Лепш адзін раз пабачыць…

На Віцебшчыне стартаваў абласны агляд інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі. Урачыстае адкрыццё выстаў у рамках агляду з удзелам старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Цярэнцьева і начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрыя Хомы адбылося 9 сакавіка.

У экспазіцыях, размешчаных на пляцоўках Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа і Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, прадстаўлена 1212 экспанатаў. Іх аўтарамі з’яўляюцца больш як 750 навучэнцаў і 300 работнікаў з 33 устаноў ПТА і ССА і 8 устаноў дадатковай адукацыі рэгіёна. Абласны агляд прадугледжвае прамежкавыя конкурсы, арганізаваныя з мэтай далучэння навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі да тэхнічнай творчасці, вынаходніцтва і рацыяналізатарства, выяўлення і падтрымкі таленавітай і адоранай моладзі: “Свет адкрыццяў”, “Эканомія энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў”, конкурс на лепшы тэхнічны сродак навучання, конкурс на лепшую экспазіцыю рэспуб­ліканскай выставы “Вынаходніцтва і рацыяналізатарства ва ўстановах адукацыі”. Ацэнка экспанатаў будзе праведзена па 24 намінацыях, у ліку якіх — “Дызайнерскія распрацоўкі”, “Мэбля”, “Арт-аб’ект”, “Садова-паркавы дызайн”, “Робататэхніка”, “Энергетыка і энергазберагальныя тэхналогіі”, “Займальная навука”, “Вытворчыя тэхналогіі”. Лепшыя работы прымуць удзел у заключным этапе Рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі, а таксама пастаянна дзеючай выставе на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка ў Мінску.

— Прыемна, што на рэспубліканскім аглядзе з году ў год мы ўтрымліваем лідарства, — адзначыў Уладзімір Цярэнцьеў. — Напрыклад, у мінулым годзе нашы ўстановы ПТА і ССА былі ўзнагароджаны 38 дыпломамі Міністэрства адукацыі (з іх 8 — І ступені, 10 — ІІ ступені, 20 — ІІІ ступені) — гэта найбольшая колькасць сярод абласцей. Ёсць цудоўная прыказка: “Лепш адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць”. Паглядзець сёння сапраўды ёсць на што і ёсць чаму павучыцца. Параўнаць, якімі здабыткамі кожны прырос за гэты год: здаровае спаборніцтва павінна быць. Дзякуй усім, хто прыклаў руку да агульнага выніку, хто сёння знаходзіцца тут, бо ўсе мы працуем для нашай Віцебшчыны, дзеля нашых дзяцей.

З выставамі можна азнаёміцца да 24 сакавіка, уваход свабодны.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.