Лелюкінскія лабірынты

29 кастрычніка, у першы дзень восеньскіх канікул, для 20 дзяўчынак і хлопчыкаў Лелюкінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы чарговы раз гасцінна расчыніў дзверы аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Патрыёт”. Асноўная ідэя змены — “Прывітанне, ціхая малая радзіма!”. Матывацыяй на гульнявое ўзаемадзеянне паслужыла легенда змены — аповед пра Радзіму.

У аздараўленчым лагеры адпачывалі звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі 6—10 гадоў. А аб’ядноўвала іх любоў да Радзімы, роднага краю, родных і блізкіх. У першы дзень змены адпачывальнікі атрымалі гістарычнае пасланне. Змест яго загадкавы: прапаноўвалася запусціць чароўнае кола гісторыі, з дапамогай якога можна падарожнічаць у мінулае, сучаснасць і будучыню малой радзімы, пазнаваць гістарычныя факты. Запусціць кола гісторыі — значыць даведацца пра гісторыю роднага краю, стаць удзельнікам дзіўных прыгод, поўных таямніц і загадак.

Умоўна змена была падзелена на чатыры структурныя часткі: “Іўеўшчына паспяховая”, “Іўеўшчына творчая і працавітая”, “Іўеўшчына спартыўная, Іўеўшчына здаровая”, “Іўеўшчына будучыні”. Гэтыя этапы ўзаемазвязаныя. Дзеці ўключаліся ў розныя віды дзейнасці, павышалі камунікатыўныя ўменні, улічваючы калектыўны і індывідуальны характар дзейнасці і ролі, якія кожны выконвае ў жыцці: ролю таго, хто ўмее сачыць за сваім здароўем; ролю гаспадара; ролю знаўцы сваёй справы, прафесіянала; ролю грамадзяніна сваёй Айчыны.

На працягу ўсёй змены дзеці былі ўцягнутыя ў калейдаскоп розных падзей. Кожны наступны дзень быў непадобны на папярэдні і напоўнены новымі ўражаннямі, зносінамі і сустрэчамі. Для кожнага дзіцяці лагер адкрыўся новай гранню: хтосьці пасябраваў, хтосьці адкрыў у сабе новыя творчыя здольнасці, хтосьці даведаўся шмат новага і цікавага пра сваіх родных і знаёмых, землякоў, а нехта навучыўся не засмучацца пры няўдачах.

“Максимум — силы, максимум — смеха, так мы быстрее добьёмся успеха!”. Пад такім дэвізам праходзілі першыя два дні лагернай змены. Дарослыя і дзеці вырашалі арганізацыйныя пытанні, афармлялі лагерную тэрыторыю і тэматычныя куткі і выстаўкі. Запусцілі кола гісторыі і ва ўрачыстай атмасфкры адкрылі лагерную змену. Усе маглі адпачыць падчас канцэрта-маланкі пад адкрытым небам “Дзень добры, родныя суседзі!”. Педагог-арганізатар правяла карусель вясёлага настрою “Падзяліся ўсмешкай сваёй”, гадзіну іскрамётнага танца. Педагог-псіхолаг прапанавала практыкум “Карагод сяброўства”.

Далей мерапрыемствы праходзілі пад дэвізам “Мы — певцы и музыканты, выступать нам нравится! Мы — народные умельцы, нами край наш славится!” На працягу двух дзён, прысвечаных Іўеўшчыне творчай і працавітай, у лагеры праходзілі тэматычныя віктарыны і конкурсы (гульня-віктарына “Сем цудаў Гродзеншчыны”, разгадванне крыжаванкі “Вёскі Іўеўскага раёна”, літаратурная гасцёўня “Іўеўшчына паэтычная”, сустрэча з аднавяскоўцамі “Хвала рукам працавітым”). Педагог сацыяльны арганізавала для дзяцей падарожжа ў краіну законнасці. Сапраўдным адкрыццём стала завочнае знаёмства “Нашы землякі — акцёры і рэжысёры тэатраў”. Многія з адпачывальнікаў упершыню даведаліся, што мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа (Віцебск) з’яўляецца наш зямляк Міхаіл Дзмітрыевіч Краснабаеў, чый бацькоўскі дом знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці з будынкам школы.
Невядомым для многіх быў і той факт, што прымай тэатра лялек Беларусі з’яўляецца Ларыса Емяльянаўна Мікуліч, якая нарадзілася ў вёсцы Чапунь Лелюкінскага сельсавета. А, між тым, за сваю творчую кар’еру актрыса Ларыса Мікуліч сыграла сотні розных герояў.

