Лаві момант

- 11:58Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Важнасць студатрадаўскага руху ў тым, што ён дае магчымасць працаўладкавацца дзецям як са сталіцы, абласных цэнтраў, так і з глыбінкі. Такую думку выказаў другі сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Прохараў на рэспубліканскім семінары студатрадаў у Гомелі.

Актуальны вопыт студатрадаўскага руху

Аляксандр Прохараў лічыць, што на Гомельшчыне апошнім часам атрымалася зрабіць прарыў у студатрадаўскім мала­дзёжным руху: “Рух працягвае працоўныя традыцыі камсамольскай моладзі. І мы актыўна яго развіваем. Сёлета больш як 20 тысяч дзяцей ужо адпрацавалі ў скла­дзе студатрадаў. Гэта прыкладна на пяць тысяч чалавек больш, чым за папярэдні год”.

60 камандзіраў і камісараў тэрыта­рыяльных штабоў студатрадаў БРСМ з усёй краіны наведалі вытворчыя пляцоўкі кукурузакалібровачнага завода КСУП “Эксперыментальная база “Крынічная” і Мазырскага доследнага лясгаса. У Гомелі маладыя людзі задавалі важныя хвалюючыя пытанні прадстаўнікам улады рэгіёна. Таксама прайшлі практыкумы, тымбілдынг, прэзентацыі, адкрытыя дыялогі, маладзёжныя інтэнсівы, абмен вопытам. Гамяльчане падзяліліся сваімі напрацоўкамі па працаўладкаванні ў студэнцкіх атрадах непаўналетніх дзяцей. 

Па словах другога сакратара абкама БРСМ Яўгеніі Кахаевай, больш за 270 арганізацый Гомельскай вобласці гатовы прадаставіць магчымасць першага заробку. Рух, які зарадзіўся яшчэ ў савецкі час, у сучаснай Беларусі не проста не страціў папулярнасці, а набірае абароты. Конкурс у студэнцкія атрады — да пяці чалавек на месца. На Гомельшчыне студатрадаўскі рух сёлета аб’яднаў 4550 юнакоў і дзяўчат, якія працуюць на заводах, будаўнічых пляцоўках, у аздараўленчых лагерах. 

На моры адпачыць і грошы зарабіць

Традыцыйна ўлетку камітэты БРСМ арга­нізоўваюць будаўнічыя, сельскагаспадарчыя і добраахвотніцкія атрады. Гомельскія студэнцкія атрады працуюць практычна па ўсёй краіне, задзейнічаны на такіх рэспубліканскіх праектах, як МАЗ, “Атлант”. Сёлета на Гомельшчыне ўпершыню з’явіўся студатрад праваднікоў Беларускай чыгункі. Пашыраецца геаграфія працаўладкавання. Напрыклад, маладыя людзі працуюць далёка за межамі нашай краіны: у аздараўленчым цэнтры “Арляня” і ў дзіцячым санаторна-аздараўленчым лагеры “Марская хваля” на Чорным моры.

Менавіта адтуль нядаўна вярнуўся Максім Каротчанка, які перайшоў на чацвёрты курс Чырвонабярэжскага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Хлопец атрымлівае спецыяльнасць тэхніка-механіка. Гэтае лета для юнака апошняе, калі ён змог добра па­дзарабіць і адначасова адпачыць у Краснадарскім краі.

— Да гэтага на працягу трох гадоў у будаўнічых атрадах працаваў у родным Жлобінскім раёне: у лясніцтве, у мясцовым КСУПе “Чырвонабярэжскі”, — расказвае Максім. — Таму работа прыбіральшчыкам і мыйшчыкам посуду мяне абсалютна не спалохала. Мне было не складана. Затое там, дзе мы былі, — мора і горы, новыя знаёмствы. Шмат новага і цікавага ўбачылі. Дарэчы, за заробленыя грошы купіў сабе новы тэлефон. 

На Гомельшчыне студатрадаўскі рух сёлета аб’яднаў 4550 юнакоў і дзяўчат, якія працуюць на заводах, будаўнічых пляцоўках, у аздараўленчых лагерах.

Паша Клокун будзе аграномам. У скла­дзе таго ж сэрвіснага атрада ў чэрвені — ліпені малады чалавек мыў катлы і патэльні. Кажа, што спачатку было цяжка, а потым прывык рана паднімацца і працаваць па шчыльным графіку:

— Наогул гэта не першы мой заробак. Раней на пілараме падзарабляў. А цяпер, лічу, пашанцавала: мора побач, на працы людзі прыемныя, атмасфера добрая. Класныя вячэрнія прагулкі па начным горадзе. Ну і заробак таксама важны — 1300 рублёў за паўтара месяца.

