Леанід ГЕЙШТАР: “З каноэ я развітваўся рэдка”

Крыху больш як праз месяц пачнуцца Алімпійскія гульні ў Токіа, і праект “Мая школа” вырашыў расказаць пра аднаго з уладальнікаў першага беларускага алімпійскага “золата”. З першым алімпійскім чэмпіёнам Беларусі Леанідам Рыгоравічам Гейштарам мы сустрэліся ў яго сціплай гомельскай кватэры. Усюды спартыўная сімволіка, сувеніры, здымкі і, вядома, самы галоўны “экспанат” — залаты алімпійскі медаль, заваяваны на Алімпійскіх гульнях у Рыме ў 1960 годзе.

— Леанід Рыгоравіч, адкуль вы родам і дзе прайшло ваша дзяцінства?

— Я нарадзіўся ў Гомелі ў 1936 годзе, і, калі пачалася вайна, мне было 5 гадоў. Да вайны мама працавала швачкай у а­тэлье, а баць­ка — у лясным інстытуце. Выхавалі яны нас так, што ніхто не скажа дрэннага слова ў іх адрас. Усе іх дзеці выраслі годнымі лю­дзьмі.

Памятаю, як нас (я быў другім дзіцем у сям’і, а малодшая сястра нарадзілася крыху пазней) з мамай разам з іншымі гамяльчанамі нем­цы гналі па Савецкай. І невядома, што б з намі стала, калі б маме не ўдалося схавацца ў нейкім двары і тым самым выратаваць усіх нас.

Бацька быў на фронце, а мы літаральна паміралі з голаду ў акупаваным Гомелі. Калі стала зусім дрэнна, мама паслала мяне прадац­ь на барахолцы сваё паліто. Трэба было знайсці купца. Да мяне падышла жанчына: “Пра­даеш?” — “Так, прадаю”, — адказаў я. Старгаваліся за 250 рублёў. За гэтыя грошы тады можна было купіць 2,5 бохана хлеба. Я ляцеў дадому з гэтымі грашыма, быццам бег марафонскую дыстанцыю, таму што мяне дома, “на фінішы” чакалі. І калі я прыбег дадому, у халоднай кватэры стала цяплей ад таго, што ў доме з’явілася ежа і мы будзем жыць.

Раён, у якім мы жылі, называўся Манастырок — нешта накшталт раёна Адэсы. Жулікі, карты, панажоўшчына — вось у такім асяроддзі я жыў. Але, дзякуй богу, хапіла розуму не пайсці па гэтай злачыннай сцяжынцы. Каб я пайшоў па іх шляху, я не стаў бы тым, кім з’яўляюся зараз.

— Зразумела, што ў школу пайшлі пасля вайны.

— У час акупацыі мы з маці жылі ў Гомелі, і ў школу я пайшоў, калі вызвалілі Беларусь. Вучыўся ў школе № 6. Атрымалася, што ў першы клас пайшоў у 8 гадоў. У паралелі было некалькі класаў, таму ў адзін клас збіралі дзяцей прыблізна аднаго ўзросту. Шмат разоў пісалі і гаварылі, што і ў вайну, і пасля вайны было цяжка, і адзінае, што я магу сказаць: так яно і было. І адзення асабліва не было, і абутку, кнігі і сшыткі па ўсім горадзе шукалі.

Памятаю, як аднойчы прачнуўся зімой. На вуліцы было светла ад месяца, а я падумаў, што спазніўся ў школу, — гадзінніка ў нас не было. Маці і браты спалі. Я хуценька сабраўся і пабег. Прыбягаю да дзвярэй, а там нікога нідзе няма: ні дзяцей, ні дарослых. Запытаўся, колькі часу, у дзядзькі, які праходзіў каля школы. Аказалася, што я прыбег у школу а 6-й гадзіне раніцы, і прыйшлося цэлую гадзіну стаяць на марозе і чакаць, пакуль вартаўнік адчыніць дзверы школы.

Ва ўспамінах засталося, як нас прымалі ў піянеры. Дастатковай колькасці гальштукаў не было, і мы перадавалі іх адно аднаму, каб на ўрачыстай лінейцы нам іх павязалі.

Любіў гісторыю, кнігі. Стараўся вучыцца сам, бо маці не было часу мне ў нечым дапамагчы: яна ўсімі сіламі старалася нешта зарабіць, каб нас пракарміць — яна добра шыла, і заказаў было дастаткова, але ж на гэтую работу трэба было шмат часу.

Добра памятаю дырэктара школы Варвару Андрэеўну, якая была вельмі строгай, але ў той жа час вельмі ласкавай. Магла і пасварыцца, але толькі па справе, таму ў нас, вучняў, з ёй была ўзаемная павага.

— Якімі былі вашы першыя спробы ў спорце?

— У школе ўдзельнічаў ва ўсіх мерапрыемствах.

Неяк нехта з суседзяў падарыў мне салдацкія лыжы — шырокія, каб можна было хадзіць па снегавой цаліне. І я стаў сам вучыцца на іх катацца. Лыжы захапілі, і хацелася мець сапраўдныя бегавыя. Грошай ледзь хапала на ежу, але мне так хацелася лыжы, што маці сэканоміла і купіла мне іх. Неўзабаве было першынство горада па лыжах, і мяне адправілі на спаборніцтвы ў складзе школьнай зборнай.

Настаў дзень спаборніцтваў. Я сабраўся і паехаў на месца збору. Забег быў на 5 кіламетраў. Дзякуючы таму, што я да гэтага трэніраваўся, пабег лёгка. Ішоў сярод лідараў. Калі да фінішу заставалася каля 100 метраў, моцна закружылася галава, і, дабегшы да фінішу, я паваліўся ў непрытомнасці. Настаўнік фізкультуры падбег да мяне: “Лёня, што з табой?” Стаў распыт­ваць, як я сябе адчуваю і ці стала мне лепш. Я яму сказаў, што не снедаў, бо не было чаго. Ён завёў мяне ў магазін, купіў батон, цукерак і салодкай вады, каб я хоць трохі паеў. Дзякуючы ў тым ліку і маім намаганням, школа заняла 3-е месца на гарадскіх спаборніцтвах.

У дзяцінстве шмат часу право­дзіў на беразе Сожа за звычайнымі хлапечымі забавамі, але ўсё змянілася пасля таго, як я ўпершыню паспрабаваў сябе на каноэ. Займацца ў секцыі пачаў у 1955 годзе, праз кароткі час стаў другім на першынстве рэспублікі ў каноэ-адзіночцы. Перспектывы былі, але да сур’ёзных перамог было далёка.

Пасля Алімпіяды легендарны дуэт Леанід Гейштар — Сяргей Макаранка выйграў два чэмпіянаты Еўропы (1961, 1963) і чэмпіянат свету (1963), 8 разоў станавіўся пераможцам чэмпіянатаў СССР, але на Алімпіяду 1964 года ў Токіа, на жаль, з-за розных прычын трапіць не змог.

— Як складваліся адносіны са спортам пасля школы?

— Я скончыў 7 класаў і стаў працаваць на заводзе, дзе рабілі ложкі (праз шмат гадоў ён стаў заводам вымяральных прылад). Потым пайшоў у армію.

Служыў у Башкірыі, і там таксама па магчымасці ўдзяляў час веславанню. Прычым служба была не ў спартыўнай роце, а ў рэгулярнай часці. Пасля заняткаў па страя­вой і баявой падрыхтоўцы мне даво­дзілася адпрошвацца ў камандзіра, каб пайсці на трэніроўку. У­дзельнічаў ва ўсіх вучэннях. Адно з апошніх вучэнняў было там, дзе незадоўга да гэтага праходзілі выпрабаванні атамнай бомбы. Натуральна, у той час пра радыяцыю мы нічога не ведалі, і, дзякуй богу, для мяне ў плане здароўя ўсё скончылася добра.

У той час у Башкірыі веславанне як від спорту толькі зараджалася, і мае дасягненні былі ацэнены на самым высокім узроўні. Гэта нядзіўна, бо ў армейскія гады я стаў пераможцам першынства Башкірыі па веславанні на каноэ на 1000 і 10 000 метраў (у 1957 і 1958 гадах), выступаў за Башкірскую АССР на саюзным першынстве ў Казані.

У Башкірыі мяне лічылі сваім і, калі я дэмабілізаваўся, як маглі ўгаворвалі застацца, прапаноўваючы кватэру, магчымасць вучыцца і працаваць. Аднак я быў непахісны, прыехаў на радзіму.

Вярнуўшыся ў Гомель, пайшоў на свой родны завод. Пасля работы і ў выхадныя трэніраваўся ў спартыўным таварыстве “Воднік”. Разумеючы, што наперадзе была спартакіяда народаў СССР, стаў самастойна да яе рыхтавацца. Трэніраваўся нават зімой. Лю­дзі глядзелі на мяне як на вар’ята, калі я ў 20-градусны мароз з лодкай на плячы ішоў праз паўгорада да Сожа, дзе была незамярзаючая прамоіна даўжынёй каля кіламетра. Лодку ў “Водніку” мне далі на свой страх і рызыку. На вадзе я трэніраваўся адзін, без трэнера і страхоўкі, і магло здарыцца ўсякае. Часам выразаў нажоўкай у лёдзе палонку і адпрацоўваў тэхніку веславання ўжо без лодкі.

З каноэ я развітваўся рэдка. Бывала, нават дровы на лодцы перавозіў (трэба ж было нарыхтаваць на зіму) — і тады баяўся толькі прахо­дзячых катараў, каб ад хвалі не плаваць у рацэ разам з тымі дровамі.

— Як землякі ацанілі вашы перамогі?

— З надыходам вясны пачаліся трэніроўкі каманды, якая павінна была прадстаўляць рэгіён на рэспубліканскіх спаборніцтвах у Бабруйску. Мы былі другімі, таму што з-за моцнага цячэння лодку крыху развярнула, што каштавала некалькіх секунд. А на рэспубліканскай спартакіядзе ў пары з Сяргеем Куксам мы перамаглі і павінны былі ехаць на спартакіяду народаў СССР. Аднак Куксу на саюзныя спаборніцтвы не ўзялі, спаслаўшыся на яго ўзрост (Сяргей быў маладзейшы за мяне на 10 гадоў), і мяне пасадзілі ў двойку з Сяргеем Макаранкам, які да гэтага выбітнымі дасягненнямі не вызначаўся. Ніхто нават і падумац­ь не мог, што мы зможам выйграц­ь саюзнае першынство, апярэ­дзіўшы знакамітых весляроў. Так мы трапілі ў зборную СССР і сталі рыхтавацца да Алімпіяды.

— Ці памятаеце свае перад­алімпійскія зборы?

— Адбор на Алімпійскія гульні павінен быў праходзіць на трэніровачнай базе ў Поці (Грузія). Лодкі тады перавозілі ў чыгуначных вагонах, авансам ніякіх грошай не давалі, таму спартсмены куплялі білеты і адпраўлялі лодкі за свой кошт. А пасля прыезду на месца збораў ім усё кампенсавалі.

Таму ў Поці мы ехалі практычна без грошай. Нас было шасцёра: чацвёра ў адным купэ, а яшчэ двое — у іншым. Ад’ехаўшы ад Масквы, натуральна, захацелі есці (як ні круці, цэлы дзень праваждаліся, пакуль загрузілі лодкі). З ежы было толькі тое, на што хапіла грошай: рыба гарачага вэнджання і хлеб. Чарвячка замарылі. Але праз некаторы час (хіба ж наясіся той рыбай!) зноў у страўніках завуркатала. І тады я дастаў свой недатыкальны запас: сала, якое мама купіла мне ў дарогу. Сала ўсё не з’елі, а пакінулі на потым. Але, калі рыхтаваліся да сну, адзін з нашых таварышаў па памылцы выкінуў замест смецця скрутак з салам.

На наступную раніцу ніхто не хацеў уставаць. Але не таму, што хацелі спаць, а таму, што не было чаго есці. Патроху ўсё ж усталі, паклікалі двух нашых хлопцаў з суседняга купэ. Колькі радасці ва ўсіх было, калі я дастаў… яшчэ адзін кавалак сала. (Смяецца.)

На зборах спартсмены павінны былі паказаць свае вынікі як па агульнафізічнай падрыхтоўцы, так і, вядома, на вадзе: ты можаш падцягнуцца і 100 разоў, але, калі на вадзе будзеш дрэнны, алімпійскай ліцэнзіі не ўбачыш. На прыкідках — тэставым заездзе — мы на 7 секунд апярэдзілі знакамітых спартсменаў, неаднаразовых пераможцаў чэмпіянатаў Еўропы, свету і Алімпіяды.

