Лагойская лыжня

- 16:10Родная земля

Беларускай Швейцарыяй называюць многія раёны нашай краіны. Не менш чароўныя, чым у Альпах, узгоркі і далягляды ёсць на Ашмяншчыне, Пастаўшчыне, Мазыршчыне, Навагрудчыне. І ўсё ж найбольш поўна папулярнаму параўнанню адпавядае Лагойскі раён. Акрамя маляўнічых узгоркаў і даляглядаў, тут яшчэ ёсць і гарналыжныя комплексы, і базы для трэніровак біятланістаў, на якіх можна праводзіць якасную падрыхтоўку спартсменаў па зімовых відах спорту. Нават сам герб Лагойска з выявай трох залатых горак сведчыць пра адну з галоўных адметнасцей краю.

Станавіся на лыжы!

Сапраўдную зіму, са снежнымі гурбамі і траскучым марозам, у Лагойскім раёне кожны год чакаюц­ь з нецярпеннем. І гэта ня­дзіўна. Бу­дзе снег, мароз — значыць, будзе і лыжня. А лыжня — гэта любімае месца правядзення вольнага часу для мясцовых жыхароў, асабліва навучэнцаў і педагогаў. Практычна ў кожнай лагойскай сям’і ёсць хоць адна пара лыж. Калі няма — не бяда, на дапамогу прыходзяць установы адукацыі. У любы дзень на працягу ўсёй зімы можна без праблем узяць на пракат неабходны інвентар, а потым прайсціся, прабегчы або з ветрыкам пракаціцца па бялюткіх узгорках пад шатамі заснежаных елак.

У кожнага з жыхароў Лагойшчыны ёсць свой любімы маршрут. Нехта ўпадабаў лыжню, якая віецца ля падножжа старажытнага гарадзішча па заснежаных прысадах гарадскога парку, закладзенага ў першай палове ХІХ стагоддзя Тышкевічамі. Нехта не ўяўляе выхаднога дня без пераадолення свабодным або класічным стылем хаця б некалькіх кругоў па школьным стадыёне. Іншыя, як, напрыклад, навучэнцы Лагойскай КСДЮСШАР адпраўляюцца на спартыўна-аздараўленчую базу “Заячая паляна” і адточваюць сваё біятлоннае майстэрства ў лыжных гонках і стральбе з малакалібернай зброі. А вось навучэнцы Лагойскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства, па словах дырэктара ўстановы Галіны Васільеўны Вашкевіч, напаўня­юць свой шосты дзень такой захапляльнай і карыснай для здароўя і добрага настрою справай, як лыжнае арыентаванне. Дарэчы, у Лагойскім раёне часта праводзяцца як абласныя, так і рэспубліканскія спаборніцтвы па гэтай дысцыпліне спартыўнага турызму.

Трэніроўку праводзіць І.М.Елісеева.

А яшчэ навучэнцы і педагогі цэнтра адпраўляюцца ў лыжныя паходы па распрацаваных турыстычных маршрутах, якія пралягаюць па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю Янкі Купалы, Ніла Гілевіча, Ядвігіна Ш., падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Пралягае нітка машруту і праз шматлікія помнікі гісторыі, архітэктуры, прыроды, якімі славіцца Лагойшчына. Зімой гэтая ўмоўная нітка набывае цалкам фізічныя абрысы і называецца… Правільна, лыжня. Пракладзём і мы сваю лыжню, няхай і завочна, па маляўнічай Лагойшчыне. І першым пунктам нашага лыжнага падарожжа стане спартыўна-аздараўленчая база “Заячая паляна”.

Раздолле для біятланістаў

Н.М.Кудзёлка.

