Ні ў кога не выклікае сумнення неабходнасць пераемнасці ў рабоце ўстановы дашкольнай адукацыі і школы — а значыць, і ў рабоце настаўнікаў-дэфектолагаў пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі гэтых устаноў.
Для настаўнікаў-дэфектолагаў пераемнасць — гэта бесперапыннасць у развіцці і навучанні дзяцей: школа як пераемнік дашкольнай ступені адукацыі не будуе сваю работу з нуля, а падхоплівае дасягненні дашкольніка і арганізуе педагагічную практыку, развіваючы назапашаны ім патэнцыял.
Так, настаўнікі-дэфектолагі Надзея Рыгораўна Лукашэвіч і Ірына Міхайлаўна Галамака на базе сярэдняй школы № 1 імя С.І.Грахоўскага Глуска правялі з дзецьмі, залічанымі ў пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі навучальнай установы (першы клас) і ясляў-сада № 1 Глуска (старшая група), сумеснае мерапрыемства — “Лагапедычны КВЗ”. У ім ўдзельнічалі дзве каманды: “Грамацеі” (старшая група) і “Знайкі” (першакласнікі). Вызначала пераможцаў журы.
Павітаўшы і пажадаўшы адно аднаму правільных адказаў, каманды прыступілі да конкурсаў. У першым з іх — “Размінка” — удзельнікам прапаноўвалася “разгаварыць” свой язычок. Навучэнцы паўтаралі за настаўнікамі-дэфектолагамі жартоўныя чыстагаворкі і цяжкія па складовай структуры словы.
Далей быў конкурс загадак аб школьных прыладах, дзе абедзве каманды набралі роўную колькасць балаў. У наступным конкурсе — “Чароўны мяшочак” — трэба было дастаць літару з мяшочка, назваць яе і вызначыць, у каго з дзяцей імя пачынаецца з гука, які абазначае гэтая літара. У гэтым конкурсе дашкольнікам дапамагалі першакласнікі, якія называлі літару і гукі, якія яна абазначае. А ўдзельнікі каманды “Грамацеі” з лёгкасцю вызначалі, ці ёсць такі гук у іх імёнах.
Падчас мерапрыемства было многа і іншых цікавых заданняў: каманды прыдумвалі словы на зададзены гук (конкурс “Рэбус”), вызначалі колькасць складоў у словах (конкурс “Складовыя хмаркі”), падбіралі антонімы да слоў (конкурс “Скажы наадварот”).
З вялікай цікавасцю ўдзельнікі забавы надзімалі паветраныя шарыкі (практыкаванне на развіццё дыхання), а фізкультхвілінка, дзе словы суправаджаліся рухамі пад музыку, спрыяла зняццю стомленасці і напружання.
Па ўмовах гульні, за кожны конкурс максімальна можна атрымаць 2 балы (2 каменьчыкі-кабашоны ў скарбонку каманды). Журы разам з дзецьмі, палічыўшы каменьчыкі, вырашылі, што іх пароўну: перамагла дружба!
Падводзячы вынікі, арганізатары мерапрыемства прыйшлі да высновы, што сумесныя забавы як форма работы дазваляе настаўніку-дэфектолагу школы паглядзець асабіста на дзіця і, пагутарыўшы з настаўнікам-дэфектолагам установы дашкольнай адукацыі, арганізоўваць далейшую карэкцыйную работу з будучымі першакласнікамі. Настаўніку-дэфектолагу ўстановы дашкольнай адукацыі сумесныя мерапрыемствы дапамагаюць працаваць з арыентацыяй на патрабаванні, што прад’яўляюцца ў школе.
Праблема пераемнасці ў рабоце ўстановы дашкольнай адукацыі і школы працягвае заставацца актуальнай. Для яе вырашэння неабходна цеснае супрацоўніцтва ў рабоце настаўнікаў-дэфектолагаў. Такое супрацоўніцтва паміж спецыялістамі ясляў-сада № 1 Глуска і сярэдняй школы № 1 імя С.І.Грахоўскага ўжо наладжана і паспяхова ажыццяўляецца пачынаючы з 2015 года.
Ірына ГАЛАМАКА,
настаўнік-дэфектолаг першай кваліфікацыйнай катэгорыі ясляў-сада № 1 Глуска.