Займальна і пазнавальна прайшоў майстар-клас па саломапляценні “Умелыя рукі не ведаюць нуды”, які правяла майстар па саломапляценні Вера Паўлаўна Чурэйна. Спадабаўся адпачывальнікам і міні-кірмаш страў з бульбы, які дапамаглі падрыхтаваць бацькі.

2 лістапада ў лагеры прайшла аздараўленчая кругасветка “Ключыкі здароўя”. Яе працягам стаў інтэрактыўны выхад на вуліцы аграгарадка Лелюкі “За здароўе выступае моладзь!”. Усім, каго дзеці сустракалі, нагадвалі пра каштоўнасць здаровага ладу жыцця, дарылі тэматычныя ўлёткі, збіралі подпісы аднадумцаў. У спартыўнай зале дзеці ўзялі ўдзел у вясёлых спаборніцтвах і конкурсах, якія падрыхтавалі для іх кіраўнікі фізічнага выхавання. Педагог сацыяльны і педагог-псіхолаг сумесна з медыцынскім работнікам прапанавалі адпачывальнікам відэасеанс “Быць здаровым — гэта выдатна” з далейшым абмеркаваннем прагледжанага матэрыялу па прафілактыцы ўжывання наркотыкаў, таксiчных рэчываў, спайсу. Весела і “з агеньчыкам” прайшоў музычны час “Танцавальная аэробіка”. Разумеючы, што 2 лістапада ў народзе шануюць памяць усіх продкаў, выхаванцы лагера далучыліся да традыцый свайго народа і ўзялі ўдзел у акцыі “Вечная памяць землякам” (упарадкаванне помніка загінулым землякам у аграгарадку Лелюкі).

Заключныя дні змены праходзілі пад дэвізам “Ганарымся мінулым, творым цяперашняе, верым у будучыню”. 5 лістапада хлопчыкам і дзяўчынкам выдалася выдатная магчымасць наведаць музей “Замкавы комплекс “Мір” і дакрануцца да прыгожага помніка архітэктуры, які ўключаны ў спіс помнікаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Дасведчаны экскурсавод расказала шмат дзіўных гісторый і таямнічых легенд. Вучні наведалі вежу, дзе прайшлі па крутых прыступках, адчулі дух сярэднявечча, агледзелі музейную экспазіцыю з бальнай залай, трапезнай, паляўнічай, наведалі турму, склеп, экспазіцыю гета. Абышлі замак, дзе ўбачылі абярэг, дзякуючы якому замак моцна не пацярпеў падчас войнаў. Зайшлі ў капліцу Святаполк-Мірскіх.

6 лістапада, у апошні дзень лагернай змены, прайшоў турыстычны квэст “Лелюкінскія лабірынты”, фестываль патрыятычнай песні “Люблю цябе, Белая Русь!”, валанцёрская акцыя “Дом без адзіноты”, адкрыты дыялог “Выдатнікам ты можаш і не быць, а патрыётам быць абавязаны”. Завяршыў сваю работу аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Патрыёт” урачыстай лінейкай “Жыць — Радзіме служыць!”.

Дзейнасць аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем немагчымая без зладжанай і добра арганізаванай работы ўсіх структур. Хочацца падзякаваць спецыялістам аддзела адукацыі Іўеўскага райвыканкама, райЦГЭ, Іўеўскай ЦРБ, сектара культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Лелюкі, музея “Замкавы комплекс “Мір”, адміністрацыю Лелюкінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, усіх, хто браў удзел у арганізацыі і рабоце лагера. Спадзяёмся, дні, праведзеныя ў восеньскім прышкольным лагеры “Патрыёт”, запомняцца надоўга незабыўнымі ўражаннямі, карыснымі справамі.

Вольга БАЛАНОВІЧ,
дырэктар лагера “Патрыёт”
Лелюкінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *