Лабараторыя радыётэхналогій ZTE-BSUIR адкрылася ў БДУІР

- 10:39Навука і інавацыі

У БДУІР адкрылася вучэбна-навуковая лабараторыя радыётэхналогій ZTE-BSUIR. Спецыялісты, якія прайшлі ў ёй навучанне, потым змогуць працаваць у індустрыяльным парку “Вялікі камень” (ZTE з’яўляецца яго рэзідэнтам). Рэктар БДУІР Міхаіл Паўлавіч Батура падкрэсліў, што гэтая сумесная лабараторыя — ужо 45-я па ліку ва ўніверсітэце. Першая была створана ў 1998 годзе сумесна з кампаніяй Philips.

Супрацоўніцтва паміж ZTE і БДУІР пачалося з падпісання мемарандума ў сакавіку 2016 года. У планах было не толькі адкрыццё сумеснай лабараторыі, але і праходжанне студэнтамі практыкі ў кітайскай кампаніі, правядзенне сустрэч, семінараў, канферэнцый па абмене вопытам паміж спецыялістамі ЗТАА “ЗТЕ” і выкладчыкамі БДУІР.

Нагадаем, што ZTE — дзяржаўная кітайская тэлекамунікацыйная карпарацыя, адзін з сусветных лідараў у ІКТ з больш чым 30-гадовым вопытам. Штогод звыш 10% даходаў кампаніі адлічваецца на навукова-даследчыя і доследна-канструктарскія работы. Па ўсім свеце ў ZTE больш за 20 уласных даследчых цэнтраў (у Кітаі, ЗША, Швецыі, Францыі). Кампанія мае ўласны ўніверсітэт, у якім прайшлі навучанне больш за 500 000 супрацоўнікаў кампаній-партнёраў. У 2016 годзе па колькасці пададзеных патэнтных заявак карпарацыя заняла 1-е месца ў штогадовай табліцы патэнтных заявак, якая публікуецца Сусветнай арганізацыяй інтэлектуальнай уласнасці. На рынку Рэспублікі Беларусь ЗТАА “ЗТЕ” прысутнічае больш за 10 гадоў і за гэты час наладзіла ўсебаковае супрацоўніцтва з праваднымі і мабільным тэлефоннымі аператарамі. Кампанія пастаянна прымае ўд зел у дзейнасці, якая спрыяе павышэнню ўзроўню ведаў і адукацыі грамадзян Беларусі ў сферы ІКТ. У краіне функцыянуе некалькі адпаведных вучэбных цэнтраў.

У гэты раз кампанія ZTE на бязвыплатнай аснове паставіла на кафедру інфармацыйных радыётэхналогій БДУІР універсальную базавую станцыю па тэхналогіі бесправадной сувязі 2G, 3G і 4G з перспектывай развіцця да 5G, якая пакуль адпрацоўваецца, у тым ліку спецыялістамі ZTE. Кошт абсталявання для лабараторыі складае каля 100 тысяч долараў. У лабараторыі будзе арганізаваны вучэбны працэс для студэнтаў і магістрантаў па вывучэнні сотавай сувязі, атрыманні практычных навыкаў работы з новым абсталяваннем. У прыватнасці, на першым этапе плануецца: вывучэнне абагульненай структуры базавай станцыі; ажыццяўленне кантролю і кіраванне базавай станцыяй у асяроддзі кліент-сервер; вывучэнне размеркавання і параметраў каналаў сотавай сувязі сетак 2G, 3G, 4G і ў перспектыве — 5G.

“У лабараторыі ўсталявана самае сучаснае абсталяванне, якое забяспечвае тэхналогію бесправадной сувязі, — расказаў рэктар БДУІР Міхаіл Паўлавіч Батура. — Навучанне рабоце на гэтай апаратуры дазволіць павысіць канкурэнтаздольнасць нашых спецыялістаў. У найбліжэйшы час на базе лабараторыі будзе створаны аўтарызаваны цэнтр, дзе студэнты змогуць атрымаць дадатковыя навыкі па курсах, якія звязаны з сучаснымі бесправаднымі тэхналогіямі. Пасля заканчэння курса кожны студэнт атрымае сертыфікат, які сведчыць аб іх ведах у гэтай галіне. Студэнты, якія будуць навучацца ў лабараторыі, змогуць рэкламаваць на сваіх будучых працоўных месцах тэхналогіі і абсталяванне, якое яны тут асвояць. Некаторыя з іх, упэўнены, стануць супрацоўнікамі кампаніі ZTE”.

Дырэктар беларускага офіса ZTE Вэй Вэй адзначыў: “У нас працуе мноства кваліфікаваных супрацоўнікаў з Беларусі, у тым ліку выпускнікоў БДУІР. Таму мы цвяроза можам ацаніць падрыхтоўку кадраў у вашым універсітэце — і ацэньваем яе вельмі высока. Адкрыць вучэбна-навуковую лабараторыю ва ўніверсітэце мы вырашылі менавіта таму, што бачым перспектывы і маем патрэбу ў прафесіяналах, спецыялістах ІТ-сферы, якіх рыхтуюць тут і якіх мы жадалі б бачыць у сваёй кампаніі”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Ксеніі ГРЫГОР’ЕВАЙ.