Лабараторыя поспеху

Калі мы з калегамі наведвалі Магілёўскі прафесійны электратэхнічны каледж, падумалася, што арганізацыя работы ва ўстанове — гэта быццам увасабленне фізічнага закона захавання энергіі. У каледжы на падрыхтоўку навучэнцаў накіроўваюць каласальную энергію, але яна нікуды не знікае, бо пераўтвараецца ў дасягненні навучэнцаў, якія становяцца кваліфікаванымі спецыялістамі, пераможцамі прафесійных конкурсаў і проста добрымі, выхаванымі людзьмі.

В.В.Бурака, дырэктар каледжа.

На лідарскіх пазіцыях

Каледж без перабольшання можна назваць адной з лепшых уста­ноў прафесійнай адукацыі на Магілёўшчыне. Кожнага лідара вызначае імкненне адпавядаць сучаснай сітуацыі і думаць на перспектыву. Менавіта так адбываецца ў кале­джы. Юнакам і дзяўчатам тут прапануюць 12 спецыяльнасцей. Прычым навучэнцы маюць магчымасць атры­маць адразу дзве спецыяльнасці: асноўную і дадатковую.

Каб навучанне вялося на высокім узроўні, ва ўстанове створаны шэраг лабараторый, вучэбна-вытворчых майстэрняў, абсталяваных у адпаведнасці з сучаснымі тэндэнцыямі і тэхналогіямі. Так, у кале­джы пачалі вывучаць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі. Безумоўна, гэта адна з агульнасусветных тэндэнцый сучаснасці. Вось і для Беларусі гэтая тэма надзвычай актуальная, бо наша краіна далёка не поўнасцю забяспечана ўласнымі паліўна-энергетычнымі рэсурсамі. Альтэрнатыўныя крыніцы энергіі становяцца ўсё больш запатрабаванымі, і неабходны спецыялісты, якія могуць працаваць на абсталяванні, звязаным з такімі крыніцамі. У вучэбныя планы каледжа была ўведзена дысцыпліна “Альтэрнатыўныя крыніцы энергіі”, і створана лабараторыя “Ахова навакольнага асяроддзя і энергазберажэнне”.

У лабараторыі ёсць стэнды, якія дэманструюць работу сонечнай устаноўкі з сонечным калектарам і цеплавой помпы. У майстэрнях каледжа сабралі спецыяльную пражэктарную групу, якая імітуе сонечнае святло. Пражэктары свецяць на калектар, і пачынаецца працэс выпрацоўкі цяпла. Мяняючы інтэнсіўнасць святла штучнага сонца, вугал падзення промняў, навучэнцы могуць назіраць, як гэта ўплывае на агульны вынік.

— Сонечны калектар паглынае цеплавы складнік сонечнага выпраменьвання і награвае ваду, якая ідзе тут па трубах. У лабараторных умовах мы награвалі ваду за паўгадзіны да 60 градусаў. Больш награваць нельга па інструкцыі, — расказвае Уладзімір Віктаравіч Кальянаў, выкладчык спецдысцыплін. — Назіраючы за гэтымі працэсамі, навучэнцы разумеюць іх сутнасць, засвойваюць такое важнае паняцце, як эфектыўнасць.

У.В.Кальянаў, выкладчык спецдысцыплін.

А яшчэ на даху грамадска-бытавога корпуса каледжа ўсталяваны фотаэлектрычны трэкер, які забяспечвае каледж электраэнергіяй. Таксама ўстаноўка прымяняецца ў вучэбных мэтах для дэманстрацыі прынцыпу дзеяння фотаэлектрычных станцый, пераўтварэння электрычнай энергіі пастаяннага току ў пераменны ток прамысловай частаты.

Шэраг майстэрняў зусім нядаўна папоўніўся яшчэ адной: рыхтуецца да адкрыцця май­стэрня па падрыхтоўцы аператараў сувязі. Дарэчы, Магілёўскі электратэхнічны каледж — адзіная ў вобласці ўстанова, якая рыхтуе такіх спецыялістаў. У май­стэрні нас сустрэла майстар вытворчага навучання Ала Іванаўна Трацэў­ская.

— Тут ужо зманціравана новае абсталяванне, якое адпавядае патрабаванням “Белпошты”. Зараз на яго ўстанаўліваецца праграмнае забеспячэнне. Ужо зусім хутка тут пройдзе юбілейны Х Рэспублікан­скі конкурс прафесійнага майстэрства аператараў сувязі. Але самае галоўнае, што ўсё гэта будзе выкарыстоўвацца ў вучэбным працэсе і бу­дзе спрыяць найбольш якаснай падрыхтоўцы спецыялістаў.

У канцы мінулага года Магілёўскі прафесійны электратэхнічны каледж адсвяткаваў 65-годдзе. Сёння ў каледжы налічваецца амаль 600 навучэнцаў. Адукацыйны працэс забяспечваюць 69 выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання.

Будучыя супрацоўнікі пошты вывучаюць у каледжы работу пра­грамна-тэхнічнага комплексу, які выкарыстоўваецца для аўтаматызацыі ўліку, назапашвання, апрацоўкі даных пры рэалізацыі тавараў, аказанні розных паслуг. Яны вучацца пакаваць, афармляць, прымаць і рыхтаваць да адпраўкі паштовыя адпраўленні і грашовыя пераводы.

Новыя рэсурсы

Лагічным этапам развіцця ўстановы стала стварэнне рэсурснага цэнтра па спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання”. Цэнтр — гэта комплекс майстэрняў, кабінетаў і лабараторый, аснашчэнне якіх бесперапынна ўдасканальваецца. Штогод па розных кірунках дзейнасці на базе рэсурснага цэнтра праходзяць навучанне каля 400 чалавек. Гэта ў першую чаргу навучэнцы Магілёўскага электратэхнічнага каледжа, а таксама іншых устаноў прафесійнай адукацыі. Калі мы завіталі ў майстэрню па абслугоўванні сілавога электраабсталявання, то ўбачылі на занятках навучэнцаў Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 2. Таксама сюды прыязджаюць на заняткі навучэнцы шэрага ўстаноў Магілёва, Бабруйска, Мсціслава, дзе вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў у да­дзеным кірунку.

Навучэнец Яўген Марачкоўскі.

— Тут мы праводзім мантаж электрычных схем рознай складанасці, — расказвае пра майстэрні па абслугоўванні сілавога электраабсталявання майстар вытворчага навучання Сяргей Уладзіміравіч Ласянкоў. — На заключным этапе навучання маладыя людзі выконваюць практычныя работы на атрыманне разраду, звычайна трэцяга ці чацвёртага. Бывалі выпадкі, калі навучэнцы атрымлівалі адразу пяты разрад.

Акрамя работы з навучэнцамі, на базе рэсурснага цэнтра прахо­дзяць стажыроўкі педагагічных работнікаў, арганізавана дадатковая адукацыя дарослых, ажыццяўляецца прафесійная падрыхтоўка слухачоў, накіраваных упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва. Цэнтр стаў і добрай прафарыентацыйнай пляцоўкай: сюды на майстар-класы і экскурсіі прыходзяць школьнікі.

Яшчэ адна важная місія рэсурс­нага цэнтра — спрыяць падрыхтоўцы да конкурсаў прафесійнага май­стэрства, у тым ліку WorldSkills. Для падрыхтоўкі да рэспубліканскага этапу гэтага конкурсу ў майстэрні па мантажы і абслугоўванні асвятляльных прыбораў было створана спецыяльнае рабочае месца і арганізавана сістэмная падрыхтоўка. Вынік не прымусіў сябе ча­каць: Канстанцін Цітоў стаў лепшым у рэспубліцы на WorldSkills Belarus — 2016 у кампетэнцыі “Электрамантажныя работы”. Праз два гады Пётр Сібараў на гэтым жа этапе конкурсу стаў другім. Мы сустрэлі навучэнца ў майстэрні, у гэтым годзе ён стаў першым у вобласці і зноў рыхтуецца да рэспубліканскіх спаборніцтваў.

— Калі прыйшоў сюды вучыцца, адразу зразумеў, што гэта маё, вучыцца мне было цікава. І калі даведаўся пра конкурс, вырашыў удзель­нічаць. Вельмі стараўся на адборачным этапе, каб прайсці далей і рыхтавацца да сур’ёзных спаборніцтваў, — расказвае Пётр. — У майстэрні я рыхтуюся да рэспубліканскіх спаборніцтваў. Тут вельмі добра трэніравацца: ёсць і неабходныя інструмены, каб адпрацаваць добрую хуткасць, і вопытныя майстры, якія могуць навучыць патрэбным уменням.

У каледжы паспяхова вядуць пазабюджэтную дзейнасць. Установа аказвае паслугі па дэмантажы каштоўных металаў, устаноўцы аўтаматычных пажарных сігналізацый, сістэм відэаназірання, праводзяць электрамантажныя работы, электрафізічныя вымярэнні і выпрабаванні, таксама ў каледжы працуе аўташкола. За 2019 год ад пазабюджэтнай дзейнасці атрыманы даход 656,6 тысячы беларускіх рублёў. Работы ў гэтым кірунку ажыццяўляюць 19 чалавек.

Побач трэніруецца і прадстаўнік новага пакалення канкурсантаў. Яўген Марачкоўскі яшчэ толькі далучаецца да конкурснага руху, але ўжо займаецца ў майстэрні, назіраючы за старэйшым таварышам. Хутка прыйдзе час, калі Пётр скончыць каледж і пойдзе працаваць. Яўген спадзяецца з гонарам прадоўжыць яго пераможныя справы.