Мы яшчэ не паспелі даехаць да Беларусі, а ў нас на радзіме ўжо ведалі, што мы прэтэндуем на паездку на Алімпійскія гульні.

Наступныя спаборніцтвы перадалімпійскага года былі на вяслярным канале ў Ленінградзе. На алімпійскай дыстанцыі ў 1000 метраў мы выступілі вельмі дрэнна і нават не змаглі прабіцца ў фінал, выбраўшы няправільную тактыку: падчас моцнага ветру ў Фінскім заліве падымаліся высокія хвалі, якія былі крытычнымі на высокіх хуткасцях — лодку проста заліло вадой. Трэнеры былі здзіўлены.

Леанід Гейштар з’яўляецца аўтарам некалькіх кніг: аўтабіяграфічнай “Вясло і золата”, вучэбнага дапаможніка “Малая флатылія і яе гісторыя” пра гісторыю развіцця веславання ў Беларусі і “Алімпіяды вачыма алімпіёніка з Гомеля”, якая прысвечана ўсім Алімпійскім гульням пачынаючы з 1896 года. А яшчэ Леанід Рыгоравіч падрыхтаваў кнігу мемуараў, у якой сканцэнтраваны ўспаміны спартсмена пра шлях у вялікі спорт і якая чакае свайго выдаўца.

На наступны дзень заезды на 10 тысяч метраў былі перанесены на Малую Неўку, дзе было ціха. Там мы “прывезлі” алімпійскім чэмпіёнам Мельбурна на гэтай дыстанцыі Грацыяну Боцеву і Паўлу Харыну больш хвіліны, стаўшы чэмпіёнамі СССР.

Нас адразу ж уключылі ў склад зборнай і праз некаторы час адправілі на рэгату ў Гановеры. Там мы таксама сталі лідарамі, апярэ­дзіўшы Боцева і Харына на 5 секунд, а двойку з ФРГ, якая заняла 3-е месца, — на 12.

— Ці былі цікавыя або кур’ёзныя моманты ў вашай спартыўнай біяграфіі?

— А як жа без гэтага! Напрыклад, на чэмпіянаце ў Гановеры я ўмудрыўся атрымаць прыз яшчэ і як лепшы футбаліст. Усё было так: на адной з трэніровак мы гулялі ў футбол. Пасля трэніроўкі адзін немец спецыяльна знайшоў мяне і падарыў сувенірныя буцы Adidas — ён назіраў за нашай гульнёй.

“Мы былі першымі алімпійскімі чэмпіёнамі з Беларусі, — з гонарам прамаўляе Леанід Гейштар, — усе астатнія — і жывыя, і мёртвыя — былі ўжо за намі”.

— Відавочна, што вы ўжо былі ў асноўным складзе алімпійскай зборнай?

— Не зусім так. Лёс пуцёвак на Алімпійскія гульні ў Рыме павінен быў вырашыцца з дня на дзень. Чакалі спаборніцтваў у Маскве: хто выйграе, той і едзе на алімпіяду. Гонку на 10 000 метраў мы з Сяргеем завяршылі з вялікім адрывам, а на дыстанцыі 1000 метраў прыйшлі амаль “нос у нос” з сапернікамі. Трэнеры і суддзі доўга не маглі вырашыць, хто ж стаў пераможцам (гэта цяпер ёсць фотафініш, а тады ўсё вызначалася ледзь не на вока). Сцяг БССР некалькі разоў падымалі і апускалі, і ў выніку прызналі, што мы занялі 2-е месца і на Алімпіяду не едзем. Засмучаны няўдачай, я паехаў у Гомель.

Мама мяне супакоіла. “Не хвалюйся, усё будзе добра”, — сказала яна, а потым расказала, што ёй прысніўся сон, як два хлопчыкі гулялі сонцам у футбол. Сон, як яна сказала, прадвяшчаў усеагульную радасц­ь. Трохі пабыўшы дома, я паехаў на яшчэ адну — ужо апошнюю — прыкідку за дзень да вылету ў Рым, якая павінна была пацвер­дзіць правільнасць трэнерскага рашэння.