Гарналыжны спорт, лыжныя гонкі, біятлон (адным словам, усе зімовыя віды спорту, звязаныя з лыжамі) на Лагойшчыне здаўна ў пашане. Асабліва біятлон. Для Лагойскага раёна ён з’яўляецца сапраўдным каралём зімовых відаў спорту. Пацвярджае гэтае параўнанне той факт, што кожны год навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна займаюць прызавыя месцы на абласных этапах і фінальных стартах рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Акрамя аматарскага біятлона, высокія вынікі на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах паказваюць навучэнцы Лагойскай КСДЮШАР і Плешчаніцкай ДЮСШ прафсаюзаў, на базе якіх некалькі дзесяцігоддзяў паспяхова функцыяну­юць аддзяленні біятлона. Ці была б якаснай падрыхтоўка юных лагойскіх біятланістаў і лыжнікаў, калі б не належныя ўмовы трэніровак, якія прадастаўляюцца кіраўніцтвам спартыўна-аздараўленчай базы “Заячая паляна”, а таксама Плешчаніцкай дзяржаўнай абласной сярэдняй школы-вучылішча алімпійскага рэзерву? Наўрад ці. Актыўна з інвентаром школам дапамагаюць і мясцовыя фізкультурна-аздараўленчыя комплексы і цэнтры.

Трэніроўкі праводзяцца на працягу некалькіх месяцаў, пакуль лагойская зямля пакрыта снегам, нярэдка нават у красавіку. Аднак найбольш насычаным у плане трэніровак з’яўляецца студзень — самы пік падрыхтоўкі да абласнога этапу і фіналу “Снежнага снайпера”. На адну з такіх трэніровак мы трапілі разам з метадыстам вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Лагойскага райвыканкама Веранікай Іванаўнай Пехцеравай. Калі больш дакладна, то гэта была комп­лексная трэніроўка ўдзельнікаў аб’яднання “Лыжныя гонкі” Цэнт­ра дзіцячай творчасці Лагойскага раёна. Праводзіў трэніроўку Валерый Пятровіч Яскевіч. Па яго словах, “Заячая паляна” з’яўляецца выдатным месцам для трэніровак і правядзення спаборніцтваў. Вялікую ролю тут адыгрывае не толькі якаснае аснашчэнне трэніровачнай базы, але і рэльеф мясцовасці. “Заячая паляна” — самае заснежанае месца Лагойшчыны. І справа не толькі ў тым, што кожны год на ўкатку трасы дастаўляецца прыкладна 500 мазаўскіх кузаваў снегу. Прырода таксама шчодра адорвае гэтую мясціну. Часам здараецца так: на “Заячай паляне” ідзе снег, а ў самім Лагойску дождж. Усё тлумачыцца асаблівасцямі рэльефу Лагойскага раёна. Ён высокаўзгоркавы, градавы, з перападамі абсалютных вышынь ад 240 да 310 м над узроўнем мора. І крутыя пад’ёмы, і не менш крутыя спускі! Вось дзе раздолле для лыжнікаў!

В.П.Яскевіч.

Пра эмоцыі і працавітасць

— Самае складанае ў біятлоне — гэта забірацца на горку і, канечне, стральба. Важна правільна прыцэліцца, апрацаваць спуск, зрабіць удых і выдых. У мяне ёсць памылкі, калі страляю, бывае, што няправільна бяру зброю напагатоў. Акрамя дакладнай стральбы, важна хутка сыходзіць з агнявога рубяжу, не затрымлівацца, бо вялікую ролю адыгрываюць дзясятыя долі секунды. І яшчэ, калі я еду, то рука часам праслізвае, не атрымліваецца паўнавартасна адштурхнуцца, — расказвае вучаніца 7 класа сярэдняй школы № 3 Лагойска, мінулагодні прызёр рэспубліканскага фіналу “Снежнага снайпера”, лепшы вучань Мінскай вобласці 2018 года Хрысціна Кудзёлка.

У чым сакрэт паспяховага выступлення Хрысціны, якая займаецца біятлонам толькі 3 гады? Дзяўчынка назвала тры складнікі. Па-першае, гэта работа з выдатным трэнерам. Па-другое, гэта падтрымка бацькоў. Па-трэцяе, гэта належная база для трэніровак. Пагутарыўшы з юнай чэмпіёнкай, разумееш, што тут варта дадаць яшчэ як мінімум два пункты: па-чацвёртае, гэта працавітасць, а па-пятае, гэта ўласнае бачанне спартсменам сваіх памылак і вялікае жаданне іх выпраўляць.

