Яго кнігі і іх забаўныя персанажы даўно палюбіліся юным чытачам. А на пачатку верасня вядомы паэт, песеннік, празаік, уладальнік шматлікіх прэмій Уладзімір Мазго на Дні беларускага пісьменства ў Івацэвічах быў названы лаўрэатам яшчэ адной — Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
“Узлёт” i кот–мараход
— Для мяне вялікі гонар атрымаць гэтую прэмію за кнігу “Загадка — розуму зарадка”, — расказвае Уладзімір Мінавіч. — А яшчэ ў гэтым годзе выйшаў абноўлены падручнiк “Беларуская літаратура” для 8 класа сярэдняй школы. І вельмі прыемны сюрпрыз, што мой верш “Я слухаю мелодыю дажджу…” ўвайшоў у яго. Раней мае творы ўваходзілі ў праграму для пазакласнага чытання. Я ж сам пачаў па-сапраўднаму глыбока знаёміцца з творамі беларускіх пісьменнікаў, калі вучыўся ў школе.
— А свае першыя радкі зарыфмавалі ў 6 класе?
— Так. Мы прыйшлі ў сваю Зэльвенскую сярэднюю школу пасля летніх канікул, і настаўніца дала нам заданне напісаць сачыненне пра восень. Мне нешта не пісалася, я вельмі доўга сядзеў і думаў. I калі да канца ўрока заставалася мінут пятнаццаць, нібы хтосьці зверху мне пачаў дыктаваць нейкія рыфмаваныя радкі. Ледзь паспеў іх занатаваць. Атрымалася сачыненне ў вершах, за змест настаўніца паставіла мне пяцёрку і нават пацікавілася, ці сам я гэта напісаў…
А крыху пазней мой настаўнік па беларускай мове і літаратуры Аляксандр Міхайлавіч Голуб, даведаўшыся пра мае паэтычныя схільнасці, параіў вывучаць тэорыю вершаскладання, рытмічныя памеры, даваў чытаць шмат кніг. І я, каб не блытацца, будаваў для сябе схему з націскнымі і ненаціскнымі складамі. І захапіўся гэтай справай сур’ёзна. Вершы сталі пісацца, як сэрца б’ецца: калі сумны настрой — і яны выходзілі сумнымі, а калі настрой бадзёры — наадварот, жыццярадаснымі.
— Вы ж і друкавацца пачалі яшчэ ў школе?
— У старшых класах. Спачатку мае вершы надрукавала зэльвенская раённая газета “Праца”. Потым, асмялеўшы, паслаў свае творы ў абласную “Гродзенскую праўду”, там працаваў літаратурным кансультантам Васіль Быкаў. І будучы народны пісьменнік даслаў мне ліст, дзе пахваліў вершы, аднак параіў накіраваць у дзіцячае выданне.
Я паслухаўся слушнай парады і адправіў розныя творы ў газету “Піянер Беларусі” і часопіс “Бярозка”. І зноў мне пашанцавала — там надрукавалі “Спрачаюцца маланкі” і “Жаданне”. Стаў атрымліваць шмат пісем ад аднагодкаў з прапановамі перапісвацца, што таксама паслужыла вялікім стымулам. Было гэта паўстагоддзя назад…
— А чаму менавіта “Жаданне”, чаго вам так хацелася?
— Гэта таксама цікавая гісторыя. З ранняга дзяцінства мне вельмі хацелася стаць мараком, пакараць акіянскія прасторы, ажыццявіць кругасветнае падарожжа. Мусіць, таму, што начытаўся прыгодніцкай літаратуры, твораў, у якіх рамантызаваліся капітаны далёкага плавання. Мой верш пачынаўся так: “Хачу пабачыць мора, адчуць вятры i хвалі, салёным плыць прасторам у сонечныя далi…”.
— Нядзіўна, што пасля ваш казачны літаратурны герой кот Васіль стаў мараходам!
— Прыгодам гэтага пацешнага персанажа прысвечаны нават дзве дзіцячыя кніжкі, якія выйшлі з інтэрвалам у 20 гадоў. Кот Васіль — патрыёт Беларусі, пабываў на Нарачы, у Белавежскай пушчы, на Дняпры, на Палессі і гэтак далей, аднак ён непаседа і заўзяты падарожнік, які то плавае па морах, то пакарае касмічныя абшары… Я ж сам па парадзе прафесара Алега Лойкі, які прыязджаў да нас у Зэльву, ад мары паступаць у мараходку адмовіўся. Пасля заканчэння школы пайшоў вучыцца на філфак Белдзяржуніверсітэта і пачаў актыўна супрацоўнічаць з універсітэцкім літаб’яднаннем “Узлёт”.