Але разам з усёй камандай у Рым мы не паляцелі. Увечары да нас прыехаў сакратар Федэрацыі веславання і паведаміў, што нас чакае кіраўніцтва. За намі прыслалі машыну, і неўзабаве мы былі ў кабінеце старшыні Саюза спартыўных таварыстваў і арганізацый СССР Мікалая Мікалаевіча Раманава. Ён па-простаму спытаў, як у нас справы, і сказаў: “Ну што, хлопцы, е­дзьце! Не праспіце толькі. Заўтра за вамі прыедзе машына і завязе ў а­эрапорт. Ляціце ў Рым апошнім самалётам”.

Так што мы прыляцелі ў Рым праз некалькі дзён пасля асноўнай дэлегацыі. Але да нашага прыезду весляры не трэніраваліся з-за моцнага ветру на возеры Альбана, дзе павінны былі праходзіць спаборніцтвы. Надвор’е быццам чакала нас. Як толькі мы прыляцелі ў Рым, надвор’е наладзілася і каманда прыступіла да трэніровак.

Падчас асноўных спаборніцтваў у паўфінале наша двойка лідзіравала, паказаўшы лепшы час дня, тым самым гучна заявіўшы пра сябе. Я адпачываў, а Сяргей тым часам раздаваў інтэрв’ю СМІ.

Раніцай на зарадцы Макарава я не ўбачыў, а на месца фінальных спаборніцтваў мы ехалі ў розных частках аўтобуса, быццам мы абсалютна не знаёмыя.

Фінал пачаўся з фальстарту. Мы вярнуліся на стартавую пазіцыю, а ў наступным старце сталі лідзіраваць. Але раптам здарылася нешта вельмі дзіўнае: Макараў літаральна ледзь не вываліўся за борт.

На трыбунах шумелі балельшчыкі. Мімахо­дам азірнуўся назад і зразумеў, што мой напарнік не вяслуе і ўсё залежыць толькі ад мяне. Як толькі ён аднавіў раўнавагу, я стаў веславаць больш інтэнсіўна, і ў выніку мы сталі першымі, абышоўшы сярэбраных прызёраў на 3 секунды. Калі б не надзвычайнае здарэнне на дыстанцыі, перавага была б значна большай. Першым нас павіншаваў Раманаў, які пільна сачыў за намі і ўсяляк падбадзёрваў перад стартам. Напярэдадні ўвечары старшы трэнер Іпаліт Іпалітавіч Рагачоў перадаў нам: “Мікалай Мікалаевіч задаволены вамі, і яму падабаецца, як вы вяслуеце”. Пасля выступлення мы да канца гульняў — ужо ў якасці балельшчыкаў зборнай — гулялі па Рыме і сачылі за выступленнямі зборнай сваіх суайчыннікаў. Мы адчувалі ў сабе сілы і з лёгкасцю маглі б выйграць яшчэ, як мінімум, некалькі алімпіяд.

Нават староннія людзі, якія не мелі ніякіх адносін да веславання, адзначалі, як лёгка ішла па вадзе наша лодка.

— Як Беларусь сустракала сваіх першых алімпійскіх чэмпіёнаў?

— Калі мы вярнуліся, склалася ўражанне, што нашай перамозе ніхто не рады: нас ніхто не сустракаў — пасадзілі ў машыну хуткай дапамогі (!) і прывезлі дадому.

І нават пасля гэтага я ні пра якія матэрыяльныя выгоды размову нават не заводзіў. Працягваў трэніравацца, але папрасіў садзейнічання ў паступленні ў тэхнікум — вельмі хацелася вучыцца. Але калі мы прыехалі з Рыма, група ў тэхнікуме ўжо была сфарміравана. Я звярнуўся да міністра адукацыі, і мяне з яго згоды ўзялі ў тэхнікум, дзе я атрымаў адукацыю механіка земснарада, звыш плана набору.

Вялікі дзякуй кіраўніцтву і выкладчыкам палітэхнікума, якія далі мне першую пуцёўку ў жыццё. Дарэчы, пакуль я вучыўся ў тэхнікуме, выйграў усе магчымыя спартыўныя тытулы і званні.

Потым была вучоба на факультэце фізічнага выхавання цяперашняга Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны, на якім пасля заканчэння спартыўнай кар’еры я працаваў на кафедры фізічнага выхавання і спорту, а пасля перайшоў у прафсаюзную дзіцячую спартыўную школу.

Калі б акалічнасці склаліся інакш, узнагарод было б значна больш. Запас вопыту і сілы былі, і можна было выступац­ь і далей.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара, Марыі КОЖДАН і з архіва Леаніда Гейштара.