Лепш адзін раз убачыць

- 11:26Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

У наш інфармацыйны век перадумова поспеху заключаецца ва ўменні здабываць інфармацыю з розных крыніц, прадстаўляць яе ў зразумелым выглядзе і ўмець эфектыўна выкарыстоўваць. Прыёмы візуалізацыі вучэбнай інфармацыі прыходзяць на дапамогу настаўнікам­філолагам.

— Сённяшнія дзеці слаба дэманструюць магчымасць структурна-лагічнага ўспрымання тэкстаў. Іх бачанне працуе павярхоўна, з разлікам на простыя паняцці і сэнсы. Дзеці выхопліваюць з вялікага аб’ёму інфармацыі веды, для атрымання якіх не трэба прыкладаць намаганняў, перагружаць сябе высвятленнем глыбіннай сутнасці, таму зніжаецца іх здольнасць аналітычна мысліць. З тэкстаў яны вылучаюць асобныя падзеі і вобразы, што хутка мяняюцца ў свядомасці, не выяўляючы сувязі. Гэта прыкметы кліпавага мыслення дзяцей, якое ў іх фарміруецца ў працэсе сацыяль­ных зносін, — адзначае настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 22 Мінска Вольга Сяліцкая.— Варта ўзяць пад увагу ідэю візуалізацыі вучэбнага матэрыялу, але не падмяніць яе паняццем нагляднасці: задача візуалізацыі— вобразнае прадстаўленне інфармацыі, выяўленне ўзаемасувязі паміж тэкстам і яго графічным адпаведнікам, а не пачуц­цёва-зрокавае ўспрыманне інфармацыі.

Разнастайныя па форме і змесце таб­ліцы — памочнікі настаўніцы ў рабоце з літа­ратуразнаўчымі і мастацкімі тэкстамі. Яны ­павышаюць эфектыўнасць успрымання інфармацыі, дазваляюць структураваць матэрыял, засяроджваюць увагу на галоўным, садзейнічаюць глыбокаму і трываламу яго засваенню праз самастойнае асэнсаванне зместу, дазваляюць праводзіць паралелі паміж рознымі з’явамі, паняццямі, вобразамі, садзейнічаюць сітуацыі поспеху для ўсіх вучняў. 

Калі ж выкарыстоўваюцца табліцы? Па-першае, пры актуалізацыі ведаў і іх папаўненні. У пачатку работы над раз­дзелам “Лірычныя жанры” ў 8 класе вучні працуюць над табліцай на аснове артыкула пад­ручніка: вызначаюць вядомыя (вершавая форма, рытм, рыфма і інш.) і новыя звесткі пра лірыку (пра паходжанне слова “лірыка”, пра тэматычны і жанравы падзел твораў). Па-другое, пры характарыстыцы літаратурнага персанажа. Пры вывучэнні твора Я.Баршчэўскага “Шляхціц Завальня” дзевяцікласнікі знаёмяцца з галоўным героем. Уяўленне пра пана Завальню фарміруецца праз таб­ліцу: настаўнік прапануе шэраг якасцей і рыс героя (замож­насць, любоў да прыроды, гасцін­насць і інш.), а вучням трэба сваімі словамі на аснове зместу твора даказаць іх наяўнасць і па­дабраць цытаты. Па-трэцяе, пры параўнанні герояў і вызначэнні іх ролі ў творы. Зразумець, што вобразы, створаныя А.Дударавым у драме “Вечар”, не столькі смешныя, колькі драматычныя, дазваляе табліца “Гастрыт і Мульцік — дзве ягады аднаго поля”, дзе вучні выяўляюць сутнасць мянушак герояў праз іх характары, акрэсліва­юць жыццёвыя правілы персанажаў, аналізу­юць паказальныя для іх фразы. Таксама праз выкарыстанне табліц навучэнцы вучацца ба­чыць важныя мастацкія сродкі і вызначаць іх ролю для раскрыцця ідэі твора, бачыць прычыны ўчынкаў герояў і ацэньваць іх.

