Лабараторыя, якая арыентуе на вытворчасць

- 11:48Навіны рэгіёнаў

У Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В.Сухога адкрылі вучэбную лабараторыю метралогіі і спецыяльных вымярэнняў у прамысловай электроніцы, якая была распрацавана і абсталявана кампаніяй “МІРТЭК-інжынірынг”. Яе дырэктар Павел Вярхоў на цырымоніі адкрыцця перадаў ключ ад лабараторыі рэктару ГДТУ імя П.В.Сухога Сяргею Цімошыну.

Кампанія зарэгістравана ў свабоднай эканамічнай зоне “Гомель-Ратон”, займаецца вытворчасцю сучасных прыбораў уліку і распрацоўкай новых сістэм перадачы даных. Прынамсі, дасведчаных спецыялістаў у гэтай сферы недастаткова, а выпускнікі вышэйшых устаноў не гатовы адразу ж уліцца ў вытворчы працэс. Дастаткова сказаць, што пры апошнім наборы персаналу былі разгледжаны 20 рэзюмэ саіскальнікаў, але толькі ў адным выпадку справа дайшла да субяседавання.

Сёлета ў сакавіку паміж універсітэтам і кампаніяй “МІРТЭК-інжынірынг” быў заключаны дагавор аб супрацоўніцтве, а ўжо ў чэрвені на базе прадпрыемства пачаў дзейнічаць філіял кафедры “Прамысловая электроніка”, створаны для павышэння якасці падрыхтоўкі інжынераў па спецыяльнасцях “Прамысловая электроніка” і “Інфармацыйныя тэхналогіі і кіраванне ў тэхнічных сістэмах”. Яго ўзначалілі галоўны канструктар кампаніі Сяргей Зайцаў і кіраўнік кафедры ўніверсітэта Юрый Крышнёў. Філіял дае магчымасць студэнтам праходзіць вытворчую практыку і ўжо падчас навучання атрымліваць глыбокія веды па сучасным абсталяванні ў сферы энергетыкі, адаптавацца да вытворчых умоў.

У лабараторыі прадстаўлены прыборы ўліку энергіі і перадачы атрыманых даных па правадных і бесправадных лініях. Як было адзначана, яны добра ўпісваюцца ў канцэпцыю разумнага дома. У далейшым абсталяванне лабараторыі плануюць абнаўляць па меры ўкаранення ў вытворчасць новых прадуктаў. А ў будучыні выпускнікі і самі змогуць актыўна ўдзельнічаць у канструктарскай дзейнасці.

Супрацоўніцтва з’яўляецца ўзаемавыгадным. Для ўніверсітэта гэта рэалізацыя прынцыпаў практыка-арыентаванага навучання, чаго патрабуюць сучасныя тэндэнцыі, а для кампаніі гэта, ў першую чаргу, падрыхтоўка маладых кампетэнтных спецыялістаў, эканомія часу і сродкаў для іх адаптацыі на працоўных месцах.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.