Лекцыя аб беларускай касманаўтыцы ад акадэміка

- 11:38Навіны рэгіёнаў

Першай прыступкай у засваенні навук і раскрыцці талентаў для юных навукоўцаў Воранаўшчыны каторы год запар з’яўляецца школьная навуковая канферэнцыя.

У Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці мерапрыемства такога кшталту ўжо дзесяць гадоў назад набыло статус агульнараённага. Мінулы навучальны год не стаў выключэннем.
Дзясятая юбілейная раённая навукова-практычная канферэнцыя “Дарога ў будучыню”, якая прайшла ў канцы мая, аб’яднала каля 70 юных навукоўцаў з усяго раёна і стала асабліва хвалюючай і адказнай. У склад журы, акрамя аўтарытэтных педагогаў і спецыялістаў раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, быў запрошаны наш зямляк — рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, акадэмік Акадэміі навук Беларусі, віцэ-прэзідэнт Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў Сяргей Уладзіміравіч Абламейка са сваімі калегамі.
Прымала ўдзельнікаў канферэнцыі, гасцей з БДУ Доцішская сярэдняя школа. Урачыстае адкрыццё мерапрыемства праходзіла ў актавай зале і пачалося са слоў начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Алены Янаўны Ганевіч, якая прывітала ўсіх, падзякавала гасцям за прысутнасць і адзначыла: “Пачатак навукова-даследчым канферэнцыям быў пакладзены ў рамках праграмы “Маладыя таленты Воранаўшчыны”. На сённяшні дзень у раёне створаны ўсе ўмовы для развіцця інтэлекту падрастаючага пакалення: шырокая сетка факультатываў, у тым ліку міжшкольных, шматлікія навуковыя таварыствы, ранні адбор здольных і адораных навучэнцаў. Усё гэта спрыяе таму, што школьнікі раёна канкурэнтаздольныя, паказваюць высокія вынікі не толькі на абласным і рэспубліканскім, але нават на міжнародным узроўні”.
Сяргей Уладзіміравіч Абламейка, у сваю чаргу, выказаў падзяку за тое, што сёння можа быць разам з педагогамі і вучнямі, мае магчымасць паглядзець і абмеркаваць, якія работы прадстаўляюць школьнікі, ацаніць іх. Акадэмік пажадаў юным навукоўцам добрых адзнак і поспехаў, каб за першымі крокамі ў навуку былі наступныя, каб вучні і далей рухаліся па гэтай дарозе, якая адкрывае вялікія магчымасці.
Пасля ўрачыстага адкрыцця канферэнцыі ўдзельнікі працягнулі работу ў шасці секцыях: “Гісторыка-краязнаўчы кірунак, грамадазнаўства”, “Руская філалогія”, “Беларуская філалогія”, “Замежная мова”, “Матэматыка, фізіка, інфарматыка, астраномія”, “Хімія, біялогія, геаграфія”.
Кожная з работ павінна была вылучацца даследчым характарам, навізной і актуальнасцю, тэарэтычнай і практычнай значнасцю. Акрамя гэтага, падчас выступлення, а менавіта за 7 хвілін, неабходна было паслядоўна і дакладна выказаць свае аргументы, даказаць самастойнасць выканання работы.
Напэўна, больш за ўсіх хваляваліся ўдзельнікі секцыі па матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы і астраноміі — склад журы ўзначаліў сам акадэмік С.У.Абламейка. Аднак гэта не перашкодзіла навучэнцам паказаць высокія вынікі сваёй карпатлівай навукова-даследчай работы.
Так, вучань Пагародненскай сярэдняй школы Андрэй Жукоўскі, які прадставіў на суд журы робата Эндруся, уразіў размахам сваіх думак і ідэй, даказаў, што дзеючыя мадэлі робатаў можна збіраць сваімі рукамі з самых распаўсюджаных і даступных радыёдэталяў. І як вынік — стаў пераможцам у гэтым кірунку.
У секцыі “Хімія, біялогія, геаграфія” лепшымі былі прызнаны работы “Фармакалогія або фіталогія (таблеткі або адвары)” навучэнкі Воранаўскай сярэдняй школы Ангеліны Камянок і “Ледавіковыя валуны Воранаўшчыны — натуральныя сведкі і захавальнікі мінулага” Уладзіслава Вайткуна, навучэнца Радунскай гімназіі. Яго даследаванне “Культавыя валуны са штучнымі паглыбленнямі на Воранаўшчыне — камяні з лункамі (круглымі ямкамі)” стала пераможцам і ў гісторыка-краязнаўчым кірунку. Такая двайная перамога раскрыла талент Уладзіслава вынаходзіць, разумець і асвойваць новае.
У секцыі “Грамадазнаўства” другое месца (першае не вызначана) дасталася Эльвіры Жукоўскай, навучэнцы Доцішскай сярэдняй школы, за даследаванне аб працэсе інтэграцыі перасяленцаў з паўднёва-ўсходняй Украіны на тэрыторыю Воранаўскага раёна.
Вывучэнне рускай філалогіі, а дакладней, выкарыстання англіцызмаў у мове сучасных падлеткаў, прынесла перамогу Паўлу Мікалаевічу, Паліне Кулдош і Гражыне Карчэўскай з Канвелішскага ВПК.
Кацярына Маўкова з Жырмунскай сярэдняй школы са сваім даследаваннем “Мікратапанімія вёсак Жырмунскага сельскага савета Воранаўскага раёна: лінгвакраязнаўчы аспект” стала пераможцай у секцыі “Беларуская філалогія”. І гэта не першая яе перамога ў гэтай секцыі.
Лепш за ўсіх валодала замежнай мовай Аляксандра Іванч з Жырмунскай сярэдняй школы, што і прынесла ёй перамогу ў адпаведнай секцыі.
Падчас урачыстага закрыцця канферэнцыі навучэнцам былі ўручаны дыпломы і сувеніры ад імя рэктара БДУ. Сяргей Уладзіміравіч прачытаў лекцыю аб развіцці беларускай касманаўтыкі. Ён таксама адзначыў добрую арганізацыю мерапрыемства, высокі ўзровень работ юных даследчыкаў Воранаўшчыны, разнастайнасць іх тэматыкі, пажадаў вучням прадоўжыць вопыт удзелу ў падобным мерапрыемстве і ў наступным годзе.
Пераможцы прадставяць Воранаўскі раён на абласной канферэнцыі “Крыштальная альфа”. Жадаем ім поспехаў!

Анжаліка ВЕЛЬБ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.