Латвія: абаронцы рускіх школ пачалі збор подпісаў за захаванне адукацыі на роднай мове

У Facebook у групе “Рускі саюз Латвіі” кіраўніцтва краіны заклікаюць “вярнуцца да вытокаў” і вучыць дзяцей на мове сям’і, як завяшчалі бацькі — заснавальнікі Латвійскай Рэспублікі.

“Упэўнены, што ў год 100-гадовага юбілею Латвійскай Рэспублікі правы чалавека ў Латвіі, у тым ліку правы нацыянальных меншасцей, павінны выконвацца не ў меншай меры, чым у перыяд утварэння дзяржавы”, — піша адзін з арганізатараў акцыі Аляксандр Кузьмін.

Прапануецца аднавіць дзеянне трох артыкулаў Закона “Аб навучальных установах Латвіі”, падпісанага першым Прэзідэнтам Латвійскай Рэспублікі Янісам Чакстэ. Гэтыя артыкулы гучалі так: “Навучанне ва ўсіх абавязковых школах павінна ажыццяўляцца на мове сям’і навучэнцаў… Мовай сям’і навучэнцаў прызнаецца тая мова, якую называюць бацькі пры запісе дзіцяці ў школу і на якой яно можа свабодна выказваць свае думкі… Дзяржаўныя і муніцыпальныя ўстановы ўтрымліваюць для кожнай нацыя-нальнасці столькі абавязковых школ, колькі неабходна для адукацыі іх дзяцей зыходзячы з палажэнняў гэтага закона”.

Петыцыя перададзена ўжо для размяшчэння на афіцыйным інтэрнэт-партале грамадскіх ініцыятыў Manabalss lv. Паводле мясцовага заканадаўства, прапанова, за якую сабралі подпісы не менш за 10 тысяч грамадзян краіны, старэйшых за 16 гадоў, мае статус калектыўнай заявы і павінна быць разгледжана Соймам рэспублікі.