Падтрымка бацькоў — вялікая справа. Хрысцініна мама, Наталля Мікалаеўна Кудзёлка, з разуменнем ставіцца да захаплення дачушкі і ўсяляк яе падтрымлівае. Больш за тое, Хрысціна пайшла па спартыўных слядах мамы, якая таксама прафесійна займаецца лыжным спортам, а яшчэ працуе дырэктарам Лагойскай КСДЮШАР. Па словах Наталлі Мікалаеўны, Лагойская комплексная спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая спартыўная школа алімпійскага рэзерву 52 гады рыхтуе юных спартсменаў. Самымі першымі аддзяленнямі былі біятлон і лыжныя гонкі. Потым дадаваліся новыя аддзяленні, сёння іх працуе сем. Аднак па-ранейшаму ключавым з’яўляецца лыжны спорт, якім займаюцца 155 навучэнцаў з Лагойска, Лагазы і Гасцілавіч.

— Папулярнасць біятлона не­выпадковая. У адрозненне ад лыжных гонак, гэта больш відовішчны від спорту. Вялікую ролю адыгрывае папулярызацыя гэтага віду спорту на дзяржаўным узроўні. Калі дзеці глядзяць па тэлевізары спаборніцтвы па біятлоне, дзе ўсё так прыгожа, захапляльна, інтрыгуюча, ім таксама хочацца ўдзель­нічаць у гэтым спартыўным свяце. Аднак яны нярэдка думаюць, што ўжо з першых заняткаў будуць гэтак жа прыгожа, як прафесіяналы, бегчы, і гэтак жа трапна страляць. Але біятлон — гэта не толькі прыгожы, але і складаны від спорту. Афіцыйна можна займацца біятлонам з 8 або 9 гадоў, калі ня­ма медыцынскіх супрацьпаказанняў. Канечне, стаць прафесіяналам атрымліваецца не ў кожнага, аднак дзякуючы майстэрству нашых трэнераў і шматгадовым традыцыям, нам удаецца практычна з кожнага вучня выгадаваць калі не прызёра “Снежнага снайпера”, то добрага біятланіста дакладна. Для многіх навучэнцаў заняткі ў нашай школе становяцца шляхам у прафесійнае спартыўнае жыццё. Вялікую ролю ў папулярызацыі біятлона на Лагойшчыне адыгрывае не толькі “Снежны снайпер”, але і свята “Дзень біятлона ў Лагойску”, правядзенне якога ўжо стала добрай традыцыяй, — гаворыць Наталля Мікалаеўна Кудзёлка.

А.П.Ляхновіч.

Спаборніцтвы — гэта добра. Каб падтрымліваць належную фізічную форму, развіваць яе, патрэбны не толькі рэгулярныя трэніроўкі, але і змаганні. Толькі так ты можаш ацаніць свае здольнасці і магчымасці, вызначыць шлях для руху наперад. І, канечне, працавітасць, такая, як ва ўжо знаёмай нам Хрысціны Кудзёлка. Без працавітасці ў біятлоне, як і ў любым відзе спорту, немагчыма дабіцца высокіх вынікаў. Працавітасць — гэта аснова паспяховай спартыўнай кар’еры Ірыны Мікалаеўны Елісеевай, двухразовай чэмпіёнкі свету і Еўропы па біятлоне, трэнера Лагойскай КСДЮШАР. Свой шлях у спорт высокіх дасягненняў Ірына пачынала яшчэ ў 6 класе, потым была вучоба ў Плешчаніцкай школе-вучылішчы алімпійскага рэзерву. Былі трэніроўкі і на “Заячай паляне” пад кіраўніцтвам сённяшняга калегі, а тады трэнера-настаўніка, Валерыя Пятровіча Яскевіча.

— У біятлоне важныя яшчэ і фізічныя паказчыкі, тое, што закладзена прыродай, хаця працавітасць нярэдка дапамагае іх палепшыць. Трэнер павінен заўважаць дзяцей, у якіх бы сумяшчалася працавітасць і добрыя даныя. Якраз такім трэнерам і з’яўляецца мой настаўнік Валерый Пятровіч. Я ж пакуль набіраюся вопыту, працую з самымі малодшымі навучэнцамі. Сучасныя дзеці не заўсёды ахвотна ідуць на заняткі спортам, каля іх трэба працаваць аніматарам, паказваць, расказваць. Аднак калі яны ўжо прыйшлі на заняткі біятлонам, то самааддана працуюць, — дзеліцца Ірына Елісеева.

