Лепшае ад лепшых

- 11:40Навіны рэгіёнаў

У Нясвіжы прайшоў фестываль педагагічнага майстэрства “Лепшае ад лепшых” абласнога клуба педагагічных работнікаў “Флагман”. Разам з флагманцамі педагогі Нясвіжскага раёна гулялі ў лялькі, канструктар “Лега” і камп’ютарныя гульні, прымяралі рознакаляровыя капелюшы, глядзелі відэаролікі, спаборнічалі ў эстафетах. І падчас гэтых, на першы погляд, несур’ёзных заняткаў абсалютна сур’ёзна пераймалі вопыт.

Клуб “Флагман” аб’ядноўвае пераможцаў, лаўрэатаў і ўдзельнікаў конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Мінскай вобласці” розных гадоў. Сёлета клуб адзначае свой пяты дзень нараджэння. І за гэтыя гады клуб сапраўды стаў флагманам адукацыі ў вобласці. Сталі ўжо традыцыйнымі і заўсёды запатрабаванымі ў педагагічным асяроддзі выязныя метадычныя семінары, фестывалі педагагічнага майстэрства, падчас якіх члены клуба праводзяць адкрытыя ўрокі, майстар-класы, творчыя лабараторыі, круглыя сталы. За пяць гадоў абмен вопытам у такім фармаце здзяйсняўся з педагогамі Барысаўскага, Дзяржынскага, Клецкага, Лагойскага, Мінскага, Пухавіцкага, Стаўбцоўскага, Смалявіцкага, Уздзенскага, Чэрвеньскага раёнаў і Жодзіна. У рабоце выязных метадычных мерапрыемстваў прынялі ўдзел амаль 600 педагагічных работнікаў вобласці. “Мы заўсёды з задавальненнем прымаем удзел у такіх мерапрыемствах, — расказвае старшыня Савета клуба Іван Віктаравіч Якіменка, — бо, каб быць добрым настаўнікам, трэба пастаянна самаўдасканальвацца. Падчас нашых сустрэч з калегамі мы не толькі спрабуем нечаму іх навучыць, але і самі вучымся. Вопыт і веды — рэч унікальная, калі імі дзелішся, то ў цябе іх становіцца не менш, а больш”.
Фестываль для педагогаў, якія хочуць прадставіць свой педагагічны вопыт і навучыцца новаму, для тых, хто шукае аднадумцаў сярод калег, быў арганізаваны па ініцыятыве Нясвіжскага аддзела адукацыі, спорту і турызму і Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Фестываль педагагічнага майстэрства праводзіцца клубам другі раз. У Нясвіжы мерапрыемства прайшло пад дэвізам “Каб вучыць, трэба вучыцца!”. Павучыцца прыйшлі прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму, намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце, кіраўнікі метадычных аб’яднанняў, настаўнікі англійскай мовы, беларускай мовы і літаратуры, геаграфіі, гісторыі, пачатковых класаў, фізікі, фізічнай культуры і здароўя.
Члены клуба “Флагман” прадставілі панараму сваіх педагагічных ідэй калегам у фармаце майстар-класаў. Яны прапанавалі свае спосабы вырашэння найбольш актуальных праблем і пытанняў, якія паўстаюць сёння перад настаўнікам. Напрыклад, Віктар Эдуардавіч Жук, настаўнік сярэдняй школы № 11 Маладзечна, які сёлета стаў пераможцам конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, на майстар-класе падзяліўся, як актывізаваць пазнавальную дзейнасць вучняў, зацікавіць іх, уцягнуць у работу, зрабіць нераўнадушнымі да таго, што адбываецца на ўроку. Святлана Міхайлаўна Каляда, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 6 Жодзіна, прапанавала сваё вырашэнне праблемы апантанасці сучасных дзяцей разнастайнымі гаджэтамі. Як не весці барацьбу са смартфонамі і планшэтамі, а эфектыўна выкарыстоўваць на ўроку зацікаўленасць дзяцей сучаснымі тэхналогіямі, яна і прадэманстравала на сваім майстар-класе. Іван Віктаравіч Якіменка, настаўнік матэматыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна, скіраваў увагу на работу з маладымі педагогамі. Як дапамагчы маладому педагогу адаптавацца ў школе, стаць сапраўдным прафесіяналам і як потым гэтага прафесіянала ўтрымаць у сваёй установе адукацыі — сваім поглядам на гэтыя пралемы, метадамі іх вырашэння падзяліўся старшыня клуба “Флагман”. Не менш цікавай удзельнікам мерапрыемства падалася і праблема, якую ўзняла ў сваім выступленні Эла Мікалаеўна Якубоўская, настаўніца фізікі гімназіі № 1 Жодзіна, а менавіта “Крытэрыяльнае ацэньванне на ўроку”.
На майстар-класах педагогі змаглі папоўніць свае метадычныя скарбонкі новымі ведамі і ўменнямі. Напрыклад, Наталля Іванаўна Мінец, настаўніца пачатковых класаў Нагорнаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Клецкага раёна, прапануе на ўроках літаратуры пры рабоце над тэкстам выкарыстоўваць тэатралізацыю і легаканструяванне. Яна не толькі даказала, што гэта магчыма, але і паказала, як проста і эфектыўна працуе такі метад. Алена Чаславаўна Сяліцкая, настаўніца беларускай мовы гімназіі № 1 Дзяржынска, прэзентавала тактыку шасці капелюшоў і прадэманстравала, як эфектыўна яе прымяняць у рабоце з адоранымі вучнямі. Святлана Вітольдаўна Федарака, настаўніца геаграфіі гімназіі Валожына, абмяркоўвала з калегамі актыўныя і інтэрактыўныя метады навучання. Яна паказала, як можна па-новаму прымяняць агульнавядомыя метады, а таксама падзялілася з педагогамі аўтарскімі напрацоўкамі ў гэтым кірунку. Таццяна Леанідаўна Жук, настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 3 Вілейкі, прапанавала ўвазе калег метады і прыёмы развіцця хуткасных і каардынацыйных здольнасцей вучняў.
Удзел у конкурсе прафесійнага майстэрства — гэта не толькі каласальная адказнасць, але і магчымасць атрымаць новыя веды і ўменні, багаты вопыт. Вопыт, які можа быць карысным не толькі былым і будучым канкурсантам, але і любому настаўніку. Гэтым вопытам члены клуба з задавальненнем дзеляцца са сваімі калегамі і працягнуць гэтым займацца — на наступны год у флагманцаў ужо запланавана мноства мерапрыемстваў. Трэба адзначыць, што, нягледзячы на свой яшчэ даволі юны ўзрост, “Флагман” ужо заваяваў аўтарытэт у рэгіёнах. І калі першы час ініцыятарамі выязных мерапрыемстваў былі члены клуба, то зараз ужо самі раёны запрашаюць флагманцаў падзяліцца з імі сваім вопытам.
Падчас правядзення фестывалю ў склад клуба былі ўрачыста прыняты новыя члены — удзельнікі сёлетняга конкурсу “Настаўнік года”. Цяпер флагманцаў 35. Падчас цырымоніі прыняцця ў члены клуба педагогі ўрачыста прамовілі клятву, у якой абяцалі прыкладаць намаганні і веды для папулярызацыі педагагічнай прафесіі, умацоўваць магутнасць педагагічнай культуры і прафесіянальнай камунікацыі, авалодваць метадычнымі ведамі, — адным словам, быць сапраўдным флагманам адукацыі Міншчыны.

Дар’я РЭВА.