Лавандавы домік

- 14:22Выхаванне, Выхаваўчая работа

Вынікам інтэнсіву­практыкуму з ЮНІСЕФ стаў 21 праект. З іх 5 атрымалі поўную фінансавую падтрымку. 

Так, на тэрыторыі Брэс­цкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі з’явіцца “Лавандавы домік” — экакомплекс пад адкрытым небам, у якім прасоўваць ідэі экалагічнай адукацыі будуць самі дзеці, а ў Гомелі, дзякуючы навучэнцам сярэдняй школы № 27, — цяністая зялёная алея з дзявочага вінаграду для гараджан. Каманда Барысаўскага цэнтра экалогіі і турызму плануе ў трох школах горада рэалізоўваць свой праект “Віртуальная вада”. Ён накіраваны на эканомію вады ў санвузлах і ў сталовых за кошт мадэрнізацыі сантэхнічнага абсталявання. Не страчваюць актуальнасці і збор і далейшая перапрацоўка пластыкавых накрывак і батарэек. Абодва праекты прэзентавалі і вывелі ў топ-5 навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі. 

Фінансавую падтрымку на дадатковыя даследаванні арганізатары прадаставяць аўтарам яшчэ 7 праектаў. У гэтую сямёрку трапіў праект навучэнцаў Ноўкінскай сярэдняй школы Віцебскага раёна. 

“У нашым аграгарадку знаходзіцца УП “Рудакова”. Гэта цяпліцы плошчай 16 га для вырошчвання агуркоў, памідораў, квяцістай капусты, — тлумачаць актуальнасць праблемы аўтары. — Цяпліцы знаходзяцца побач з жылымі дамамі і лесам, і калі змяншаецца светлавы дзень, у цяпліцах кожную ноч уключаюць яркае штучнае святло. Яно згубна ўплывае на біярытмы жывых арганізмаў, на сувязі экасістэм, а ў людзей з’яўляюцца стрэ­сы, раздражняль­насць, парушаецца па­мяць, аслаб­ляецца імунітэт. Для вырашэння гэтай праблемы мы прапануем перакрываць цяпліцы па начах жалюзі і высадзіць высокія хвойныя расліны па перыметры цяпліц. Гэта дапаможа жывым арганізмам вярнуцца да зыходных біярытмаў, палеп­шыць агульны стан чалавека”. 

Таксама забруджванне, але іншага кшталту, трапіла пад увагу навучэнцаў гімназіі № 146 Мінска. Аб’ектам іх даследавання стала прычына непрыемнага паху ў наваколлі іх дамоў і дач у прыгарадзе сталіцы, які распаўсюджваецца на дзясяткі кіламетраў, робячы жыццё невыносным для дзясяткаў тысяч лю­дзей. Гэта 18 спецыяльных пляцовак для пярвічнага адстойвання прадуктаў жыццядзейнасці чалавека з усяго Мінска плошчай больш за 70 га. І пах навокал не толькі непрыемны, але і вельмі шкодны, насычаны аміяком, серавадародам, меркаптанамі і інш. Каб мінімізаваць іх выкіды ў паветра, падлеткі хочуць павы­шаць PH змесціва сажалак з нормы да шчолачнага асяроддзя, каб знішчыць прычыну паху — бактэрыі. Паралельна яны хочуць абса­дзіць сажалкі жывым бар’ерам — дрэвамі. А павысіць кіслотнасць прапануюць шляхам унясення ў сажалкі попелу — самага экалагічнага і таннага рэчыва для вырашэння праблемы. Каманда ўжо знайшла пастаўшчыка попелу і чакае адказ на сваю прапанову ад Мінск­водаканала — уласніка сажалак. 

Дыхаць чыстым паветрам і тым самым берагчы сваё здароўе мараць і навучэнцы Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа. Таму яны распрацавалі свой прыбор для ачысткі паветра ад шкодных выкідаў прамысловасці Clean Air.

Праект “Людзі побач” ад навучэнцаў гімназіі № 8 Жлобіна імя В.І.Казлова закліканы падтрымлі­ваць парадак у лясах і вадаёмах за кошт устаноўкі там фандаматаў па зборы пластыкавай тары. За ўкінутыя бутэлькі фандамат будзе выдаваць чалавеку скідкі на праезд, на пакупкі ў магазіне ці нават на адпачынак у санаторыі. Падобны па задуме і праект навучэнцаў Далжанскай сярэдняй школы Віцебскага раёна “Чыстыя жэтоны”. За сабранае на прыбярэжнай тэрыторыі мясцовых азёр смецце людзям бу­дуць выдавацца спецыяльныя жэтоны, за якія можна атрымаць скідкі на розныя тавары на пляжы.

Навучэнцы РЦЭіК атрымаюць фінансаванне сваіх даследаванняў у межах іх праекта “Глядзі не закісні!”. Яны хочуць вывесці штам бактэрыі, якая будзе жыць на раслінах, дапамагаць ім паглынаць закіс азоту, каб той не паступаў у атмасферу. Праект навучэнцаў Цэнтра экалогіі, турызму і краязнаўства Баранавіч таксама накіраваны на пошук карысных бактэрый, толькі ў вадзе. Яны плануюць, што вылучаная імі і змешчаная ў возера экахларэла паспрыяе здароўю жывых арганізмаў у ім.

Улічваючы, што на падрыхтоўку праектаў ва ўдзельнікаў інтэнсіву-практыкуму было ўсяго 4 дні, правесці годную падрыхтоўку, даследаванні яны проста не паспелі. Але арганізатары ба­чаць іх праекты перспектыўнымі, таму хочуць спачатку ўпэўніцца ў гэтым.

“Спачатку мы выдзе­лім іх аўтарам сродкі на дадатковыя даследаванні, — тлумачыць Марыя Відзевіч. — Напрыклад, гаворачы пра праект “Экахларэла”, мы пакуль не ўпэўнены, што варта перасяляць той від бактэрый водарасці, які яны хо­чуць распрацаваць, у возера. У праекце “Глеістыя сажалкі пад кантролем” могуць узнікнуць пытанні з транспарціроўкай попелу, з атрыманнем дазволу закладваць яго ў сажалкі ад Мінскводаканала. Але калі аўтары правядуць свае даследаванні, атрымаюць неабходныя ўзгадненні, мы таксама зможам дафінансаваць іх рэалізацыю”.

Акрамя таго, усе гэтыя праекты атрымаюць ментарскае суправаджэнне.

“Экалагічна актыўная моладзь мае шмат ідэй для ўвасаблення, але гэтыя ідэі павінны мець практычны выхад, і ім трэба дапамагчы, — гаворыць намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і края­знаўства Вікторыя Сабалеўская. — Не ў кожнай установе адукацыі ёсць тыя рэсурсы (і матэрыяльна-тэхнічныя, і педагагічныя), каб курыраваць праект ад ідэі да рэалізацыі. І ідэя экамарафону ў тым, каб дзеці на працягу тых блокаў, якія ў нас прахо­дзяць у яго межах, змаглі зразумець, як генерыруюцца ідэі, як яны вырастаюць у праект, як яго зра­біць канкурэнтаздольным, як яго прасоўваць, якія рэсурсы прыцягваць для яго рэалізацыі. Таму педагогі нашага цэнтра і педагогі іншых устаноў краіны будуць ез­дзіць адно да аднаго і будуць праводзіць модульнае навучанне непасрэдна па суправаджэнні і рэалізацыі гэтых праектаў. Восенню, завяршаючы экамарафон, мы зможам прадставіць рэалізаваныя праекты ўзнагародзіць пераможцаў”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.