“ЛЕГА-клас” пакажа клас

Сапраўдны педагог павінен умець аддаваць. Прычым аддаваць дзецям не толькі веды, нейкія ўменні і навыкі, але і часцінку сябе, сваёй душы. Менавіта такім чынам можна не проста навучыць вучня чаму-небудзь, але і абудзіць яго цікавасць, імкненне да самастойнага навучання. Такім прынцыпам кіруецца ў сваёй педагагічнай дзейнасці настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 21 Магілёва Ірына Мікалаеўна Валуева.

Ірына Мікалаеўна распрацавала спецыяльныя лінейкі ацэньвання зробленага на ўроку.

Настаўніцкая праца прываблівала Ірыну Мікалаеўну з дзяцінства. Думкі пра тое, каб стаць педагогам, у яе ўзніклі яшчэ падчас навучання ў пачатковай школе. Паўплываў на гэта прыклад педагога.
— Я і зараз добра памятаю захапляючыя, яркія ўрокі маёй першай настаўніцы — Валянціны Іванаўны Вінічэнка. Заняткі заўсёды ўражвалі, пакідалі ў нас, дзяцей, яскравы след у сэрцы. Гледзячы на Валянціну Іванаўну, мне вельмі хацелася стаць такім жа цудоўным педагогам, — паведаміла І.М.Валуева.

Тое імкненне Ірына Мікалаеўна пранесла праз усе школьныя гады. А ў выпускных класах канчаткова пераканалася: педагогіка — яе прызванне.

— Разуменне таго, што мой прафесійны шлях — гэта шлях настаўніка, прыйшло падчас дзён школьнага самакіравання. Тады я ўпершыню паспрабавала правесці ўрок для вучняў-пачаткоўцаў. Вядома, хвалявалася. Тыя заняткі тады атрымаліся. І гэты першы выкладчыцкі поспех вельмі матываваў, — расказала І.М.Валуева.

Пасля заканчэння школы Ірына Мікалаеўна свядома накіравалася ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Чатыры гады студэнцтва праляцелі як адно імгненне. Вучоба, практыка, цікавае ўніверсітэцкае жыццё… Атрымаўшы настаўніцкі дыплом, І.М.Валуева маладым спецыялістам прыйшла на работу ў Бараўлянскую гімназію.

— Я сама з Мінскага раёна, вось і трапіла па размеркаванні на малую радзіму. Калектыў гімназіі прыняў з цеплынёй, вельмі дапамог з прафесійным станаўленнем, — расказала Ірына Мікалаеўна.
У Бараўлянскай гімназіі яна вучыла вучняў-пачаткоўцаў тры гады. Мяняць нічога не планавала, але лёс унёс свае карэктывы ў яе жыццё. Услед за мужам І.М.Валуева паехала ў Магілёў і назаўсёды затрымалася ў горадзе на Дняпры.

Выкарыстанне канструктара ЛЕГА дазваляе арганізаваць на ўроку імгненную зваротную сувязь паміж настаўнікам і вучнямі (з архіва настаўніцы).

На новым месцы Ірына Мікалаеўна ўладкавалася на работу ў сярэднюю школу № 21. Так і выкладае тут на працягу ўжо амаль 20 гадоў. Штодня адчыняе малым дзверы ў дзіўны і разнастайны свет ведаў. У сваёй педагагічнай дзейнасці І.М.Валуева прытрымліваецца своеасаблівай аксіёмы: веды становяцца ўласнасцю вучня тады, калі яны здабыты ім у актыўным пошуку. Гэтую аксіёму яна рэалізуе ў адукацыйным асяроддзі ЛЕГА, дзе канструктар выступае эфектыўным дыдактычным сродкам на вучэбных занятках і ў пазаўрочнай дзейнасці.

— Я прытрымліваюся меркавання, што сучаснаму педагогу трэба пастаянна самаразвівацца. Гэтага патрабуюць пастаянныя змены ў грамадстве, гэтага патрабуюць самі дзеці. Але я прыхільнік таго, што ўкараненне нейкіх новых адукацыйных тэхналогій і методык не павінна праходзіць з адмаўленнем ад традыцыйных. Наадварот, трэба імкнуцца да нейкай трансфармацыі. Так, укараненне ў адукацыйны працэс ЛЕГА-тэхналогій для мяне стала сучаснай інтэрпрэтацыяй традыцыйнага прынцыпу нагляднасці, — адзначыла Ірына Мікалаеўна.

ЛЕГА-тэхналогіі І.М.Валуева актыўна прымяняе на працягу 7 гадоў. Пачалося ўсё з вучэбных курсаў у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. А пасля настаўніца зразумела: гэты напрамак вельмі актуальны, а яшчэ — вельмі цікавы дзецям.

— Праз ЛЕГА-канструяванне я развіваю ў малодшых школьнікаў уменне планаваць сваю дзейнасць, даследаваць праблему і знаходзіць спосабы яе вырашэння, аналізаваць наяўныя рэсурсы, прапаноўваць ідэі. Акрамя таго, выкарыстанне канструктара стымулюе ў вучняў жаданне тварыць і атрымліваць ад гэтага задавальненне, вучыць кожнага радавацца сваім дасягненням і поспехам аднакласнікаў. Важна, што ЛЕГА-канструктар можна прымяняць як дыдактычны сродак у ходзе любога ўрока, калі гэтага патрабуе тэма, — падкрэсліла Ірына Мікалаеўна.

