Лагапедычны смоўж

- 10:40Навіны рэгіёнаў

Сёння павялічваецца колькасць дашкольнікаў з адхіленнямі ў маўленчым развіцці, што патрабуе сістэмнай і карпатлівай карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.

Аўтаматызацыя гукаў у дзяцей з маўленчымі парушэннямі — адзін з руцінных і цяжка прагназуемых працэсаў. Для замацавання правільнага вымаўлення пастаўленых гукаў даводзіцца шмат разоў паўтараць адзін і той жа маўленчы матэрыял, што стамляе і дзяцей, і дарослых. Але ад гэтага нікуды не дзецца, асабліва на этапе аўтаматызацыі і дыферэнцыяцыі гукаў, які можа зацягнуцца на некалькі месяцаў.

У арсенале настаўніка-дэфектолага павінна знаходзіцца вялікая коль­касць наглядна-гульнявых прыёмаў, што аблягчаюць работу і павышаюць яе эфектыўнасць. Даводзіцца разнастайваць заняткі, каб моўны матэрыял, які адпрацоўваецца, не надакучаў, а быў цікавым дзецям. Толькі станоўчая матывацыя прыводзіць да жаданага выніку.

Гэтую задачу дапамагаюць вырашаць дыдактычныя гульні і гульнявыя лагапедычныя дапаможнікі, вырабленыя ў большасці выпадкаў сваімі рукамі з падручных матэрыялаў і сродкаў. Так, у выніку творчага пошуку з’явіўся шматфункцыянальны, мабільны і лёгкі ў выкарыстанні дапаможнік “Лагапедычны смоўж”, які дазваляе вырашаць розныя карэкцыйныя задачы. Выкарыстоўваю яго для індывідуальнай работы, на падгрупавых занятках з дзецьмі сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту. Акрамя таго, даволі часта прапаную яго выхавальнікам для індывідуальнай работы з дзецьмі па замацаванні навыкаў, атрыманых на лагапедычных занятках.

Дзякуючы дапаможніку, фарміруюцца дакладныя артыкуляцыйныя навыкі, замацоўваецца навык вымаўлення пастаўленых гукаў у словах, словазлучэннях і сказах у цікавай форме, дыферэнцыруюцца зычныя гукі па мяккасці-цвёрдасці, звонкасці-глухасці, развіваецца прасадычны бок маўлення (сіла голасу, тэмп, тэмбр, інтанацыя), фанематычнае ўспрыманне і фанематычны слых, гукавы аналіз і сінтэз, памяць, увага і вобразнае мысленне, пашыраецца слоўнікавы запас.

Дапаможнік уяўляе сабой яркага каляровага смаўжа, зробленага з фаамерану. На смаўжынай хатцы размешчаны карткі для аўтаматызацыі гукаў. Гульнявыя практыкаванні пабудаваны з паступовым ускладненнем заданняў, прапанаваных у даступнай форме. Іх сюжэт мяняецца ў залежнасці ад мэт і задач карэкцыйных заняткаў.

На занятках заўсёды ствараю праблемную сітуацыю. Так, смоўж не вымаўляе пэўных гукаў, а дзеці вучаць яго правільна апісваць артыкуляцыю гукаў, даюць ім характарыстыку, вымаўляюць зададзены гук ізалявана і ў словах і інш.

Варыянтаў дыдактычных гульняў з дапаможнікам мноства. Заслугоўваюць увагі нетрадыцыйныя прыёмы аўтаматызацыі гукаў. Так, звяртаюся да гульнявога поля “Лагапедычны домік”. Яго мэта — удасканальваць уменне адрозніваць на слых звонкія і глухія, цвёрдыя і мяккія зычныя гукі, развіваць фанематычны слых, уменне вызначаць месца зададзенага гука ў слове (пачатак, канец, сярэдзіна), навучыць даваць якасную характарыстыку гукам з дапамогай зрокавых сімвалаў.

Дзеці выбіраюць сярод карцінак тую, у назве якой ёсць гук, які вывучаецца, і прымацоўваюць яе на дах доміка. Потым называюць акустычныя характарыстыкі гэтага гука з апорай на карцінкі-сімвалы ў акенцах доміка і перамяшчаюць на іх гузік, які рухаецца на дроціку (сімвал звонкіх гукаў — званочак, сімвал глухіх гукаў — перакрэслены званочак, сімвалы цвёрдых і мяккіх зычных гукаў — сінія і зялёныя смайлікі). Далей вызначаюць месца гука ў слове (пачатак, канец, сярэдзіна) і ў ніжняй частцы доміка на схеме з трох квадрацікаў перамяшчаюць гузік, які рухаецца на дроціку, на квадрацік, што адпавядае гуку.

Мэта гульнявога поля “Параўнай пары слоў” — дыферэнцыяцыя гукаў у словах і словазлучэннях, падобных па акустычных прыметах. Карцінкі з гукамі, якія дыферэнцыруюцца, прымацаваны да гульнявога поля з дапамогай стужкі-ліпучкі. Дзеці круцяць гадзіннікавую стрэлку, якая паказвае на пары карцінак, называюць гэтыя карцінкі, дакладна вымаўляюць словы з гукамі, якія дыферэнцыруюцца. Для ўскладнення задання прапаную дзецям з кожным словам пары прыдумаць словазлучэнне, сказ.

Мэта гульнявога поля “Зарадка для вясёлага язычка” — развіццё артыкуляцыйнай маторыкі. На карцінках, устаўленых у празрыстыя кішэнькі, адлюстраваны малюнкі да артыкуляцыйных практыкаванняў (грыбок, арэлі і інш.). Да кожнага артыкуляцыйнага практыкавання чытаю невялікі верш. Дзеці знахо­дзяць адпаведную карцінку, устаўляюць яе ў кішэньку і выконваюць практыкаванне.

Мэта гульнявога поля “Гукавыя дарожкі” — аўтаматызацыя ізаляванага гука. Прапаную дзецям карцінкі з рознымі выявамі (самалёт, змяя, параход, помпа) і гукавыя дарожкі з тоўстага шнурка. Дзеці называюць карцінку, вымаўляюць адпаведны гук на адным выдыху і праводзяць пальчыкам па гукавой дарожцы.

Дапаможнік на практыцы даказаў сваю эфектыўнасць у замацаванні правільнага вымаўлення ўсіх гукаў, фарміраванні чыстага і выразнага вымаўлення слоў, ліквідацыі маўленчых парушэнняў.

Аксана БАЛУК,
настаўнік-дэфектолаг Пінкавіцкага ясляў-сада Пінскага раёна.