Лагапед з будучым

- 11:07Людзі адукацыі

З Дар’яй Маліноўскай мы сустрэліся пасля размовы з яе школьнай настаўніцай англійскай мовы Нінай Уладзіміраўнай Плашкевіч. Калі я сядзела ў фае галоўнага корпуса Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і слухала ўжо дарослыя довады першакурсніцы на карысць свайго прафесійнага выбару, падумалася пра іншае. Даша ў нечым нагадвала Ніну Уладзіміраўну. Яна, быццам тая англічанка, была спакойнай, разважлівай, ветлівай.

Безумоўна, Даша — гонар сваёй школы і бацькоў. І ў нашай размове яна не раз дзякавала ўсім настаўнікам сярэдняй школы № 2 Капыля за веды, за цікавае і насычанае школьнае жыццё. Даша — медалістка. Яна на працягу 11 гадоў старанна і самааддана вучылася, каб на выхадзе са школы мець выбар свайго далейшага прафесійнага шляху. І яна яго мела. Вагалася, узважвала, разумеючы ўсю адказнасць гэтай няпростай справы. Але пасля ўсё ж прыслухалася да свайго сэрца і ажыццявіла дзіцячую мару — стала студэнткай факультэта спецыяльнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, абраўшы спецыяльнасць лагапеда.
―Ёсць шмат фактараў, якія паўплывалі на мой выбар. У першую чаргу гэта мая маці. Яна ў мяне лагапед-дэфектолаг, і на працягу ўсяго свайго дзяцінства я назірала за тым, як яна працуе. Мне падабалася яе работа. Пасталеўшы, я пачала вывучаць спецыяльную літаратуру. Мне хацелася ведаць усё, пачынаючы ад прафесійных якасцей лагапеда і заканчваючы методыкай работы з дзецьмі з асаблівасцямі. Мне хацелася і хочацца працаваць з такімі дзецьмі, хоць гэта і няпроста.
Яшчэ адным фактарам, які аказаў уплыў на выбар маёй прафесіі, стала мая настаўніца англійскай мовы Ніна Уладзіміраўна Плашкевіч. Яна той ідэал педагога, на які мне хочацца раўняцца. Ніна Уладзіміраўна здолела захапіць сваім прадметам без прымусу. На кожны ўрок мы ішлі з цікавасцю, задаючы адно аднаму пытанне: а што чакае нас сёння?
Паміж сабой мы называлі яе англічанкай. Але гэта была не мянушка. Ніна Уладзіміраўна па сутнасці сваёй сапраўдная англічанка. Яна ні разу не павысіла голасу, заўсёды была ветлівая і спакойная, ― падзялілася Дар’я.
Ніна Уладзіміраўна таксама гаварыла мне пра Дашу, пра яе педагагічныя задаткі і пазітыўны настрой на жыццё. Яны дапаўнялі адна адну, прымушалі аналізаваць свае дзеянні і ўчынкі, дзяліліся новымі ўражаннямі і здабыткамі. І нават цяпер, калі яны ў розных гарадах, нейкая сувязь паміж імі ўсё ж захоўваецца. Узаемаўплыў працягваецца.
Мяне Даша прыцягвае сваёй непасрэднасцю і шчырасцю. Яна не мае дарослых стэрэатыпаў, а таму вольная ад шматлікіх умоўнасцей. І гэта дае ёй магчымасць быць па-даросламу моцнай у сваім прафесійным выбары. Пагадзіцеся: каб працаваць з асаблівымі дзецьмі, трэба быць менавіта такой, як Даша, якой не страшна ад таго, што яны ёсць. Ужо цяпер яна гатова іх любіць і дапамагаць адаптавацца да нашага няпростага і супярэчлівага свету. Яна гатова нават на пэўныя ахвяры дзеля дасягнення сваёй мэты. Гаворка найперш ідзе пра выхаванне ў сабе пэўных якасцей, у прыватнасці цярплівасці. Даша настроена на выхаванне ў сабе асобы, якая будзе здольная да навучання іншых.
Наперадзе ў Дар’і чатыры гады вучобы ва ўніверсітэце. Пакуль яна адаптуецца да новых умоў навучання. Самым складаным, паводле яе слоў, у першыя дні было прызвычаіцца да заняткаў працягласцю ў гадзіну і дваццаць хвілін. Але ва ўніверсітэт яна паступіла ўсвядомлена, таму да новага рэжыму ўжо прывыкла. Як адзначыла дзяўчына, нягледзячы на іншы рытм жыцця, вучыцца ёй цікава.
―Сказаць папраўдзе, гэтым універсітэтам я захаплялася заўсёды. Мне падабаецца яго атмасфера ўзаемапавагі і ўзаемадапамогі. Ты можаш проста спытаць, дзе знаходзіцца аўдыторыя, і табе не проста пакажуць напрамак, а завядуць туды. Яшчэ пры паступленні, калі я толькі запаўняла дакументы, мне дапамагалі і падтрымлівалі некалькі супрацоўнікаў і студэнтаў універсітэта. Акрамя таго, я была на дні адкрытых дзвярэй і бачыла, як цікава і зладжана тут праходзяць мерапрыемствы. Захацелася ўліцца ў гэтае вірлівае жыццё, — адзначыла першакурсніца.
Рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук не раз падкрэсліваў, што ва ўніверсітэце пільная ўвага будзе ўдзяляцца педпрактыцы. І ўжо на 1 курсе студэнтам будзе прапанавана валанцёрская дзейнасць. Я пацікавілася ў Дашы, ці гатова яна далучыцца да валанцёрства. Аказалася, што такая практыка ў яе жыцці ўжо была. Сярэдняя школа № 2 Капыля, а таксама іншыя навучальныя ўстановы і арганізацыі гэтага горада таксама развіваюць ідэю валанцёрства, выхоўваючы ў сваіх навучэнцах дабрыню і цярпімасць да дзяцей, якія аказаліся ў няпростай жыццёвай сітуацыі. Яшчэ быўшы школьніцай, Даша падарыла часцінку свайго сэрца такім дзецям. І цяпер ужо студэнтка Дар’я Маліноўская гатова стаць валанцёрам ад педуніверсітэта.
Напрыканцы нашай размовы мы з Дар’яй зноў вярнуліся да яе школьных настаўнікаў, але цяпер, каб павіншаваць са святам.
―Усім педагогам 2-й капыльскай школы жадаю, каб яны заставаліся такімі ж цудоўнымі, якімі былі разам з намі. Яны многае мне далі як у вучнёўскім, так і чалавечым плане. Я ім вельмі ўдзячна. Жадаю, каб іх любоў да дзяцей ніколі не заканчвалася, бо яна дае кожнаму з нас упэўненасць у сабе і сваіх сілах, ― сказала Даша. Я ж дазволю сабе толькі далучыцца да гэтых слоў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.