І сапраўды, з дапамогай ЛЕГА дзеці малююць, мадэлююць матэматычныя задачы, пішуць графічныя дыктанты, вучацца чытаць. На занятках вучні вывучаюць новую тэму праз праблемную сітуацыю. Візуальнае бачанне, трохмернае ўспрыманне праз ЛЕГА дазваляюць навучэнцам больш паспяхова спраўляцца з заданнем. Стварэнне сітуацый поспеху павышае паспяховасць навучання ў цэлым

— Значны плюс ЛЕГА-тэхналогіі яшчэ ў тым, што яе выкарыстанне дазваляе рабіць заняткі міжпрадметнымі, практыка-арыентаванымі. Да таго ж прымяненне канструктара істотна эканоміць час, дапамагае дасягнуць імгненнай зваротнай сувязі з вучнямі. Напрыклад, калі для праверкі ведаў я даю дзецям тэст, то яго вынікі бачу ўжо праз некалькі хвілін. Вучні выкладваюць на плато дарожку адказаў з рознакаляровых цаглінак ЛЕГА. Потым пады­маюць іх уверх і я бачу, наколькі правільна яны справіліся з заданнем. Калі трэба, мы адразу ж выпраўляем памылкі, — патлумачыла І.М.Валуева.

Ірына Мікалаеўна ўпэўнена: укараненне ў адукацыйны працэс сучасных тэхналогій — неабходнасць. Яны арыентуюць на тое, што трэба не завучваць інфармацыю, а ўмець самастойна здабываць яе і прымяняць на практыцы. Менавіта гэты навык дапаможа дзіцяці быць паспяховым.

На думку І.М.Валуевай, яшчэ адзін складнік паспяховага навучання — уменне настаўніка наладзіць эмацыянальны кантакт з дзецьмі. Яна з кожным сваім вучнем імкнецца знайсці агульную мову, улічваючы яго індывідуальныя здольнасці і рысы характару, бо ўніверсальнага сродку зносін з навучэнцамі не існуе. З аднымі праца­ваць лёгка, да іншых трэба шукаць падыход. І Ірына Мікалаеўна гэты падыход шукае: праз сваю спагаду і дабрыню да дзяцей, праз уменне выклікаць цікавасць і захапіць. А, як вядома, выклікаць цікавасць да заняткаў можа толькі самаадданы педагог.

— Ірына Мікалаеўна менавіта такі настаўнік — неверагодна творчы прафесіянал, які глыбока ведае методыкі выкладання, бясконца любіць дзяцей і тую справу, якой займаецца, — такую характарыстыку дала сваёй падапечнай дырэктар 21-й школы Г.А.Віктарава.

Сваю работу Ірына Мікалаеўна сапраўды робіць з душой. Яна заўсёды падтрымлівае вучняў у іх пачынаннях, матывуе на поспех. Для іх яна распрацавала спецыяльны стэнд узроўневых заданняў, які стымулюе дапытлівых вучняў на набыццё новых ведаў. Асаблівую ўвагу ўдзя­ляе рабоце з адоранымі дзеткамі. З імі яна перыядычна займаецца дадаткова. З таленавітымі навучэнцамі І.М.Валуева рыхтуецца да ўдзелу ў алімпіядным руху, даследчых конкурсах. І варта адзначыць, што яе малышы паспяхова ўдельні­чаюць у розных інтэлектуальных спаборніцтвах. Яны прызёры гарадской малышковай алімпіяды па рускай мове, гарадскіх конкурсаў даследчых работ, конкурсу вучэбных фільмаў Магілёўскага фестывалю навукі, рэспубліканскага конкурсу па ранняй прафарыентацыі і развіцці руху JuniorSkills.

Кожны працоўны дзень Ірыны Мікалаеўны насычаны падзеямі. Акрамя асноўных урокаў, стымулюючых заняткаў, для ўсіх жадаючых яна праводзіць заняткі аб’яднання па інтарэсах Robot.tik, на якіх вучні могуць спасцігаць асновы робататэхнікі. Са светам ЛЕГА настаўніца знаёміць і зусім маленькіх дзяцей, якія яшчэ не сталі навучэнцамі. У шосты школьны дзень яна запрашае ў гурток “ЛЕГА-клас” пяцігадовых наведвальнікаў “Суботняй акадэміі”.

Нягледзячы на заня­тасць і на значны працоўны вопыт, І.М.Валуева ніколі не забываецца пра прафесійнае развіццё. Яна з тых настаўнікаў, якія бесперапынна знаходзяцца ў творчым пошуку. Прычым яна не толькі сама імкнецца да ўдасканалення педагагічнага майстэрства, але і дзеліцца сваімі станоўчымі напрацоўкамі з калегамі. Гэтае імкненне прывяло яе да ўдзелу ў сёлетнім конкурсе “Настаўнік года”. Па выніках абласнога этапу Ірына Мікалаеўна стала пераможцай у сваёй намінацыі, лепшым настаўнікам пачатковых класаў Магілёўшчыны.

— Перамога была прыемнай і нечаканай, бо я лічу, што на гэтым конкурсе ўсе ўдзельнікі ў нейкай ступені пераможцы, усе лепшыя. Такая высокая ацэнка маёй працы стала стымулам для развіцця. Я ўбачыла прафесію і сябе ў прафесіі па-новаму. Гэта своеасаблівы імпульс на далейшае прафесійнае ўдасканаленне, — запэўніла І.М.Валуева.

…За амаль 20 гадоў плённай педагагічнай дзейнасці Ірына Мікалаеўна дала выдатныя першасныя веды дзясяткам хлопчыкаў і дзяўчынак. Многія яе маленькія выпускнікі маюць пэўныя поспехі ў вучобе, а некаторыя ўжо і ў дарослым жыцці. Дасягненні былых і сённяшніх вучняў І.М.Валуева лічыць сваёй галоўнай прафесійнай узнагародай. 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва І.М.Валуевай.

Падрабязна азнаёміцца са сцэнарыем метапрадметнага ўрока з выкарыстаннем ЛЕГА-тэхналогій можна на партале ng-press.by