Рэсурсны цэнтр каледжа і надалей збіраюцца развіваць. У планах — павялічыць колькасць тэм, якія можна тут вывучаць, пашырыць спектр кваліфікацый, па якіх вядзецца падрыхтоўка, запра­шаць на стажыроўкі і майстар-класы ў рэсурсны цэнтр навучэнцаў і майстроў вытворчага навучання з Расіі.

Раўнавацца на майстроў

Поспехі навучэнцаў у прафе­сійных конкурсах, іх высокі ўзро­вень падрыхтаванасці да работы (пра што сведчаць водзывы работадаўцаў) — не выпадко­васць, а вынік мэтанакіраванай работы калектыву каледжа. Выкладчыкі і майстры вытворчага навучання служаць цудоўным прыкладам для моладзі. На працягу некалькіх гадоў прадстаўнікі каледжа прызнаваліся лепшымі ў абласным конкурсе “Майстар года”. На верхнюю прыступку п’едэстала гонару ўзнімаліся Уладзімір Мікалаевіч Наймушын, Ала Іванаўна Трацэўская, Аляксандр Ула­дзіміравіч Дзянісаў, сёлета Андрэй Анатольевіч Аніськоў заняў другое месца на конкурсе.

Педагагічны калектыў працуе ў рэжыме развіцця і выкарыстоўвае ў вучэбным працэсе разам з традыцыйнымі метадамі і методыкамі сучасныя. Шырокае прымяненне знайшлі электронныя сродкі навучання, што пашырае магчымасці самастойнай працы навучэнцаў над матэрыялам, мяняе формы і метады вучэбнай работы, дапамагае арыентавацца ў інфармацыйных патоках, у асяроддзі мультымедыя.

Творчая група педагогаў кале­джа распрацавала электронны вучэбны дапаможнік па дысцыпліне “Спецтэхналогія” (раздзел “Эксплуатацыя і рамонт электраабсталявання размеркавальных прылад і трансфарматарных падстанцый”). Выкладчык спецдысцыплін Таццяна Сцяпанаўна Грамыка распрацавала вучэбны дапаможнік “Лабараторны практыкум” па дысцыпліне “Электрычныя апараты” для выкарыстання выкладчыкамі ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Умелае прымяненне электронных сродкаў навучання на занятках дазваляе педагогам каледжа не толькі разнастаіць традыцыйныя формы навучання, але і выра­шаць самыя розныя задачы: павышаць матывацыю, дыферэнцыраваць работу навучэнцаў, спрашчаць маніторынг ведаў і ўменняў моладзі. Заняткі становяцца змястоўнымі, цікавымі, эмацыянальнымі, больш прывабнымі для навучэнцаў. Вопыт педагогаў каледжа паказвае, што стварэнне электронных сродкаў навучання дорыць бязмежныя магчымасці. Багацце ілюстрацый, анімацый і відэафрагментаў, гукавое суправаджэнне, магчымасць праверкі ведаў у форме тэсціравання, праблемных пытанняў і задач дазваляюць вучню не толькі самастойна выбіраць зручны тэмп і форму ўспрымання матэрыялу, але і пашыраць кругагляд і паглыбляць свае веды.

У Магілёўскім прафесійным электратэхнічным каледжы вядзецца падрыхтоўка кадраў на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. На ўзроўні ПТА можна атрымаць такія кваліфікацыі, як “электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання”, а таксама “электраманцёр па рамонце апаратуры рэлейнай абароны і аўтаматыкі”, “электрамантажнік па электраабсталяванні, сілавых і асвятляльных сетках”, “вадзіцель”, “слесар па рамонце аўтамабіляў”, “кабельшчык-спайшчык”, “прадавец”, “аператар сувязі”. На ўзроўні ССА навучэнцы атрымліваюць кваліфікацыю “тэхнік-электрык”.

Шырокае прымяненне атрымалі інтэграваныя ўрокі з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій. Гэта ўрокі па спецтэхналогіі і вытворчым навучанні, інфарматыцы і матэматыцы, спецтэхналогіі і інфарматыцы, радыёэлектроніцы і інфарматыцы, хіміі і біялогіі. Такія заняткі спрыяюць фарміраванню ўменняў эксперыментальна-даследчай дзейнасці, актывізацыі пазнавальнай дзейнасці, павышэнню эфектыўнасці і якасці навучання, паглыбленню міжпрадметных сувязей за кошт інтэграцыі інфармацыйнай і прадметнай падрыхтоўкі.

Дырэктар установы Віктар Віктаравіч Бурака заўсёды падкрэслівае, што з такімі паплечнікамі, творчымі, ініцыятыўнымі, прыстойнымі, не страшна брацца за любую справу. У каледжы ёсць шмат цудоўных кабінетаў, майстэрняў, лабараторый. Але лабараторыямі поспеху іх могуць зрабіць толькі людзі.

Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.