Прыёмы візуалізацыі актыўна пры­мя­няе на занятках настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 45 Магілёва Вольга Лунькова. Павысіць матывацыю школьнікаў да навучання, развіваць іх аналітычныя здоль­насці дазваляе прыём “Воблака слоў”. Любы тэкст  з дапамогай спецыяльных праграмных сродкаў ператвараецца ў воблака слоў, якое можна выкарыстоўваць як дыдак­тычны матэрыял на ўроках пры фармулёўцы тэмы, падчас работы з тэарэтычным матэрыялам (сфармулюй правіла, выкарыстаўшы воблака слоў; знайдзі памылкі ў азначэнні; раскажы пра знакі прыпынку ў пэўным сказе; знайдзі лішняе; складзі сказ і г.д.); пры выкладанні новага матэрыялу; для асэнсавання вывучаных паняццяў на этапе абагульнення тэмы ўрока, пры замацаванні ці кантролі ведаў. 

Яшчэ адзін цікавы і даступны сродак ві­зуалізацыі інфармацыі — “Стужка часу” — часавая шкала, прамы адрэзак, на якім у храналагічнай паслядоўнасці наносяцца падзеі. “Стужку часу” педагог пры­мяняе на ўроках літаратуры пры рабоце з біяграфіяй ці творчасцю пісьменніка, пры характарыстыцы гістарычных пра­цэсаў, звязаных з літаратурай. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць нанізваць на “Стужку часу” не толькі тэкст, але і выявы, відэа, гук.  

У захапленні вучні і ад такога сродку візуалізацыі інфармацыі, як кросенс, што азначае “перасячэнне сэнсаў”. Ён скла­даецца з дзевяці малюнкаў, замкнёных у стандартнае поле, як для гульні ў кры­жы­кі-нулікі. Кожная выява звязана з папярэдняй і наступнай па сэнсе. Задача: скласці асацыятыўны ланцужок пры да­памозе ўзаемасувязі выяў.

— Візуалізацыя ажыўляе ўрокі беларускай мовы і літаратуры. Вучні лепш засвойваюць матэрыял, пашыраюць кругагляд, павышаецца цікавасць да вывучэння прадмета, што ў сваю чаргу пазітыўна адлюстроўваецца на якасці адукацыйнага працэсу, — падкрэслівае педагог.

Даспадобы прыйшоўся выхаванцам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 223 Мінска імя І.Сол­тыса Іны Макарэвіч скетч­ноўтынг (з англійскай мовы “запіс малюн­камі”). Скетчы— ілюстраваныя нататкі з персанажамі, цытатамі, тэорыяй, кірункамі-стрэлкамі і іншымі элементамі, якія дапамага­юць структураваць, запамінаць і асэнсоўваць інфармацыю.

Вучнямі былі створаны скетчы па творах У.Ліпскага “Ад роду — да народу”, І.Грамовіча “Воблакі”, К.Чорнага “Насцечка”, Л.Случаніна “Рагнеда”, І.Пташнікава “Алені”, Я.Маўра “Багіра” і інш.

— Вучні праявілі сябе па-рознаму: хтосьці больш увагі ўдзяліў малюнкам, хтосьці — цытатам, хтосьці — запісам тэорыі і звестак пра пісьменніка, — заўважае настаўніца. — Лісты для скетчаў маглі быць рознымі па памеры, колеры, афармленні, часам гэта была проста старонка ў сшытку па беларускай літаратуры. Нехта ствараў рознакаляровыя вобразы, а нехта працаваў простым алоўкам ці ручкай. Кожны вучань быў уцягнуты ў працэс спасціжэння і стварэння новага, кожны выбіраў, запамінаў, аналізаваў, параўноўваў сваю работу з работай іншых. Спрабавалі ствараць скетчы і ў парах: нехта працуе над словам, а нехта — над вобразам. 

Выкарыстанне скетчноўтынгу на ўроках беларускай літаратуры прывяло да станоўчых змяненняў: усе вучні былі ўцягнуты ў адукацыйны працэс без прымусу, што дазволіла настаўніцы з поспехам праца­ваць над фарміраваннем станоўчых адносін дзяцей да школы і навучання.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.