Лагер “Экагарадок” — прыстанак яркіх уражанняў

- 17:04Нам пішуць

З 1 па 26 чэрвеня 2018 года на базе сярэдняй школы № 23 Гродна працаваў аздараўленчы лагер “Экагарадок” з дзённым знаходжаннем для вучняў мікрараёна.

Сто дзевяноста дзяцей розных узроставых груп мелі магчымасць добра адпачыць, даведацца шмат цікавага. Педагогі імкнуліся стварыць для выхаванцаў атмасферу хатняй утульнасці, цяпла, любові і даверу.

Змена ўяўляла сабой захапляльнае падарожжа. Паколькі лагер меў экалагічны кірунак, кожны дзень быў прысвечаны пэўнай расліне або жывёле. Вучні мелі магчымасць паказаць сваю эрудыцыю, інтэлект у веданні прадстаўнікоў расліннага і жывёльнага свету, якія занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь і патрабуюць аховы і клопату.

Вучням запомніліся ўрокі займальнай працы “Умелыя рукі не ведаюць нуды”, відэаўрок — азбука прафесій “Дарога ў заўтра…”, ролевыя гульні, рыцарскі турнір “Джэнтэльмен-2018”, жартоўная латарэя “Гуляй і выйгравай”, экскурсія па эколага-краязнаўчай сцежцы “У свеце прыгожага і дзіўнага”, падчас якіх кожны выхавальнік вучыўся адчуваць сябе сапраўдным членам вялікай сям’і дзіцячага калектыву, прывучаўся да ўзаемадапамогі, акуратнасці, ветлівасці, беражлівага стаўлення да рэчаў, якаснага выканання даручэнняў.

Віктарына “Зямля пад белымі крыламі”, ток-шоу “Сімвалы Беларусі”, конкурс знаўцаў “Гістарычныя помнікі Гродна, акцыі “Гэта нашай гісторыі радкі”, “Упрыгожым тэрыторыю кветкамі” прывівалі цікавасць да пазнання таямніц Беларусі, раскрывалі нязведаныя старонкі спадчыны, папаўнялі інтэлектуальныя веды выхаванцаў, развівалі ўменне працаваць у групах, шукаць і знаходзіць выхад са складаных сітуацый, выхоўвалі пачуццё гонару за гістарычныя каштоўнасці нашай малой радзімы.

Інтэрактыўная гульня “Мой лагер — мая сям’я” спрыяла фарміраванню пачуцця калектывізму, узаемадапамогі, узаемавыручкі. Кожны вучань у лагеры — часцінка вялікай дружнай сям’і пад назвай “Экагарадок”.

Акцыя “Клопат пра старэйшых — абавязак маладых” дапамог выхаванцам успомніць сваіх бабулю і дзядулю, узнавіць у памяці самыя дарагія сэрцу моманты жыцця, зрабіць невялікія падарункі сваімі рукамі, а затым уручыць іх людзям старэйшага ўзросту. Кожнаму чалавеку важна адчуваць клопат, неабходнасць быць патрэбным. Акцыя садзейнічала выхаванню ў дзяцей пачуцця павагі да іншых, магчымасці дапамагчы, зрабіць прыемнае, быць патрэбным.

Конкурсы плакатаў “Стоп табак!”, “Я — здаровы грамадзянін Беларусі” садзейнічалі прывіццю навыкаў здаровага ладу жыцця, клопату аб сваім здароўі.

За час лагернай змены для вучняў атрымалася арганізаваць некалькі падарожжаў-экскурсій па роднай зямлі з мэтай вывучэння гістарычнага багацця малой радзімы. Вучні наведалі Музей гісторыі рэлігіі, Каложскі парк, кінатэатр “Космас”, Новы замак, што дапамагло маленькім жыхарам Гродна прытуліцца да скарбонкі сваёй радзімы, убачыць багацце роднага краю і ганарыцца ім.

Самыя прыемныя ўражанні засталіся ў вучняў пасля наведвання аквацэнтра. Дзеці атрымалі цэлы комплекс аздараўленчых паслуг: водныя атракцыёны з горкамі, каскадамі, басейн для самых малодшых.

Вяровачны парк забаў “Маўглі Парк” падарыў безліч уражанняў, радасці, пачуцця гонару за магчымасці свайго арганізма. Выхаванцы змаглі праявіць свае здольнасці ў “Верхняй трасе”, “Ніжняй трасе”, дзіцячым скаладроме.

Спадзяёмся, што 18 дзён у лагеры “Экагарадок” былі напоўнены для дзяцей усімі колерамі вясёлкі, кожны дзень запомніўся толькі добрым настроем, прыемнымі ўражаннямі, весялосцю і радасцю, усімі эмоцыямі, з якімі ў дзяцей асацыіруецца летні адпачынак.

Марына БЕЛАГАЛОВАЯ,
выхавальніца аздараўленчага лагера “Экагарадок”
сярэдняй школы № 23 Гродна.