Да таго часу я паспеў надрукавацца ў літаратурным часопісе “Маладосць”, у школу на маё iмя прыходзіла многа грамат за перамогі ў розных літаратурных конкурсах. У мяне на паліцы дагэтуль стаіць шмат кніг з аўтографамі і пажаданнямі творчых поспехаў вядомых беларускіх пісьменнікаў — Янкі Брыля, Сяргея Грахоўскага, Рыгора Барадуліна…
Круты певень і папяровы кубак
— Калі вы адчулі сябе прафесійным літаратарам?
— Ужо на першым курсе БДУ ў сяброў “Узлёту” выйшаў калектыўны зборнік “Вёсны” з маім удзелам. Пасля службы ў арміі я аднёс рукапіс сваёй першай аўтарскай кнігі “Пад спеў крыніц” у выдавецтва “Мастацкая літаратура”, дзе яна і пабачыла свет. А яшчэ праз год, у 1984-м, мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў БССР…
— Ёсць вядомая фраза “Для дзяцей трэба пісаць гэтак жа, як для дарослых, толькі яшчэ лепш”. У вас гэта атрымліваецца?
— Хочацца верыць.
На сённяшні дзень у мяне выйшлі 24 кнігі, 7 з іх адрасаваны дарослым чытачам, а ўсе астатнія — юнаму пакаленню. Першая называлася “Калі спрачаюцца маланкі”, я падрыхтаваў яе да выдання ў 30 гадоў, у той час якраз пачаў падрастаць мой сын-школьнік.
Разумееце, у чым справа. “Вочы дзяцей — як крыніцы надзей”, ёсць у мяне такія радкі. Калі ў іх глядзіш, бачыш непасрэднасць, даверлівасць, чысціню, цеплыню, тое, што, на жаль, нячаста ўбачыш у шматлікіх дарослых. І сам становішся чысцейшым, і пісаць хочацца яшчэ лепш, каб спраўдзіць іх спадзяванні.
— Атрымліваецца, вы пасябравалі з юнымі чытачамі дзякуючы сыну?
— Мала таго, ён стаў у пэўным сэнсе маім суаўтарам, падказваючы нейкія тэмы. Часта летам сын гасцяваў у бабулі ў вёсцы на Зэльвеншчыне. І аднойчы расказаў мне, што ў яе ёсць круты певень, баявіты і задзірлівы, які нават заганяў сабаку ў будку. Далей пачала працаваць ужо мая фантазія. У выніку была напісана вершаваная казка “Круты певень”. Сын ужо дарослы, аднак я зараз часта маю зносіны з дзіцячай аўдыторыяй у школах, дзіцячых садках, бібліятэках, таму сюжэты для будучых твораў мне падказваюць іншыя дзеці.
— Па вашых адчуваннях, дзецi добра знаёмы з вашымі вершамі?
— Бываюць выпадкі, што я пачынаю чытаць свой верш, а дзеці падхопліваюць і кажуць, што ўжо праходзілі яго на пазакласным чытанні. Гэта вельмі прыемна.
У дзіцячых вачах можна прачытаць, падабаецца ім гэтая казка ці скорагаворка альбо не. Гэта самы адкрыты і даверлівы чытач.
— Вы рэгулярна наведваецеся ў школы, вышэйшыя навучальныя ўстановы, каледжы, бібліятэкі. Чым узбагачаюць гэтыя сустрэчы?
— Сустрэчы такога кшталту часам прыносяць прыемныя нечаканасці. У адной са сталічных гімназій, напрыклад, дзеці ўручылі мне папяровы Кубак дзіцячага пісьменніка-чэмпіёна, зроблены ўласнымі рукамі, за маю кнігу “Хутка стану чэмпіёнам”.
— Мяркуючы па назве, ваша знаёмства са спортам не назавеш шапачным?
— Вы маеце рацыю. Я заўсёды любіў спорт і ў школе вельмі захапіўся футболам, прачытаўшы кнігу Льва Касіля “Вратарь республики”. Захацелася самому стаць галкіперам. Я станавіўся ў вароты і прасіў прыяцеляў патрэніраваць мяне, напрыклад, ударамі з 11-метровай адзнакі. Але аднойчы няўдала прызямліўся і сур’ёзна пашкодзіў правую руку.