Біятлон — гэта не толькі напружаныя трэніроўкі ў снег, адлігу, мароз. Біятлон — гэта заўсёды добры настрой, яркія ўражанні. “Ёсць на “Заячай паляне” адзін спуск. Яшчэ з часоў майго дзяцінства на ім заў­сёды весела. Стартуем, даяз­джаем да гэтага спуску — і пачынаецца: нехта не ўтрымліваецца на нагах, падае, за яго чапляецца іншы, злятаюць лыжы, боты, палкі ляцяць убакі. Весела, эмоцыі перапаўняюць, — смяецца Ірына Мікалаеўна. — На спаборніцтвах, асабліва высокага ўзроўню, таксама свае эмоцыі. Але гэта ўжо эмоцыі барацьбы”.

Спартыўная сталіца

У сённяшніх удзельнікаў “Снежнага снайпера” памятныя прафесійныя старты і фінішы яшчэ наперадзе. Каб яны адбыліся, варта рэгулярна трэніравацца, чым і займаюцца навучэнцы Лагойскага раёна. На трэніровачнай базе Плешчаніцкай школы-вучылішча алімпійскага рэзерву напярэдадні абласнога этапу “Снежнага снайпера”, які адбыўся ў гэтыя выхадныя, актыўна трэніраваліся прадстаўнікі не толькі Лагойскага, але і найбліжэйшых раёнаў Мінскай вобласці.

Актыўнае развіццё біятлона вядзецца на Лагойшчыне не толькі на базе дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ, але і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Сваіх юных спартсменаў на абласныя спаборніцтвы прадстаўляюць, у прыватнасці, Акалоўская сярэдняя школа і плешчаніцкая сярэдняя школа № 1. Як падзяліліся настаўнікі фізічнай культуры і здароўя гэтых устаноў адукацыі Генадзь Леанідавіч Сташкевіч і Валерый Міхайлавіч Аўхуцкі, заняткі па лыжным спорце з’яўляюцца традыцыйнымі. І справа не толькі ў вучэбнай праграме, якая прадугледжвае асваенне навучэнцамі навыкаў правільнага лыжнага ходу класічным і вольным стылем (каньковым ходам), але і ў багатых традыцыях папулярызацыі лыжна­га спорту. Вялікую ролю адыгрывае супрацоўніцтва з Плешчаніцкай ДЮСШ прафсаюзаў і абласной школай-вучылішчам алімпійскага рэзерву.

Па словах дырэктара Плешчаніцкай ДЮСШ прафсаюзаў Аляксандра Рыгоравіча Размовы, аддзяленне лыжнага спорту функцыянуе на базе ўстановы ўжо 30 гадоў з моманту яе адкрыцця, з’яўляецца неад’емнай часткай работы ўстановы. У Плешчаніцах, як і ва ўсім Лагойскім раёне, біятлон — найбольш папулярны від спорту. На сёння сфарміравана шэсць груп, у якіх займаюцца 54 навучэнцы. Для правядзення заняткаў выкарыстоўваецца як мясцовая база (стадыён “Юнацтва”), так і база Каменскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, абласной школы-вучылішча алімпійскага рэзерву.

Метадыст Лагойскага РЦТіК В.М.Шаплыка і дырэктар Г.В.Вашкевіч.

— Канечне, калі параўноў­ваць узровень развіцця біятлона ў Плешчаніцах, скажам, 5 гадоў назад, то ён знаходзіцца на больш высокім узроўні. Цяпер і ў трэнераў больш вопыту, ды і традыцыі склаліся. Вучоба ў нашай школе — гэта пачатковая ступень далейшага развіцця юных спартсменаў. Наступным этапам з’яўляецца вучоба ў Плешчаніцкай дзяржаўнай абласной сярэдняй школе-вучылішчы алімпійскага рэзерву. Пра плешчаніцкіх навучэнцаў не скажаш, што яны вядуць маларухомы лад жыцця, у вольны час толькі і робяц­ь, што сядзяць у гаджэтах. У нас ніколі не існуе праблем з наборам груп, асабліва па біятлоне і футболе, — паведаміў Аляксандр Рыгоравіч Размова.

