Лепшае навучанне — на ўласным прыкладзе

- 11:44Сацыяльны ракурс

У агульным вялікім караваі Віцебшчыны доля ўраджаю, сабранага на палетках вучэбных гаспадарак устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, складае 9300 тон збожжа.

Майстры вытворчага навучання Ульскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці імя Л.М.Даватара Ілья Давыдаў і Дзмітрый Маціеўскі.

Самы буйны намалот атрымалі ў Ульскім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельска­гаспадарчай вытворчасці імя Л.М.Даватара. У першай дэка­дзе жніўня дырэктар ліцэя Аляксандр Пашкевіч адзначаў: “Ура­джай чакаем плюс 800 тон да мінулагодняга, больш за 2,5 тысячы тон плануем сабраць”.

— Нас пяцёра на камбайнах, столькі ж адвозіць зерне, некалькі чалавек занятыя на прыёмцы зерня, зернясушцы (сушылка функ­цыя­нуе ў аўтаматычным рэжыме), — падчас кароткага перапынку ў рабоце расказаў майстар вытворчага навучання Дзмітрый Маціеўскі. — У ліпені дажджы не давалі працаваць, а тут нарэшце ўсталявалася добрае над­вор’е, таму цяпер галоўнае яго не ўпусціць. Выходзім у поле з 6 раніцы, у залежнасці ад над­вор’я: расы няма — за справу, і так да 22–23 га­дзін вечара. Сам я працую ў ліцэі з 2010 года. Наш асноўны профіль — падрыхтоўка кадраў для сельскай гаспадаркі. Каму як не нам паказваць моладзі прыклад!

Ульскія палеткі шчодра аддзячылі сваім гаспадарам за клопат і працу: 2730 тон збожжа, што амаль на 1000 тон перавышае мінулагодні паказчык. Найбольшай урадлівасцю парадавала гібрыднае жыта, якое сёлета пасеялі ўпершыню: да 67,4 цэнтнераў з гектара дала гэтая перспектыўная сельгаспадарчая культура. Для земляў, дзе бал ворыва ледзь вышэйшы за 20, гэта вартае павагі дасягненне. Малады майстар  Ілья Давыдаў па выніках жніва ў вучэб­ных гаспадарках вобласці ўвайшоў у лік лідараў. На збожжаўборачным камбайне КЗС-1218 майстар намалаціў 780 тон. Важкі намалот і ў яго калегі з той жа ўстановы адукацыі Андрэя Цімошчанкі: 680 тон на збожжаўборачным камбайне КЗС-10к.

Сярод герояў жніва-2000 — майстар вытворчага навучання Коханаўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Арцём Малашкевіч. На збожжаўборачным камбайне КЗС-1218 ён намалаціў у вучэбнай гаспадарцы больш за 1100 тон збожжа, а ўсяго на палетках ліцэя сабралі каля 1356 тон. Яўген Пшонны, майстар вытворчага навучання Аршанскага дзяржаўнага аграр­­нага каледжа, на трактары Беларус-3522 і збожжаўборачным камбайне КЗС-1218 узараў 160 гектараў, намалаціў звыш 540 тон збожжа з плошчы 180 гектараў. Дарэчы, уклад гэтай вучэбнай гаспадаркі ў абласны каравай таксама немалы — каля 1216 тон збожжа.

Вынік майстра вытворчага навучання Дубровенскага дзяр­жаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Дзмітрыя Сушчэвіча на збожжаўборачным камбайне КЗС-1218 перавышае 640 тон збожжа. Слесар Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Аляксандр Васілеў­скі на трактары Беларус-3022 з пасяўным агрэгатам АПП-6Д і збожжаўборачным камбайне КЗС-10к пасеяў у вучэбнай гаспадарцы і сельгас­прадпрыем­ствах збожжавыя на 400 гектарах, убраў збожжавыя і крыжакветныя з плошчы 120 гектараў. Май­стар вытворчага навучання Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Алег Сіткевіч на збожжаўборачным камбайне КЗС-10к намалаціў 420 тон, майстар вытворчага навучання Полацкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Васіль Чумак на аўтамабілі ГАЗ-3507 перавёз ад камбайнаў звыш 580 тон збожжа. Старшы майстар Відзаўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага кале­джа Валерый Сініца на збожжаў­борачным камбайне КЗС-1218А1 намалаціў 400 тон збожжа і 75 тон рапсу. Майстар вытворчага навучання Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці Дзмітрый Ва­сількоў на збожжаўборачным камбайне КЗС-10к і трактары Беларус-3022 з культыватарам убраў збожжа з плошчы 80 гектараў і правёў культывацыю ворыва на плошчы 180 гектараў. Арцём Заяц, майстар вытворчага навучання Глыбоцкага дзяр­жаўнага ліцэя, на збожжа­ўборач­ным камбайне КЗС-10к намалаціў 620 тон збожжа з плошчы каля 200 гектараў, яго калега з Полацкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Вадзім Ласеня на збожжаўборачным камбайне КЗС-1218 — звыш 580 тон збожжа. Урачыстая цырымонія ўшанавання лепшых удзельнікаў жніва адбылася ў Віцебску ў рамках абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі-2020”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.