Мне наклалі гіпс, месяц не мог пісаць, і пра футбольную мару прыйшлося забыцца. Але я не маркоціўся і пайшоў у секцыю гандбола. Вёў яе ў нашай школе вядомы трэнер Леанід Пятровіч Ган, у ліку выхаванцаў якога ёсць нават два чэмпіёны свету сярод юніёраў — Уладзімір Міхута і Валерый Цівунчык. У мяне такіх поспехаў, вядома, не было, затое з часам напісаў шмат спартыўных вершаў і аб’яднаў іх у цыкл, героі якога — школьнікі Васіль і Васілінка — займаюцца рознымі відамі спорту.
Янка Маўр, хiты і “Сакавiны”
— У свой час вам давялося папрацаваць у вельмі паважаным выдавецтве “Юнацтва”, дзе друкаваліся цудоўныя кнігі для дзяцей…
— Я працаваў там рэдактарам шмат гадоў, адрэдагаваў, думаю, каля 200 кніг і маладых, і знакамітых пісьменнікаў, у тым ліку Пімена Панчанкі, Ніла Гілевіча, Васіля Віткі, Міколы Чарняўскага. Быў, відаць, адным з іх першых чытачоў і магу, напэўна, гэтым ганарыцца.
— Калі гаворка зайшла пра знакамітых пісьменнікаў, вы, мабыць, зачытваліся ў юным узросце прыгодніцкімі аповесцямі Янкі Маўра?
— Канечне. Больш за тое, калі часопіс “Бярозка” праводзіў літаратурны конкурс “Маё захапленне”, я ў 9 класе прыняў у ім удзел, расказаў у нататцы пра тое, чым мне так спадабалася адна з кніг Янкі Маўра. І стаў лаўрэатам. А ўжо ў дарослым узросце ўдастоіўся прэміі імя нашага славутага земляка…
— Многія аматары эстраднай музыкі ведаюць вас як паэта-песенніка. Якія з гэтых тэкстаў, на ваш погляд, калі адкінуць ілжывую сціпласць, сталі хiтамi?
— Здаецца, я напісаў словы не менш чым да соцень песень. Калі лічыць толькі тыя, якія выконваліся прафесійнымі артыстамі ці калектывамі, прагучалі на радыё, тэлебачанні, розных фестывалях. Першыя самадзейныя песні на мае словы нарадзіліся яшчэ ў школе, іх спяваў, напрыклад, маладзёжны склад ВІА “Русічы” Зэльвенскага раённага дома культуры. Пачынаючы з 1992 года стаў супрацоўнічаць з беларускімі кампазітарамі і спевакамі.
Што тычыцца так званых хітоў, многім слухачам запомніліся, мне здаецца, песні на мае словы “Варажба”, “Святло вачэй”, “Косы твае”, “Вечарынка”, “Вербніца” і іншыя. Іх выконвалі Анатоль Ярмоленка, Алеся, Ірына Дарафеева, Якаў Навуменка, Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч… Доўгія гады звязвае мяне творчае сяброўства з кампазітарамі Леанідам Захлеўным, Алегам Елісеенкавым, Эдуардам Ханком.
— Вы нарадзіліся ў Зэльве, удастоены звання “Ганаровы грамадзянін Зэльвеншчыны”. Часта бываеце на малой радзіме?
— Ганаруся тым, што ўжо больш за чвэрць стагоддзя ў Зэльве праходзіць свята паэзіі і музыкі “Зэльвенскія сакавіны”. Яно пачалося з маёй сустрэчы з чытачамі ў сярэдняй школе № 2 у 1997 годзе. Тады мы вырашылі праводзіць такія мерапрыемствы штогод. Цяпер свята ладзіцца на сцэне Дома культуры з падтрымкай раённай бібліятэкі і райвыканкама.
За гэты час мае землякі пазнаёміліся з творчасцю многіх вядомых пісьменнікаў, кампазітараў, артыстаў. Ідзе час, мяняюцца гледачы і тыя, хто прыязджае да іх у госці. І было ўдвая радасна, калі на адной з нядаўніх сустрэч да мяне падышла маладая жанчына і сказала: “Уладзімір Мінавіч, а я памятаю і палюбіла “Сакавіны” яшчэ з тых часоў, калі вы да нас у школу прыходзілі”.
Уладзімір ПІСАРАЎ
Фота Алега IГНАТОВIЧА