Лэпбук — дзецям сябар

Лэпбук — новы сродак навучання — выдатна дапамагае паўтараць і замацоўваць матэрыял.

Дзяўчынкі нашай школы, якія наведвалі факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, змайстравалі лэпбук “Лета чырвонае — пара цудоўная!” і вырашылі ў сваёй працы з дзецьмі з аздараўленчага лагера “Мара” і выхаванцамі Нягневіцкага цэтра дзіцячага развіцця выкарыстаць новы метадычны дапаможнік, зроблены сваімі рукамі.

У невялікай кніжцы цікава расказана, як можна правесці вольны час: змешчаны загадкі і рэбусы, рухомыя гульні і іх апісанне, а таксама вершы пра лета беларускіх і рускіх паэтаў, прыкметы лета. Адзін з раздзелаў лэпбука прысвечаны тэме бяспекі ў час летніх канікулаў і адпачынку.

Працуючы з інтэрактыўнай кнігай, дзеці актыўна ўзаемадзейнічалі са сваімі старэйшымі сябрамі, праяўлялі ініцыятыву і самастойнасць у розных відах дзейнасці — гульнявой, камунікатыўнай, выяўленчай, развівалі гаворку, памяць, дапытлівасць.

Лэпбук, выкананы ў выглядзе кніжкі-гармоніка, на разваротах якой прадстаўлены гульнявы і пазнавальны матэрыял, стаў для дзяцей сябрам.

Таццяна НАГОРНАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.