Лакмус аднаго колеру

- 11:12Адукацыйная прастора, Рознае

Лакмусам маіх стасункаў са школай як маці з’яўляецца настрой маёй дачкі, а дакладней, яе жаданне ісці ў школу. У нашым выпадку гэта гімназія № 23 Мінска з беларускай мовай навучання, і пакуль (дачка вучыцца ў 8 класе) колер лакмусу застаецца практычна нязменным. Нават калі ўвечары яна вельмі стомленая і пачынае прыдумваць нейкія прычыны, каб назаўтра не пайсці на заняткі, то зранку ўсё мяняецца і дачка бадзёра збіраецца, прадчуваючы новы гімназічны дзень.

А дні, натуральна, бываюць самыя розныя: калі было цікава і весела, калі сумна і хацелася спаць, калі зрабілі заўвагу, калі атрымала “дзявятку” або “шасцёрку”, калі пасварылася з сяброўкай, калі злаўчылася добра адказаць па творы, які загадзя не прачытала, калі нічога не зразумела на хіміі. Штодзень у нас новае “калі”, але ўсе яны з’яўляюцца своеасаблівымі матыватарамі, тымі вялікімі і малымі прычынамі, па якіх дачка штодзень спяшаецца ў гімназію.

А ўвечары мы разам з ёй абмяркоўваем пражыты гімназічны дзень, яшчэ раз перажываючы хвіліны радасці, расчаравання, захаплення, неразумення ці нават злосці (усякае бывае). Падчас такіх вячэрніх размоў дачка аналізуе і ацэньвае дзеянні сваіх настаўнікаў, пасля супакойваецца і падсумоўвае — усё роўна яны добрыя, бо на ўроках могуць не толькі пасварыцца ці зрабіць заўвагу, але і пасмяяцца, пажартаваць, цікава пра нешта расказаць. Я пагаджаюся.

У клас дачкі прыходзяць розныя настаўнікі. Розныя па характары, узроўні падрыхтоўкі, светаадчуванні. Яны па-рознаму бачаць сябе ў прафесіі, па-рознаму ў ёй рэалізоўваюцца. І гэта нармальна, бо людзі, у прынцыпе, усе розныя. Мне падабаецца ў гэтых педагогах найперш тое, што яны вучаць дзіця бачыць свет у яго багатай разнастайнасці — эмацыянальнай, жыццёвай, чалавечай.

Цяпер безумоўным фаварытам дачкі з’яўляецца настаўнік англійскай мовы. “Мама, ён такі класны! На яго ўроках вельмі цікава і весела”, — штодзень гаворыць яна мне і дамашнія заданні выконвае з павышанай стараннасцю. Імкнуся развіваць у яе жаданне вучыцца не дзеля адзнакі, а для ўласнага самаўдасканалення, для больш лёгкага і зразумелага ёй уваходжання ў дарослае жыццё. Канечне, я разумею, што ў будучым адзнакі нам спатрэбяцца (агульны бал атэстата пакуль не адмянілі), але ўсё ж важнай з’яўляецца не колькасць, а якасць.

Не скажу, што за гады вучобы дачкі ў мяне не было ніводнага непаразумення з настаўнікамі. Здаралася. Тут хачу падзякаваць адміністрацыі гімназіі за яе канструктывізм і падтрымку. І дырэктар, і яго намеснікі заўсёды выслухаюць, дапамогуць, нешта параяць. Усім нам трэба ўмець весці дыялог. Не высвятляць гучна адносіны, не сварыцца, а спакойна данесці свае думкі і выслухаць апанента. А калі памыліўся, то мець смеласць у гэтым прызнацца. Я вучуся гэтаму па сённяшні дзень, хоць адносін з настаўнікамі ніколі не высвятляла. І не буду гэтага рабіць, бо пераканана, што гэта дыструктыўны шлях. Адносіны трэба развіваць, удасканальваць. Бацькі і настаўнікі павінны быць па адзін бок барыкад, і ні ў якім разе не наадварот. І бацькі, і настаўнікі зацікаўлены ў адным — навучыць і выхаваць чалавека. Гэты працэс дробязнасці не церпіць.

Не трэба змагацца за адзнаку і імкнуцца выгарадзіць дзіця. Важна вучыць утрымацца ў сістэме каардынат чалавечых адносін, таму тут на першае месца выходзіць не асоба аднаго педагога (хаця гэта таксама мае вялікае значэнне), а атмасфера ўсёй навучальнай установы, у якую прыходзіць штодзень дзіця. Гэтая атмасфера ўздзейнічае і на бацькоў.

Я вельмі добра памятаю тыя адчуванні, якія прыйшлі да мяне ў дзень першага наведвання гімназіі, у якой вучыцца мая дачка. Адчувалася цеплыня, роднасць, еднасць, камернасць і нават урачыстасць. У першыя хвіліны зразумела, што вучыцца прыйдзем толькі сюды. Не расчараваліся ні я, ні мая дачка. Ёй падабаецца вучыцца ў гэтай гімназіі, а мне падабаюцца тыя эмоцыі, якія яна прыносіць са сваёй навучальнай установы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.