В.І.Пехцерава.

Плешчаніцы — лыжная сталіца Беларусі. Чаму б і не? Калі не сталіца, то адзін з цэнтраў развіцця і папулярызацыі лыжнага спорту ў нашай краіне — дакладна. Пераканала ў гэтым наведванне не толькі трэніровачнай базы Плешчаніцкай школы-вучылішча алімпійскага рэзерву, але і стадыёна фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Скарб”, дзе ланцужком, адзін за адным, не спяшаючыся, яшчэ няўпэўнена трымаючыся на лыжах, рухаліся вучні 7 класа плешчаніцкай сярэдняй школы № 2, адпрацоўвалі папераменна двухкрокавы і бяскрокавы ход.

— Дзеці, якія займаюцца ў спартыўнай школе, безумоўна, выдзяляюцца. Яны ўжо і каньком умеюць ісці, і на спаборніцтвах абласных па лыжных гонках сярод школьнікаў і “Снежным снайперы” ўдзельнічаюць, і займаюць там прызавыя месцы. Дзякуючы лыжнаму інвентару ў нас ёсць магчымасць займацца лыжным спортам адначасова ўсяму класу. Кожная субота ў нашай школе — спартыўная. У сумесных мерапрыемствах намагаемся задзейнічаць і настаўнікаў, і вучняў, і бацькоў. Для малодшых школьнікаў часта праводзяцца спаборніцтвы “Тата, мама, я — спартыўная сям’я”, заезды на санках, а для старшакласнікаў — лыжныя гонкі. Штогод у лютым праводзіцца спартыўна-патрыятычная гульня “Зарніца”, у рамках якой на спартыўным этапе абавязкова лыжныя гонкі. Нашы вучні займаюцца і гарналыжным спортам. Канечне, наведванне гарналыжных цэнтраў “Сілічы” і “Лагойск” патрабуе пэўных фінансавых выдаткаў, аднак створаныя там умовы дазваляюць паўнацэнна займацца гарналыжным спортам. Наогул, у ваколіцах Плешчаніц столькі прыгожых мясцін, узгоркаў, лясных масіваў, якія выдатна падыходзяць для заняткаў лыжным спортам, — расказвае настаўніца фізічнай культуры і здароўя Аксана Пятроўна Ляхновіч.

Г.Л.Сташкевіч і юная біятланістка вучаніца 9 класа Акалоўскай сярэдняй школы Настасся Кірычэнка.
В.М.Аўхуцкі і вучань 7 класа плешчаніцкай сярэдняй школы № 1 Ягор Маргун.

Папулярызацыя лыжнага спорту на Лагойшчыне ў многім зале­жыць ад зацікаўленасці ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Лагойскага райвыканкама. Калі ёсць зацікаўленыя асобы, улюбёныя ў лыжныя гонкі, біятлон, тады і справа будзе прыносіць вынік. Менавіта такім чалавекам з’яўляецца Вераніка Іванаўна Пехцерава, дарэчы, майстар спорту па лыжных гонках. Выпускніца Цяцерынскай сярэдняй школы Круглянскага раёна і Магілёўскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву, яна прысвяціла сваё жыццё папулярызацыі лыжнага спорту. Пад яе непасрэдным кіраўніцтвам (і, што важна, непасрэдным удзеле) кожную суботу на Лагойшчыне праводзяцца спаборніцтвы па лыжных гонках сярод устаноў адукацыі раёна.

Нельга ўтрымацца

Нельга абыякава назіраць за тым, як навучэнцы Лагойшчыны, узмакрэлыя, расчырванелыя на марозе, крыху стомленыя, але надзвычай шчаслівыя, метр за метрам з дапамогай лыжаў спазнаюць прыгажосць узгоркаў роднай зямлі. Хочацца адкінуць убок фотаапарат, узяць у рукі лыжныя палкі, стаць на лыжы, адштурхнуцца і гэтак жа з ветрыкам прамчацца пад беласнежнымі елкамі. І як не любіць лыжы? Як не любіць маляўнічую лагойскую лыжню?

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.