Лайкаграма для персанажа

- 13:46Партфоліа

Каб ісці ў нагу з часам і прыцягнуць увагу малодшага пакалення да літаратуры, прапаную ўнесці адпаведныя карэктывы і да аналізу мастацкіх твораў.

Апраўдаў сябе такі прыём, як стварэнне лайкаграмы на ўроках літаратуры. Гэты прыём не толькі просты ў прымяненні, але, што галоўнае, захапляльны і зразумелы для вучняў. 

Разгледзім прынцып пабудовы лайкаграмы літаратурнага персанажа. Першая неабходная ўмова — уважліва прачытаць твор, вылучыўшы тыя ключавыя эпізоды, якія вартыя ўвагі. Дарэчы будуць пазнакі ў тэксце, закладкі або каляровыя стыкеры, каб потым пры неабходнасці хутка звярнуцца да цытат. Калі вобраз героя ўжо ўмоўна намаляваны, прыступаем непасрэдна да вылучэння рыс характару. Потым звяртаем увагу на ўчынкі героя, яго ўзаемаадносіны з блізкімі, асабістыя погляды і г.д. Маючы на ўзбраенні канкрэтны матэрыял, прыступаем да галасавання. Для нагляднасці, напрыклад, рысы характару можна напісаць на дошцы, а вучні побач будуць прымацоўваць сімвалічныя значкі прыхільнасці (часцей сэрцайкі), такім спосабам ставячы лайк. Мэтазгодна загадзя прызначыць спецыяльнага аператара, які будзе падліч­ваць атрыманыя лайкі і ўносіць іх у камп’ютарную праграму. У выніку атрымаецца маляўнічая дыяграма з каляровымі слупкамі. Тады наглядна можна ацаніць, якія ж рысы характару больш уразілі чытачоў-“падпісчыкаў”. Лайкаграма гатова. Усе матэматычныя разлікі бярэ на сябе камп’ютар. Мы можам толькі запоўніць у легендзе даныя для галасавання (у нашым выпадку — рысы характару) і вызначыць адзінкі вымярэння (колькасць лайкаў або працэнтныя суадносіны). Дзякуючы атрыманай лайкаграме, вучні могуць канстатаваць, што прываблівае ў персанажы, а што не карыстаецца папулярнасцю. Таксама можна зрабіць вывад, станоўчы гэты герой ці адмоўны, ці варта браць з яго прыклад. Дарэчы, практыка паказвае, што ў розных дзіцячых калектывах на аднаго і таго ж персанажа атрымліваюцца розныя лайкаграмы, таму што меркаванні вучняў часам дыяметральна процілеглыя. Тое, што з’яўляецца пахвальным для адных, не абавязкова вітаецца іншымі. Напрыклад, сціпласць у пачуццях Сцяпана з апавядання “Дзяльба кабанчыка” В.Карамазава адным класам асуджалася, а другім — ухвалялася. Такая ж сітуацыя атрымалася  пры аналізе ўпартасці Даніка Мальца з аповесці Я.Брыля “Сірочы хлеб”.

Лайкаграма — гэта графічнае адлюстраванне адносін чытачоў да пэўных момантаў твора (герояў, праблем, эпізодаў і г.д.). Пры характарыстыцы літаратурных персанажаў мы ўжо не проста расказваем пра іх, але і выказваем свае адносіны ў выглядзе лайкаў.

На першы погляд здаецца, што лайкаграму можна пабуда­ваць толькі для станоўчага персанажа, але гэта не так. Прадэманструем на прыкладзе вобраза Сержа з аповесці “Насцечка” К.Чорнага. Прааналізаваўшы паводзіны і ўчынкі Сержа, мы адразу вылучаем наступныя рысы характару: ганарлівасць, упар­тасць, фанабэрыстасць, схільнасць да маніпуляцыі, подласць, зазнайства, помслівасць, задзіры­стасць, зайздрасць. Як бачым, перад намі ўсё адмоўнае. Даволі цяжка знайсці штосьці добрае, хаця яно ўсё ж выяўляецца пры больш глыбокім аналізе (цікаўнасць, павага да баць­кі, уменне прабачаць, уважлівасць, неабыякавасць, заклапочанасць). Гэтыя моманты і пакладзём у аснову лайкаграмы. Альбо можна зайсці з іншага боку: адзначаць лайкамі тое, што выклікае занепакоенасць і звяртае на сябе асаблівую ўвагу. Пры такім падыходзе на лайкаграме звычайна зашкальвае нахабнасць і ­злосць Сержа. 

Пры аналізе ўчынкаў герояў мэтазгодна вучням даць апера­джальнае заданне стварыць ілюстрацыю да пэўных эпізодаў. Такая нагляднасць будзе выкарыстана замест слоўных запісаў пры галасаванні.  

Таксама практыкую варыянт збірання лайкаў для літаратурнага персанажа непасрэдна ў сацыяльных сетках. А менавіта малюнак ці цытату, якія выяўляюць пэўную праблему ці дэманструюць нейкую рысу характару героя, змяшчаю ў стужцы навін. Вучні ж, з’яўляючыся карыстальнікамі платформы, аператыўна рэагуюць: “лайка­юць” і пішуць каментарыі. Запатрабаванай стала наша спецыяльная суполка ў Viber “Літаратурная альтанка”. Тут не толькі аператыўна ставяцца лайкі, але і змяшчаюцца нататкі. Алгарытм просты. Я задаю пытанне — вучні даюць адказы, прычым, адначасова. Потым насупраць меркавання, з якім мы згодны, націскаем сэрцайка. Не варта баяцца ахвяраваць час на ўроку, каб рабіць запісы ў месенджары. Такі прыём даволі выніковы. У ім спалучаюцца нагляднасць, пісьмовы адказ на пытанне і маналагічнае выказванне. Трэба заклікаць дзяцей не толькі націскаць на значок “падабайкі”, але і пакідаць свае водгукі, а потым іх абараняць. 

Стварэнне лайкаграмы ў першую чаргу робіць урок займальным,  што немалаважна, таму што вучні з захапленнем удзельнічаюць у такой дзейнасці, а значыць, павышаецца вучэбная матывацыя. Таксама такі прыём садзейнічае больш глыбокаму аналізу твора, дазваляе па максімуме выслу­хаць меркаванні аднакласнікаў, аспрэчыць іх або згадзіцца.

Таццяна БАТУРА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Навасёлкаўскай базавай школы
Гродзенскага раёна.