і сквераў, мемарыялаў і памятных месцаў сталіцы. Так, навучэнцы і майстры Мінскага дзяржаўнага каледжа рамесніц­тва і дызайну імя М.А.Ке­дышкі супрацоўнічаюць з калегіяльным органам тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання Савецкага раёна.

Вынікам сумеснай дзейнасці стала добраўпарадкаванне сквера Мележа, у якім былі ўстаноўлены “птушыная сталовая”, шпакоўні, інфармацыйны стэнд “Птушкі Чырвонай кнігі Рэс­публікі Беларусь” з актыўнымі QR-кодамі, а таксама лаўка да 80-годдзя Вялікай Перамогі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара і прадастаўлены ўстановамі адукацыі