Атрад “Марская хваля” са Жлобінскага раёна ўзначальвала Аляксандра Русава. Яна педагог дадатковай адукацыі і сакратар БРСМ Чырвонабярэжскага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Кажа, што боль­шасць яе падапечных — з малазабяспечаных сем’яў:

— Ёсць і дзеці-сіроты. Таму вельмі важна, што нашы навучэнцы змаглі крыху падзарабіць. Працавалі афіцыянтамі, мыйшчыкамі, прыбіральшчыкамі, ратавальнікамі, прачкамі. Да таго ж выязны студэнцкі атрад даў нам магчымасць паўтара месяца жыць на курорце. Пражыванне і харчаванне было бясплатным. Мы паспелі і ў моры пакупацца, і на экскурсію з’ездзіць. Кожны баец студэнцкага атрада зарабіў не менш за 700 рублёў чыстымі. Тыя, хто працаваў кожны дзень, — прывезлі да 1300. Падлеткам вельмі спадабалася. Зрэшты, нашых навучэнцаў працай не спалохаеш. У скла­дзе будаўнічых атрадаў летась мы ездзілі ў Талачын Віцебскай вобласці на збор чырвоных парэчак. 

Весела дзяліцца вопытам 

Ілья Жыровіч з Лельчыц у Гомелі, на абласным фестывалі студэнцкіх атрадаў “Студатрад Fest”, прадставіў сваю каманду “Брыгадзіры”. Маладыя людзі гэтым летам працавалі ў мясцовым райпо: дапамагалі прымаць ад насельніцтва ягады, агародніну, грыбы. 

— У нас, на поўдні Беларусі, гэта вельмі папулярна, — тлумачыць хлопец. — На форуме мы прадставілі інтэрактыўныя гульні для дзяцей і дарослых. У перапынках на працы практыкавалі такія гульні.

Навучэнка Зябраўскай базавай школы Гомельскага раёна Валерыя Жыльцова таксама не марнавала час дарма на канікулах: 

— Мы працавалі ў гадавальніку Каранёўскай эксперыментальнай лясной базы. Там праполвалі расліны ад пустазелля. Акрамя ведаў і навыкаў догляду дрэўцаў, набыла новых сяброў. У наступным годзе планую таксама ўдзельнічаць у студатрадаўскім руху. 

Удзельнікамі абласнога фестывалю “Студатрад Fest” сталі больш як 250 самых актыўных байцоў Гомельшчыны. Форум у такім фармаце прайшоў упершыню. На гомельскім стадыёне “Прамень” дзеці даказвалі, што “труд крут”, спаборнічалі ў спартыўных эстафетах. Побач, у парку “Фестывальны”, размясцілася больш за 20 інтэрактыўных пляцовак з фоталакацыямі “У аб’ектыве струдатрад”, тэматычнымі выставамі, майстар-класамі, інтэлектуальнымі гульнямі, прэзентацыяй візітовак “Мой атрад”. У дарослых гасцей фестывалю стваралася ўражанне, што яны перамясціліся ў гады сваёй маладосці.

— Такія форумы даюць зарад энергіі і сіл, — падкрэсліла другі сакратар Гомельскага абкама БРСМ Яўгенія Кахаева. — Канцэнтрацыя маладзёжнай энергетыкі проста неверагодная. Зразумела, гэта шанс для развіцця, новых знаёмстваў і набыцця ведаў. 

Другі сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Прохараў абышоў прэзентацыйныя пляцоўкі ўсіх студатрадаў і пагутарыў з маладымі людзьмі. У ходзе сустрэчы высветліў моцныя і слабыя бакі сёлетняга працаўладкавання. Першых значна больш, але і праблемы былі агучаны. 

22 нумары — па ліку каманд — былі прэзентаваны на абласным форуме “Студ­атрад Fest”. Удзельнікі пакарылі журы спевамі, тэатральнымі мініяцюрамі, карагодамі. У выніку былі адзначаны выступленні моладзі з Лельчыцкага, Гомельскага і Добрушскага раёнаў. А вось права прадстаўляць Гомельшчыну на рэспубліканскім узроўні заваявалі рэчыцкія “Эколагі”. Гэты атрад сфарміраваны на базе мясцовага лясгаса і носіць імя двойчы Героя Савецкага Саюза Паўла Іванавіча Батава. Школьнікі і студэнты кожнае лета працуюць у гадавальніках на праполцы сеянцаў.

 Ірына АСТАШКЕВІЧ.