Легендарныя танчыкі — у радыётэхнічным каледжы

- 17:45Рознае, Якасць адукацыі

Кампанія “Гейм Стрым” — распрацоўшчык сусветна вядомай гульні World of Tanks — адкрыла сваю лабараторыю ў Мінскім дзяржаўным вышэйшым радыётэхнічным каледжы. Для навучальнай установы гэта азначае доступ не толькі да найноўшых тэхналогій праграмавання і праектавання, але і да стратэгіі паспяховага прасоўвання інтэлектуальнага прадукту на сусветныя рынкі.

Кампанія “Гейм Стрым” пастаянна ажыццяўляе спонсарскую падтрымку інтэлектуальных спаборніцтваў як рэспубліканскага, так і міжнароднага ўзроўню, аднак навукова-вучэбную лабараторыю ў навучальнай установе адкрыла ўпершыню. Тут студэнты разам са сваімі выкладчыкамі, а таксама са спецыялістамі кампаніі змогуць прасачыць увесь творчы працэс ад стварэння прадукту да яго рэалізацыі.
“Вопыт кампаніі “Гейм Стрым” вельмі важны для нас, — адзначыў на цырымоніі адкрыцця лабараторыі рэктар МДВРК Сяргей Мікалаевіч Анкуда. — У адрозненне ад многіх аўтсорсінгавых кампаній, “Гейм Стрым” выпускае цалкам гатовы прадукт, пачынаючы ад тэхнічнага задання і заканчваючы ўпакоўкай. І сёння ён карыстаецца велізарным попытам на ўсіх кантынентах. Таму ў дзейнасці лабараторыі мы разлічваем як на адукацыйны, так і на эканамічны і нават на псіхалагічны эфект. Бо важна не толькі атрымаць добрыя прафесійныя веды і навыкі, але і эфектыўна выкарыстоўваць іх у рабоце, прасоўваць сябе як прафесіянала і ўвесь час рухацца наперад”.

Як заўважыў намеснік дырэктара Парка высокіх тэхналогій Аляксандр Міхайлавіч Марцінкевіч, абнаўленне матэрыяльнай базы і вучэбных курсаў у навучальных установах — гэта не проста спонсарства. Кампаніям ПВТ вельмі патрэбны супрацоўнікі.
“У мінулым годзе мы прынялі на работу 932 выпускнікі ВНУ, і ўсё роўна людзей не хапае, — гаворыць Аляксандр Міхайлавіч, — таму мы пачынаем працаваць не толькі з універсітэтамі, але і з каледжамі. Сёння ўжо не так важна, які ў чалавека дыплом, бо інфармацыйныя тэхналогіі вельмі хутка змяняюцца і праз тры гады гэты дыплом мала што значыць. Важней наяўнасць кампетэнцый, якія запатрабаваны на рынку і дазваляюць спецыялістам хутка інтэгравацца ў вытворчы працэс”.
Дырэктар кампаніі “Гейм Стрым” Віктар Віктаравіч Навачадаў пагадзіўся, што ІТ-галіна мае патрэбу ў кадрах, але гэта павінны быць сапраўдныя прафесіяналы. “Калі ўзяць нашу кампанію, то ў мінулым годзе мы стварылі 802 рабочыя месцы, — заўважыў ён, — але пры гэтым мы не можам узяць усіх жадаючых, а бяром толькі самых творчых, самых таленавітых і да таго ж прафесійна падкаваных людзей. Ёсць планка патрабаванняў, якую нельга зніжаць. Бо лідарства захапіць лёгка, цяжэй яго ўтрымаць. І каб быць лідарам на працягу многіх гадоў, патрэбны самыя лепшыя ідэі і таленавітыя людзі”.

Віктар Навачадаў расказаў, што ІТ-галіна нашай краіны прайшла некалькі этапаў свайго развіцця: “Да 2005 года сітуацыя была сумная: праграмісты масава выязджалі. Калі камусьці паступала прапанова паехаць за мяжу, ён адразу пагаджаўся і толькі потым цікавіўся, у якую краіну і на якую зарплату. Пасля стварэння Парка высокіх тэхналогій сітуацыя пакрысе стала выпраўляцца. Спачатку мы ўвайшлі ў той этап, калі людзі пачалі выязджаць больш асэнсавана, ужо цікавячыся, куды едуць. А потым працэс масавага выезду праграмістаў увогуле спыніўся, і большасць спецыялістаў стала заставацца на радзіме. А цяпер мы назіраем ужо новы этап развіцця галіны, калі праграмісты не толькі блізкага, але і далёкага замежжа пачалі прыязджаць у Беларусь (у нашай кампаніі такіх каля 10%), бо іх задавальняе і работа, і зарплата, і краіна. Сёння беларускі ІТ-прадукт ведаюць ва ўсім свеце”.

Кіраўнік кампаніі “Гейм Стрым” адзначыў, што для таго, каб рэалізаваць свае самыя смелыя мары і фантазіі, ужо не трэба нікуды ехаць. “Паглядзіце, які ў вас цудоўны каледж, якія ў вас выкладчыкі і якія ў вас магчымасці, — звярнуўся Віктар Навачадаў да студэнтаў каледжа. — Ёсць Парк высокіх тэхналогій, які стварае выдатныя ўмовы для работы, будуе жыллё, прапаноўвае падатковыя льготы. І ёсць кампаніі, дзе можна творча працаваць і зарабляць добрыя грошы. Магчымасці — велізарныя, і вы павінны ўзяць тут як мага больш для сваёй будучыні”.

Віктар Навачадаў прызнаўся, што адкрыццё лабараторыі ў МДВРК — гэта яго асабістае свята. “Я веру, што тут будуць нараджацца творчыя ідэі, — сказаў ён. — А заняткі будуць насычаны атмасферай эксперымента, мазгавога штурму і прагрэсу. Самае галоўнае для чалавека — кожны дзень станавіцца трошачкі разумнейшым і лепшым, чым быў учора”.

 

Галіна СІДАРОВІЧ.